«Папулярызацыя нацыянальнай культуры сярод карыстальнікаў. Збор і захаванне матэрыялаў па беларускім народным касцюме» — пад такой назвай на базе Падлескага СДК прайшоў раённы семінар

Яго ўдзельнікамі сталі работнікі ўстаноў культуры Ляхавіччыны — бібліятэкары, дырэктары і мастацкія кіраўнікі СДК, загадчыкі сельскіх клубаў. На сустрэчу запрасілі таксама калег з Баранавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў.
Спецыяльна да семінара была арганізавана выстава літаратуры, а бібліёграф ЦБС Таццяна Арлоўская прапанавала тэматычны агляд навінак айчыннага друку. Пра беларускае народнае адзенне як крыніцу ідэй  пры стварэнні касцюмаў, пра сімволіку і тэкст у народным тэкстылі гаварыла дырэктар Ганцавіцкага Дома рамёстваў Марыя Муха, якая падзялілася з мясцовымі работнікамі культуры вопытам сваёй работы, знаходкамі і высновамі. Выступленне тым больш цікавае, што ўсё сказанае можна было адразу суаднесці з канкрэтнымі рэчамі на арганіза-ванай тут жа выставе народных касцюмаў, посцілак, ручнікоў і вышыванак, якія стваралі і ствараюць майстрыхі Ляхавіцкага краю.
Зацікавілі выступленні бібліятэкара Падлескай СБ Ларысы Глеб і мастацкага кіраўніка Падлескага СДК Ірыны Керка, якія пазнаёмілі ўдзельнікаў семінара з культурнай спадчынай падлескага рэгіёна, а дырэктар Падлескага СДК Вольга Якуніна прадставіла ўсім прысутным ляхавіцкі строй.
Дырэктар Гайнінецкага ДНТ Ніна Алёхнік і кіраўнік гуртка вышыўкі Дараўскага Дома рамёстваў Людміла Сярдзюк (у гэтых установах культуры займаюцца вырабам народных касцюмаў) прапанавалі сваё бачанне методыкі, перадачы наступным пакаленням набыткаў традыцыйнай культуры і народнай спадчыны.
Пра тое, якім чынам бібліятэкары абуджаюць у сваіх землякоў цікавасць да беларускай кнігі і краязнаўства, расказалі бібліятэкары Таццяна Зелянко (Ураджайнінская СБ) і Лада Вітко (Федзюкоўская СБ). Тэатральны калектыў Конькаўскага СДК пад кіраўніцтвам Тамары Морскай падрыхтаваў прэзентацыю кнігі «Міхаіл Пташук» у выглядзе пастаноўкі «Вехі жыцця».
Семінар завяршыўся канцэртнай праграмай «Песенная спадчына Падлесся», падрыхтаванай фальклорным гуртом Падлескага СДК.
Соф’я МАРЧЫК,
дырэктар раённага
метадычнага цэнтра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *