Апладысменты для маленькіх зорачак. У СШ №1 горада Ляхавічы прайшоў раённы фестываль дзіцячай творчасці ва ўстановах дашкольнай адукацыі «Маленькія зорачкі»

За сцэнай ідзе актыўная падрыхтоўка. Маленькія артысты са сваімі педагогамі і бацькамі даводзяць свае вобразы да дасканаласці: заплятаюць хвосцікі і касічкі, папраўляюць гальштукі і бабачкі…

У мінулы аўторак СШ №1 горада Ляхавічы прымала ў сябе раённы фестываль дзіцячай творчасці ва ўстановах да-школьнай адукацыі «Маленькія зорачкі».

Да падрыхтоўкі нумароў дашкаляты падышлі па-даросламу сур’ёзна, рэпетыравалі з выхавальнікамі не адзін дзень і нават перад самым выхадам да гледача нешта старанна паўтаралі. Касцюмы, танцы, прычоскі – усё прадумана да дробязяў…

Першая намінацыя, якая адкрыла фестываль, – «вакальная творчасць». Якія ж артыстычныя і таленавітыя рабяты выступалі на сцэне! Юныя дараванні спявалі пра мам і тат, распавядалі пра свае мары і захапленні. Наступнай намінацыяй, у якой дэманстравалі таленты юныя зорачкі, стала «чытанне вершаў, тэатралізацыя». Са сцэны гучалі вершы на рускай і беларускай мовах, разыгралася сцэнка «Мару стаць рэжысёрам».

Хто не любіць танцаваць? Маленькія зорачкі «запальвалі» пад папулярныя песні. Таксама на сцэну запрашаліся выкладчыкі, чые выхаванцы падрыхтавалі творчыя работы ў намінацыях «мастацтва» і «дэкаратыўна-прыкладное мастацтва».

У гэтым сузор’і талентаў цяжэй за ўсё давялося журы. Як выбраць самага-самага, калі ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі неверагодна таленавітыя і старанныя? Не кожны дарослы асмеліцца выйсці на сцэну, і не проста выйсці, а ўпэўнена трымацца на ёй.

Менавіта таму ніхто з юных талентаў не вярнуўся з фестывалю без граматы і падарунка. А яшчэ – без шчырых апладысментаў ад гледачоў.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Больш фота ТУТ.