Масленіцу віталі ў Ляхавічах

І гэта было супер! Узрушаныя і станоўчыя водгукі выказвалі многія, хто ў першы дзень вясны ўдзельнічаў у народным гулянні «Масленіца» ў Ляхавічах

БОЛЬШ ФОТА Ў РЭПАРТАЖЫ

Упершыню месцам сустрэчы вясны стаў не стадыён «Колас», а плошча Леніна. І, магчыма, гэтая акалічнасць паўплывала на колькасць жадаючых паўдзельнічаць у цудоўным сямейным свяце – людзей сабралася куды больш, чым звычайна. Арганізатары сваё слова стрымалі: усё атрымалася надзвычай цікава і весела.

Самадзейныя артысты з устаноў культуры раёна пастараліся: што ні выступленне – свая адметнасць. А касцюмы чаго вартыя! Сумаваць не даводзілася ні малому, ні сталаму: навокал песні, жарты, гульні. Загад быў аднолькавы для ўсіх: весяліцца! І гэта толькі частка тэатралізаванага прадстаўлення «Гуляй, народ, Масленіца ідзе!».
Дэфіле самаробных роставых лялек-Масленіц здзівіла і пакарыла гледачоў. Кожная з «прэтэндэнтак» дастойная перамогі. А ў ролях майстроў – работнікі Дамоў культуры, пазашкольных устаноў. Масленічнай каралевай стала лялька аўтарства педагогаў і выхаванцаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
– З інтарэсам узяліся за ідэю стварыць суперляльку. Разам прыдумвалі эскіз і ўвасаблялі яго ў жыццё. Масленіцу разам са мной майстравалі бібліятэкар Ларыса Глеб і тэхработнік Галіна Мацкевіч, – расказвае дырэктар Падлескага СДК Ірына Кярко.
А колькі жадаючых было «пакарыць» драўляны слуп, каб стаць уладальнікам прыза. Яны, дарэчы, усе былі паспяхова зняты са слупа.


Ляхавічане з азартам і інтарэсам адгукнуліся на прапанову арганізатараў паўдзельнічаць у конкурсе на самы вялікі, незвычайны масленічны блін, які неабходна было спячы дома загадзя і ў нядзелю прадставіць на суд і спробу журы. Лепшымі блінапёкамі прызнаны работнікі Вост-раўскага СДК, якія не толькі адмысловыя тэатралы, спевакі і жартаўнікі, але, як высветлілася, і добрыя кулінары.
– На стварэнне Масленіцы пайшло амаль 30 бліноў. Наўрад ці атрымалася зрабіць без дапамогі дачкі Алены і нявесткі Вольгі, сябровак-калег па СДК, – дзеліцца мастацкі кіраўнік Востраўскага СДК Валянціна Гаўрыльчык.
Хлебасольна, музычна, з гумарам сустракалі гасцей на сялянскіх падворках кожнага сельсавета.
Што ж за Масленіца без спальвання пудзіла зімы і гукання вясны!
Падчас выстаўкі-продажу сувенірнай прадукцыі чарговы раз парадавалі мясцовыя ўмельцы і заезджыя рамеснікі. «Смачнае» суправаджэнне арганізавалі Ляхавіцкае райпо і прыватныя міні-піцэрыі.
Да месца былі і акцыі, арганізаваныя раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і райбальніцай у межах акцыі «За бяспеку разам».
– Наша задача – расказаць землякам пра тое, як працуе хуткая дапамога, а таксама паказаць, як чалавек сам можа дапамагчы сабе і іншым пры надзвычайнай сітуацыі, – адзначыў загадчык аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ЦРБ Андрэй Пуцілаў.
Начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач не хавала эмоцый:
– Вельмі прыемна, што свята атрымалася. Стараліся стварыць настрой усім, хто зазірнуў на плошчу Леніна. Рады, бо ўдалося спалучыць народныя традыцыі з сучаснымі запытамі і забавамі. Зрабілі і высновы, каб наступныя гулянні сталі яшчэ больш масавымі і запамінальнымі.
Па традыцыі Масленічны тыдзень завяршыўся Даравальнай нядзеляй. У праваслаўных вернікаў у панядзелак пачаўся сямітыднёвы пост перад Вялікаднем.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ ФОТА Ў РЭПАРТАЖЫ