Падыход з улікам індывідуальнасці . У мінулы чацвер дэпутат Палаты прадстаўнікоў правяла першую прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян у Ляхавічах

Актыўнасць у вырашэнні пытанняў грамадзян, зацікаўленасць у разглядзе прапаноў і заўваг, рэзультатыўнасць сустрэч з насельніцтвам, індывідуальны падыход да кожнага чалавека і яго праблемы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык лічыць за аснову сваёй работы.

У мінулы чацвер Людміла Мікалаеўна правяла першую прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян у Ляхавічах. Чарговы раз такая зваротная сувязь паказала, што дзякуючы неабыякавасці насельніцтва, жаданню прадстаўнікоў улады дапамагчы разабрацца ў сітуацыі і знайсці правільнае рашэнне або прыйсці да кампрамісу, можна выявіць і фактычна адразу ж урэгуляваць шмат пытанняў.
На прамую лінію да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу патэлефанавалі тры жыхары Ляхавіцкага раёна.
Жыхар вёскі Галаўнінцы скардзіўся на дрэнныя ўмовы жылля, якія з-за яго інваліднасці ён не ў стане выправіць самастойна. На ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў не стаіць. Цікавіўся заяўнік і дастаўкай пячнога паліва. Аднак на пытанне дэпутата, ці звяртаўся грамадзянін за дапамогай у сельвыканкам або ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, адказаў адмоўна.
Як патлумачыла начальнік упраўлення Дзіяна Трысцень, грамадзяне, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, маюць права звярнуцца за атрыманнем аднаразовай матэрыяльнай дапамогі. Заявы і неабходныя дакументы прымаюць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Сёлета, супрацоўнікі сацыяльнай службы наведвалі і гэты галаўнінскі адрас. За-кранутыя падчас прамой лініі пытанні не ўзнімаліся.
Жыхарку вёскі Свяціца хвалявала пытанне добраўпарадкавання мясцовых могілак. Хутка работы па навядзенні чысціні дойдуць да гэтага адраса. Між іншым, камунальнікі там працуюць рэгулярна: падкошваюць траву, рамантуюць агароджу. Як паведамілі ў камунгасе, лічаныя дні – і там з’явіцца новая жалезабетонная ага- роджа.
Шэраг пытанняў датычыўся газіфікацыі раёна. Як паведамілі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, у перспектыве плануецца газіфікаваць аграгарадкі Жарабковічы і Нача. У чэрвені 2018 года прыродны газ быў пададзены ў аграгарадок Русінавічы. Сёння за кошт сродкаў насельніцтва распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па аб’екце «Газазабеспячэнне жылога фонду грамадзян аг. Русінавічы і в. Гаслаўшчына Ляхавіцкага раёна». Дакументацыя па аб’екце перададзена ў ДРУП «Дзяржбудэкспертыза» па Брэсцкай вобласці. Тэрмін праходжання экспертызы і атрымання заключэння – 22 студзеня 2020 года.
Па інфармацыі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, спажывецкі кааператыў «Сучасны дом» падаў заяўку на ўдзел у конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Па выніках конкурсу спажывецкаму кааператыву выдзелены грашовыя сродкі на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі па аб’екце «Газазабеспячэнне жылога фонду в. Дайнякі, в. Тумашы, в. Карані Ляхавіцкага раёна».
Плануецца, што будаўніцтва аб’екта будзе ажыццёўлена ў 2020 годзе. У адпаведнасці з распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыяй па аб’екце прадугледжаны два пускавыя комплексы.
Будаўніцтва падводзячых газаправодаў, ШРП і вузлоў рэдуцыравання будзе ажыццёўлена за кошт уласных сродкаў УП «Брэстаблгаз». Будаўніцтва размеркавальных газаправодаў магчыма за кошт уласных сродкаў членаў кааператыва.
Падчас асабістага прыёму да дэпутата паступіла чатыры звароты. Сярод праблем, якія хвалююць ляхавічан, – будаўніцтва басейна. Пакуль гэта тэма застаецца адкрытай – праект ёсць, але паўстае сур’ёзнае пытанне з фінансаваннем.
– У кожнай канфліктнай сітуацыі свая гісторыя, а значыць свой індывідуальны падыход да вырашэння. Дзякуючы кожнаму тэлефоннаму званку, кожнаму грамадзяніну, які звярнуўся асабіста, улада разумее, у якім напрамку рухацца, што патрабуе дапрацоўкі і ўвагі, – адзначае Людміла Жалнерчык.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.