Па прынцыпе тэрыторыі. На пытанні «ЛВ» адказаў галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч

Ва ўстановах аховы здароўя раёна за апошнія гады праведзена нямала пераўтварэнняў і новаўвядзенняў для больш якаснага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Тым не менш, нараканні і на ранішнія доўгія чэргі ў рэгістратуры, і на немагчымасць трапіць на прыём не да свайго ўчастковага, і на непаладкі ў сістэме анлайн-запісу даводзіцца час ад часу чуць. «ЛВ» паспрабаваў разабрацца ў сітуацыі і запрасіў пракаментаваць яе галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Георгія ХЛЯБОВІЧА.

– Ляхавіцкая ЦРБ першай на Брэстчыне поўнасцю ўкамплектавана ўрачамі агульнай практыкі. Ці ёсць перавага такой арганізацыі для наведвальнікаў паліклінікі?

– Прыём у паліклініцы вядзецца па тэрытарыяльным прынцыпе. Раён падзелены на 16 участкаў, восем з іх у сельскай мясцовасці. Яны замацаваны за ўрачэбнымі амбулаторыямі ўрача агульнай практыкі, у зоне абслугоўвання кожнай з іх – і фельчарска-акушэрскія пункты. Чатыры ФАПы (Альхоўскі, Малагарадзішчанскі, Конькаўскі і Русінавіцкі) знаходзяцца пад патранажам участкаў гарадской паліклінікі. Жыхары сельскай мясцовасці меддапамогу могуць атрымаць ва ўрачэбных амбулаторыях, дзе прыём вядуць урачы агульнай практыкі, якія адначасова сумяшчаюць функцыі тэрапеўта, акуліста, оталарынголага, неўролага, хірурга, акушэра-
гінеколага, педыятра. Пры неабходнасці кансультацыі вузкага спецыяліста ўрач сам запіша пацыента на прыём у райпаліклініку праз наладжаную сувязь усіх амбулаторый з лакальнай вылічальнай сеткай райпаліклінікі.

Усе ўрачы агульнай практыкі прайшлі спецыяльную перападрыхтоўку і валодаюць навыкамі па сумежных спецыяльнасцях, што дазваляе разгрузіць вузкіх спецыялістаў.

На кожным участку працуе зладжаная каманда ў складзе ўрача, памочніка ўрача і медыцынскай сястры агульнай практыкі. Са жніўня за кожным гарадскім участкам замацаваны свой кабінет, які працуе з 8 да 20 гадзін. Чалавек у абавязковым парадку атрымае дапамогу. Калі няма ўрача, першасны прыём правядзе яго памочнік ці медсястра: выслухаюць скаргі, памераюць ціск, тэмпературу, зробяць іншыя неабходныя маніпуляцыі – не трэба звяртацца ў даўрачэбны кабінет. Пры неабходнасці дадуць накіраванне на здачу аналізаў.

– Ці праблематычна трапіць на прыём да ўрачоў-педыятраў?

– Педыятрычная амбулаторная служба сёння – гэта пяць урачоў. Яны па графіку штодзённа, акрамя нядзелі, вядуць прыём маленькіх пацыентаў. Як і для дарослых, дзейнічае тэрытарыяльны прынцып: за кожным участкам замацаваны педыятр і медсястра. Таму звычайна талончык і выдаецца да свайго ўчастковага педыятра. Здараецца, бацькі ў рэгістратуры патрабуюць выдаць талон неадкладна да ўрача, які вядзе прыём тут і цяпер. Нярэдка гэта адбываецца на павышаных тонах. Любое пытанне можна і трэба вырашаць канструктыўна і цывілізавана. А бацькам  варта падумаць: ці лепш прыйсці да незнаёмага ўрача, ці таго, хто ўжо  ведае гісторыю хваробы дзіцяці.

– Георгій Яўгеньевіч, якім чынам, на ваш погляд, можна яшчэ павысіць даступнасць меддапамогі ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны?

– Адзін са спосабаў – укараненне інфармацыйных сістэм. Павялічваецца колькасць прыхільнікаў запісу на прыём праз інтэрнэт (у анлайн-сэрвісе www.tаlon.by). Па тэлефонах 6-39-04 і 6-39-03 можна запісацца на ўрачэбны прыём у рэгістратуры, у дзіцячай кансультацыі – 2-15-33, жаночай – 2-20-20. Падаўжэнне працоўнага дня спецыялістаў – яшчэ адзін крок для больш шырокай даступнасці меддапамогі: паліклініка працуе ў будні – з 8 да 20 гадзін, у суботу – з 8 да 15.
Калі па нейкіх прычынах талон на прыём не ўдалося атрымаць, без медыцынскай дапамогі пацыент не застанецца: неадкладная і экстранная дапамога аказваюцца па-за чаргой. У будні да 20 гадзін працуюць даўрачэбны кабінет аддзялення прафілактыкі, урачэбна-кансультацыйная камісія, жаночая кансультацыя, тэрапеўтычнае, педыятрычнае, стаматалагічнае аддзяленні паліклінікі, оталарынгалагічны кабінет, памочнікі ўрачоў.

Галіна КАНЬКО.