Залік для дэпутатаў. У мінулую пятніцу ў Ляхавічах адбылася сямнаццатая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання

У мінулую пятніцу адбылася сямнаццатая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. На ёй разгледжана каля дзясятка пытанняў, што тычацца дзейнасці народных абраннікаў і розных аспектаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі ўручае ўзнагароду старшыні лепшага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандру Мацюшэнку.

Дзейнасць – публічная

Падчас справаздачы аб дзейнасці раённага Савета дэпутатаў у 2019 годзе, кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса падкрэсліў, што дзейнасць райсавета – публічная, а прыярытэтная форма работы мясцовых Саветаў – сесіі. Летась іх праведзена восем, на іх прынята 49 рашэнняў, з якіх 18 прайшлі абавязковую юрыдычную экспертызу.Сярод асноўных разгледжаных пытанняў – работа суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні правапарушэнняў; забеспячэнне бяспекі і занятасці непаўналетніх; выкананне мерапрыемстваў па сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў і пажылых грамадзян; рэалізацыя патрабаванняў Дэкрэта «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» і інш.
Па-ранейшаму на парадку дня – выязныя сесіі. У мінулым годзе такая прайшла на тэрыторыі Жарабковіцкага сельсавета.
Разнастайныя пытанні разглядаліся на пасяджэннях прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Вынікова працуюць чатыры пастаянныя камісіі, у 2019 годзе яны разгледзелі 24 пытанні.
Сярод найбольш эфектыўных формаў работы з насельніцтвам Леанід Калбаса назваў сельскія сходы, штомесячныя адзіныя дні інфармавання, прыёмы грамадзян, сустрэчы з выбаршчыкамі, прамыя тэлефонныя лініі.
У мінулым годзе ў райсавет паступіла 40 зваротаў грамадзян. Яны датычылі працаўладкавання, добраўпарадкавання населеных пунктаў, стану дарог, якасці паслуг ЖКГ, гандлёвага абслугоўвання, пенсійнага забеспячэння. Усе звароты разгледжаны.

Пра эканоміку і сацыяльную сферу

Аналізуючы вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляха-віччыны, кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна нагадаў, што 2019 год адзначыўся станоўчай дынамікай. У прыватнасці, выкананы асноў-ныя прагнозныя паказчыкі: па тэмпах росту экспарту тавараў і паслуг, арганізацыі працоўных месцаў за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, росце аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі. Разам з тым, раён адстае ў вытворчасці малака, і на вырашэнне гэтага пытання неабходна звярнуць самую сур’ёзную ўвагу.
Ішла размова і пра стан спраў у будаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, галіне аховы здароўя, адукацыі, культуры. Уздымалася тэма занятасці насельніцтва, працаўладкавання і ўзроўню беспрацоўя. Асаблівая ўвага – на бяспеку грамадзян. Тычыцца гэта і аховы правапарадку, і дарожна-транспартнай бяспекі, і сітуацыі з пажарамі, ёсць пытанні і па ахове працы.

Кола клопату сельскіх Саветаў

Пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку на тэрыторыі населеных пунтаў – на пастаянным і пільным кантролі мясцовых органаў улады, усіх зацікаўленых службаў і ведамстваў.
Падчас маніторынгу супрацоўнікі райЦГіЭ ў кожным трэцім выпадку выяўлялі пэўныя парушэнні: засмечанасць населеных пунктаў, вытворчых аб’ектаў, нездавальняючы стан кантэйнерных пляцовак для збору смецця, несвоечасовае скошванне расліннасці, несанкцыянаваныя сметнікі. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 68 службовых асоб.
Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў зроблена нямала ў плане навядзення парадку на тэрыторыі мемарыяльных комплексаў, месцаў пахавання, вакол помнікаў і інш.
Усе 65 могілак у Ляхавіцкім раёне перададзены на баланс камунгаса. Разам з тым, старшыні сельвыканкамаў па-ранейшаму сумесна з насельніцтвам працягваюць работу па іх добраўпарадкаванні. Асабліва актыўна ў гэтым накірунку працуюць Альхоўскі і Крывошынскі сельвыканкамы.
Прадаўжаюцца работы па зносе пустуючых і старых дамоў. У мінулым годзе ліквідавана 117 такіх пабудоў. Дарэчы, у 2019 годзе ў сельсаветах на работы па добраўпарадкаванні патрачана больш як 83,5 тысячы рублёў, на вулічнае асвятленне зрасходавана больш за 133,5 тысячы рублёў.
На сесіі разгледжаны і шэраг іншых пытанняў, прыняты адпаведныя рашэнні.

Узнагароды – лепшым

Прыемна-ўрачыстым момантам стала падвядзенне вынікаў раённага конкурсу сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў пераможцам стаў Навасёлкаўскі (старшыня Аляксандр Мацюшэнка). Лепшым старастам прызнана Валянціна Галота, у зоне яе ўвагі вёскі Каранеўшчына, Бажкі, Краглі. На другім і трэцім месцах яе калегі Вольга Морская (стараста вёсак Галавачы, Федзюкі, Чвыры, Зарэчча, Дрэкі) Конькаўскага сельсавета і Таццяна Русакевіч (стараста вёскі Свяціца) Крывошынскага. Дыпломы і грашовыя прэміі пераможцам уручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі.
– Канешне, ганарова што Навасёлкаўскі сельскі Савет дэпутатаў прызнаны лепшым. У гэтым заслуга ўсіх вяскоўцаў. Адзначу, што землякі займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, многія з гатоўнасцю адклікаюцца на грамадска значныя справы, у тым ліку па добраўпарадкаванні. Асноўныя памочнікі сельвыканкама – старасты. Раўненне на самых актыўных – Валянціну Галоту, Таццяну Пішч, Мікалая Піліневіча, – зазначае Аляксандр Мацюшэнка.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса сярод ініцыятыўных, аўтарытэтных, актыўных старастаў таксама выдзеліў Людмілу Шклянік (Жарабковіцкі сельсавет), Людмілу Сідорскую (Начаўскі), Валянціну Маслоўскую (Ганчароўскі), Ганну Ламанос (Востраўскі), Міхаіла Карповіча (Альхоўскі).
– Старасты – лідары сярод вяскоўцаў, яны сапраўды балеюць за сваю малую радзіму. Там, дзе стараста ўнікае ў пытанні землякоў, аператыўней вырашаюцца любыя праблемы. Насельніцтва ім давярае, да іх прыслухоўваюцца, – падкрэсліў Леанід Калбаса.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА.