Каб гармоны былі ў гармоніі. На пытанні карэспандэнта «ЛВ» адказала ўрач-эндакрынолаг райбальніцы Вольга Барташэвіч

Пераацаніць ролю эндакрыннай сістэмы ў арганізме чалавека складана. Яна ўдзельнічае ва ўсіх працэсах, рэгулюе працу ўсіх органаў, можа ўплываць на самаадчуванне і настрой чалавека. Што такое гарманальны фон; калі трэба прыходзіць на абследаванне да эндакрынолага; як папоўніць арганізм ёдам, не прымяняючы лякарствы? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнта «ЛВ» адказала ўрач-эндакрынолаг райбальніцы Вольга Барташэвіч.

– Вольга Анатольеўна, скажыце, чым займаецца эндакрынолаг і як часта трэба яго наведваць?

– Урач-эндакрынолаг займаецца дыягностыкай, лячэннем і прафілактыкай захворванняў залоз унутранай сакрэцыі.
Звычайна на абследаванне да эндакрынолага накіроўвае тэрапеўт, грунтуючыся на аналізах, спадарожных захворваннях і іншых сімптомах. У гэтым выпадку на агляд трэба хадзіць строга па прызначэнні. Калі нічога не турбуе, рэкамендую рабіць УГД шчытападобнай залозы раз у пяць гадоў і рэгулярна правяраць узровень цукру ў крыві. Асабліва звярнуць увагу на здароўе эндакрыннай сістэмы раю жанчынам, якія плануюць цяжарнасць. У гэтым выпадку трэба зрабіць УГД шчытападобнай залозы і здаць кроў на гармоны.

– Якія сімптомы павінны насцярожыць і стаць сігналам, што час абследавацца ў эндакрынолага?

– Па-першае, гэта рэзкі набор вагі альбо наадварот пахудзенне. Сігналам могуць стаць пагаршэнне стану сардэчна-сасудзістай сістэмы, патлівасць, сухасць скуры, выпадзенне валасоў, санлівасць, агульная млявасць. Сімптомам сур’ёзнага захворвання можа стаць нават тое, што здаецца дробяззю. Напрыклад, цукровы дыябет II тыпу працякае на першых этапах без скаргаў, а калі фарміруюцца ўскладненні і чалавек звяртаецца да доктара, для яго можа стаць непрыемным сюрпрызам наяўнасць гэтай хваробы.

– Якое значэнне для арганізма мае шчытападобная залоза?

– Яна выпрацоўвае гармоны, якія ўздзейнічаюць практычна на ўсе клеткі нашага арганізма і забяспечваюць яго паўнацэнную жыццядзейнасць. Любы збой у рабоце гэтай залозы можа прывесці да захворванняў.

– А з-за чаго «хварэе» шчытападобная залоза?

– Калі гаварыць пра дзяцей і падлеткаў, то захвор-ванні ў іх звязаны з ёдным дэфіцытам. У дарослых часцей за ўсё сустракаюц-ца аўтаімунныя захворванні, вузлавыя формы валяка. У жанчын у перыяд менапаўзы развіваецца гіпатэрыёз, у пажылых людзей пачынаюць фарміравацца тырэатаксікоз, павышэнне функцыі шчытападобнай залозы.

– Вольга Анатольеўна, ці можна прадухіліць дэфіцыт ёду ў арганізме, не звяртаючыся да лякарстваў? І наогул, якія прадукты абавязкова трэба ўжываць, каб эндакрынная сістэма была ў парадку?

– У першую чаргу, выкарыстоўваць ёдаваную соль. Але карыстацца ёю трэба правільна: захоўваць у цёмным месцы, у закрытай ёмістасці (ёд можа выпарацца). Ежу лепш падсольваць у канцы прыгатавання. Гэта і будзе нялекавая прафілактыка ёдадэфіцыту.
Харчаванне павінна быць разнастайным і збалансаваным. Уключыце ў свой рацыён аранжавую і чырвоную агародніну, марскую капусту, рыбу, грэцкія арэхі.

– Часта можна пачуць словазлучэнне «гарманальны фон», але далёка не ўсе ўяўляюць што гэта такое.

– Гарманальны фон – гэта сукупнасць гармонаў, якія выпрацоўваюцца ўсімі залозамі ўнутранай сакрэ-цыі і ўплываюць на ўсе рэцэптары арганізма. Калі парушаецца выпрацоўка гармонаў, адбываецца збой гарманальнага фону. І вам трэба абавязкова звярнуцца да эндакрынолага.

– Некаторыя асцерагаюцца гарманальных лякарстваў, лічаць, што ў іх шмат пабочных эфектаў…

– Пабочныя эфекты ёсць у кожнага лякарства. Усё залежыць ад таго, наколькі правільна прэпарат падабраны, і як пацыент выконвае рэкамендацыі ўрача. Калі, напрыклад, прызначаны прэпарат трэба прымаць за паўгадзіны да прыёму ежы, а чалавек ігнаруе гэтыя рэкамендацыі. У гэтым выпадку гаварыць пра пабочныя эфекты лякарстваў няправільна.

– Як сцвярджаюць дыетолагі, некаторыя прадукты дапамагаюць выпрацоўваць «гармон шчасця». Ці ёсць такі?

– Ёсть, праўда не гармон, а нейрамедыятар сератанін, які паляпшае настрой. Калі яго не хапае ў арганізме, у чалавека можа развівацца дэпрэсія.

– Што трэба рабіць, каб максімальна доўга захоўваць здароўе эндакрыннай сістэмы?

– Здароўе, у тым ліку эндакрыннай сістэмы, трэба берагчы ззамалада. Весці здаровы лад жыцця, паўнацэнна харчавацца, адпачываць, старацца пазбягаць стрэсаў. Не перагружайце сябе: фізічныя нагрузкі павінны быць аптымальнымі для арганізма чалавека. Беражыце сябе і прыходзьце на агляд да эндакрынолага!

Гутарыла Ірына КУЗЬМІЧ.