Эканоміць з розумам будуць у Год беражлівасці на Ляхавіччыне

2013 год у Беларусі — Год беражлівасці. Каб паспяхова развівацца, неабходна захоўваць і прымнажаць тое, што ёсць. Гэта датычыцца як матэрыяльных, так і духоўных каштоўнасцей. Што і як плануюць ажыццявіць у гэтым накірунку нашы землякі, каб застацца ў выйгрышы? Сваімі планамі і меркаваннямі дзеляцца некаторыя з іх.

Ірына СТРАМАВУС, намеснік начальніка райсельгасхарчу:
Як эканаміст упэўнена: Год беражлівасці дапаможа многім стаць больш ашчаднымі і рацыянальнымі, падштурхне да пошуку і раскрыцця рэзерваў. Удасканальваць вытворчасць, паляпшаць якасць прадукцыі і паслуг можна і трэба за кошт аптымізацыі расходаў, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, вы-ключэння неабгрунтаваных страт. Гэтаму садзей-нічаюць мадэрнізацыя вытворчасці, укараненне новых тэхналогій і перспектыўных спосабаў гаспадарання. У кожнага працаўніка неабходна выхоўваць гаспадарлівасць, ашчаднасць, беражлівасць не толькі да ўласнага, але і да агульнага.
Што датычыцца паўсядзённага жыцця, то, на маю думку, беражлівасць — гэта эфектыўнае выкарыстанне таго, што маеш, чаго дасягнуў, і прымнажэнне ўсяго гэтага. 
Марыя ПЯТКЕВІЧ, прыёмная маці:
У нашай вялікай сям’і (а ў ёй выхоўваюцца сямёра дзяцей) задумак па эканоміі і беражлівасці нямала. У першую чаргу, плануем замяніць газавы кацёл на больш сучасны і эканамічны, што дазволіць зменшыць расход паліва. А вось воданагравальнае абста-ляванне, хутчэй за ўсё, пакінем тое, што ёсць — яно сучаснае і эканамічнае. Летась замянілі старыя вокны на новыя, сёлета ўцеплім падлогу на першым паверсе дома. Што датычыцца эканоміі сямейнага бюджэту, то тут самая надзейная крыніца падтрымкі — прысядзібны ўчастак, дзе вырошчваем агародніну, якой хапае і для вітамінных салатаў, пачынаючы з вясны да позняй восені, і на кансервы, саленні, марынады. А яблыкі з уласнага саду захоўваюцца штогод да сакавіка.
Наша сям’я ўдзячная за дапамогу і падтрымку, якую штогод аказваюць і раённая ўлада, і аддзел адукацыі, і проста неабыякавыя людзі, у прыватнасці, ДП «Нача», якое дапамагае сельгаспрадукцыяй.
2013 год важны і ў плане вучобы і атрымання далейшай адукацыі — у нас ажно 4 выпускнікі. На адукацыі, як і на здароўі, эканоміць не будзем.
Таццяна УСЦЮШКОВА, урач-валеолаг райбальніцы:
Як урач лічу, што кожны чалавек павінен уважліва і беражліва ставіцца да свайго здароўя і здароўя сваіх блізкіх. Любую хваробу лягчэй і танней папярэдзіць, чым потым лячыць. Таму, шаноўныя землякі, не забывайце своечасова звяртацца за медыцынскай дапамогай і хаця б раз у год, нават калі вас нічога не непакоіць, праходзіць дыспансерызацыю. А калі усё ж здароўе дае збой, паспяшайцеся да ўрача і дакладна выконвайце яго рэкамендацыі. Не лячыцеся па парадах суседак ці сяброў. І яшчэ адна акалічнасць: паважайце, беражыце і шануйце тых, хто побач.
Зоя ГАТОЎЧЫЦ, кандыдат у майстры спорту па лёгкай атлетыцы.
Кожны чалавек павінен быць ашчадным і беражлівым заўсёды, а не ад выпадку да выпадку. Напрыклад, у паўсядзённае жыццё кожнага з нас трывала ўвайшлі электрабытавыя прыборы, узяць хаця б электрачайнік. А вось эканамічна выгадней карыстацца звычайным чайнікам і кіпяціць у ім ваду на газавай пліце.
На здароўі, занятках спортам і здаровым ладзе жыцця эканоміць нельга. Паверце, ранішняя зарадка і хоць невялікая штодзённая пры любым надвор’і пешая прагулка дадуць магчымасць зэканоміць у будучым на дарагіх лякарствах. А зімой сапраўднае задавальненне — праехацца на лыжах ці пакатацца на каньках, якія можна без праблем узяць напракат у ДЮСШ. 
Людміла БАРОДКА, дырэктар Свяціцкай СШ:
Як грамадзянін, як дырэктар навучальнай установы абавязкова буду беражліва і эканомна адносіцца да выкарыстання цеплавой і электрычнай энергіі, вады.
Вельмі важным лічу рацыянальнае стаўленне да прыродных рэсурсаў. Мы не маем права наносіць прыродзе шкоду, а, наадварот, абавязаны прымнажаць яе багацці. І не толькі не забруджваць лясы, рэкі, лугі, палеткі, але і наводзіць паўсюдна парадак. У любы час, і ў Год беражлівасці асабліва. Па-гаспадарску эканомна трэба ставіцца да фінансаў. Таму як кіраўнік буду размяркоўваць бюджэтныя грошы строга па прызначэнні.

Галіна КАНЬКО.

фота з сайта  http://www.krasotulya.ru/

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *