Нягледзячы на надвор’е, аматары рыбнай лоўлі спяшаюцца на воднае паляванне

Гавораць, што рыбак — гэта дыягназ. Той, хто сярод сваіх знаёмых, родных ці блізкіх мае аматараў рыбнай лоўлі, перакананы: рыбакі — асаблівыя людзі, апантаныя сваім захапленнем. Нягледзячы на дождж і спякоту, мароз і моцны вецер, яны спяшаюцца да рэк, азёр, сажалак на сваё воднае паляванне.
Зборы на рыбалку — цэлы рытуал. Трэба назапасіць і падкормку для рыбы, і нажыўку (у ход ідзе ўсё — ад ячных круп да розных чарвячкоў і жучкоў). Прычым, часам захоўваюцца яны на самым ганаровым месцы ў халадзільніку — побач з прадуктамі для сямейнага абеду… А яшчэ пастаянныя «гульні з лёскай» — размотванне-змотванне, набыццё спецыяльнай амуніцыі і прылад. А колькі месца яны займаюць! Нехта скажа: усё гэта дробязі ў параўнанні са шчодрым уловам. Яно, канешне, так, але ж не заўсёды рыбак вяртаецца дамоў са свежай рыбкай. Іншы раз прыходзіць і з пустымі рукамі. Гэтым рыбная лоўля падобная на латарэю — шанцуе не кожнаму.
А вось чаму можна пазайздросціць у рыбацкім жыцці, дык гэта цікавым гісторыям і байкам — шматлікім анекдотам пра рыбакоў. Вось, напрыклад, некаторыя.
— Суседка, нешта ваш муж вельмі схуднеў. Ён не захварэў часам?
— Не, проста ён кожны дзень ходзіць на рыбалку.
— Таму худзее?
— Канешне, бо ён харчуецца толькі тым, што зловіць.

Муж раніцай збіраецца на рыбалку. Жонка пацікавілася, куды гэта ён, і гаворыць:
— Ну добра, прынясі шчупака, кілаграм карасёў, батон і літр малака.

Размаўляюць два рыбакі:
— Я аднойчы такую рыбу злавіў, што нават не хапіла шкалы вагаў, каб яе ўзважыць.
— А я злавіў такую, што толькі адзін яе фотаздымак заважыў 2 кілаграмы.

Ну што, дочкі мае, прывезці вам з рыбалкі?
— Бацька, калі ты з рыбалкі хоць што-небудзь прывозіў? Цябе прывязуць, і тое добра.

А цяпер байкі

Музыка ў палонцы
Марозны дзень. Сталы рыбак са стажам паціхеньку прасвідраваў дзірку ў лёдзе, прымасціўся побач, закінуў нажыўку на лёсцы і прыціх… І тут раптам зайграла музыка. Чалавеку аж нядобра стала: дажыўся, гукі чуюцца. Прыслухаўся. Цішыня. Праз некалькі хвілін зноў аднекуль данеслася мелодыя. Не на жарт разгублены рыбак паклікаў яшчэ аднаго, што сядзеў непадалёку. Маўляў, не зразумею: ці музыка, ці чуецца. А хутка і разгадка знайшлася. Музыка гучала з ледзяной вады, а гэтым часам з мабільным тэлефонам у руцэ па лёдзе бегаў яшчэ адзін рыбак. Як высветлілася, гэта ў яго выпаў у палонку тэлефон і пад лёдам праплыў некалькі метраў. Агульнымі намаганнямі мабільнік дасталі. Ён, дарэчы, працаваў.
Суседзі
Не сакрэт, што ў кожнага рыбака ёсць сваё любімае месца, дзе рыба клюе лепш за ўсё. Два сябры аблюбавалі адно ціхае мясцечка на рэчцы. Але рыбачылі яны не ўдвух, а ўтраіх. Трэцяй была… кошка. Яна прыходзіла з суседняй вёскі, садзілася каля рыбакоў і цярпліва чакала ўлову. Прычым, ніколі не прэтэндавала на першую рыбку, а вось другую і наступныя з’ядала з задавальненнем. Потым тут жа расцягвалася і задаволена мурлыкала свае песні. Такое сяброўства працягвалася не адзін месяц. Аднойчы рыбакі заўважылі нешта незразумелае: кошка адну рыбку з’есць, другую адкіне, а потым і ўвогуле знікне на нейкі час, каб пазней з’явіцца зноў. Разгадалі кошчыны паводзіны не адразу, а калі на рыбалку яна прыйшла з трыма кацянятамі. Яны гэтак жа ціхенька селі каля рыбакоў у радок і, як маці, згадзіліся ласавацца толькі пачынаючы з другой рыбкі. Выхаванне…
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
P.S. Напэўна, сярод чытачоў раёнкі ёсць прыхільнікі рыбнай лоўлі ці іншых відаў актыўнага адпачынку. Вы таксама можаце падзяліцца цікавымі гісторыямі. Калі ласка, пішыце і тэлефануйце ў рэдакцыю, або дасылайце на сайт «ЛВ».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *