Вуліца жадае святла. «ЛВ» вывучае цёмны бок вуліцы Арлоўскага

Бадай кожнаму з нас восенню-зімой не хапае сонца. Яно і зразумела: у сярэднім працягласць светлавога дня ў гэты перыяд складае ўсяго каля васьмі гадзін. На работу ідзём, як правіла, у прыцемках, з работы – таксама ў цемры. Менавіта зімой бачныя недахопы ў рабоце сістэмы асвятлення населеных пунктаў: у адным месцы ліхтары зіхацяць так, што можна знайсці іголку ў стозе сена, а ў іншым – не відаць, дзе пачынаецца тратуар.

Вуліца Арлоўскага – адна з ускраін райцэнтра. Менавіта праз яе ляжыць шлях да чыгуначнага вакзала, у прамысловую зону. Ліхтары тут проста адсутнічаюць. У выніку жыльцы бліжэйшых шматпавярховікаў, супрацоўнікі і выхаванцы дзіцячага сада, работнікі ўстаноў і арганізацый, якія размешчаны ў гэтай мясцовасці, у цёмны час сутак ходзяць у літаральным сэнсе навобмацак.

Вось меркаванне ляхавічанкі ў сацыяльных сетках: «Хто можа адказаць на пытанне, якое не раз ужо задавалі людзі? Раніцай ці вечарам пешаходам і веласіпедыстам па неасветленым (хоць вока выкалі) тратуары немагчыма ісці ці ехаць, не ствараючы адзін аднаму нязручнасці»…

Наступныя выказванні толькі пацвярджаюць: сітуацыю неабходна вырашаць.
– Жывём на Інтэрнацыянальнай вуліцы. З позняй восені да вясны вяду сваіх дзяўчынак у дзіцячы садок № 4 у прыцемках. Колькі разоў малыя пазбівалі калені, спатыкаючыся тут. Нічога ж не відаць, калі ідзеш ці па тратуары, ці па дарожцы, – гаворыць яшчэ адна жыхарка райцэнтра.

– Ішоў з работы на прыпынак гарадскога аўтобуса, нага трапіла ў ямку. Моцна падвярнуў, давялося ісці на бальнічны, – дзеліцца мужчына.
У адзін з нядаўніх дзён а палове 18 гадзіны карэспандэнт «ЛВ» прайшоўся па вуліцы Арлоўскага і на ўласныя вочы і ногі пераканаўся: праблемы ёсць.

Дрэннае асвятленне дарог і вуліц – гэта не толькі нязручна, а яшчэ і небяспечна: узрастае рызыка дарожна-транспартных зда-
рэнняў і аварыйных сітуацый, якіх можна было б пазбегнуць. Таму належнае асвятленне – задача першачарговай важнасці для тых
арганізацый, на чыім балансе знаходзіцца той ці іншы аб’ект. Пераважная большасць іх – зона адказнасці камунальнай службы.

– Праблемы з асвятленнем, дакладней, яго недахопам былі, як і тэлефонныя звароты са скаргамі ў дыспетчарскую службу і да кіраўніцтва ЖКГ. Шукалі шляхі вырашэння і знайшлі іх. Сёлета сітуацыя змянілася ў станоўчы бок. З сярэдзіны ліпеня па пачатак верасня амаль усе люмінесцэнтныя лямпачкі каля сямі соцень ліхтароў за кошт рэспубліканскага бюджэту заменены на святлодыёдныя, – гаворыць дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй
Чайкоўскі і дадае, што пасля такой мадэрнізацыі скаргаў ад ляхавічан на ўзровень вулічнага асвятлення не паступае. Калі ўсё ж звароты будуць, то па кожным з іх абавязкова выедуць спецыялісты, каб разабрацца ў сітуацыі.

Сапраўды, хто жыве ў цэнтры горада наўрад ці можа паскардзіцца на дрэннае асвятленне ў цёмны час сутак. Тут і да вулічнага
асвятлення, і да архітэк-турна-дэкаратыўнага пад-свечвання будынкаў і святочнай ілюмінацыі адносяцца сур’ёзна.

– На нашым прадпрыемстве працуе сістэма аўтаматызаванага кантролю, распрацаваны графік уключэння і выключэння вонкавага асвятлення. У 5 гадзін раніцы горад пераходзіць у рэжым поўнага асвятлення, і так да 8.45. Вечарам рэле спрацоўвае аўтаматычна: пасля 17 гадзін, калі пачынае цямнець. Усё прадугледжана, каб былі асветлены скрыжаванні, прыпыначныя пункты, пешаходныя пераходы, – расказвае галоўны энергетык камунгаса Дзяніс Буханаў.

Але вернемся да цёмнага боку вуліцы Арлоўскага. Аб’ект у падпарадкаванні РУП «Брэстаўтадар», дакладней, яго падраздзялення – Ляхавіцкага ДРБУ-200. Начальнік арганізацыі Ігар Пілінога адзначыў, што праблему ведаюць, аднак у свой час праекціроўшчыкі пры будаўніцтве дашкольнай установы… забыліся ўключыць вулічнае асвятленне на вуліцы Арлоўскага ў праект. Сітуацыю пачалі выпраўляць некалькі гадоў назад. Сіламі камунгаса ўстаноўлены і падключаны да сеткі спецыяльныя асвятляльныя таршэры каля дзіцячага садка № 4.

А што з астатняй часткай вуліцы? У аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама паведамілі, што ў 2015 годзе па вуліцы ўладкавалі пешаходныя дарожкі. Падрыхтаваны праект «Будаўніцтва вонкавага асвятлення па вуліцы Арлоўскага і святлафорнага аб’екта на скрыжаванні вуліц Леніна і Арлоўскага». Засталося толькі знайсці грошы.

А пакуль тым, хто раніцай ці вечарам ходзіць па вуліцы Арлоўскага, мусіць, варта запасціся кішэннымі ліхтарыкамі.

Галіна КАНЬКО.