Сустракаем вясну парадкам? «ЛВ» і санітарная служба правялі сумесны рэйд

Так пачынаецца вуліца Працоўная.

На жаль, не кожнае прадпрыемства ці арганізацыя раёна адкажа сцвярджальна. І гэта пацвердзіў сумесны рэйд «ЛВ» і санітарнай службы.

Зіма снегу пашкадавала, таму тых, хто прыбраўся мінулай восенню, а хто так і не здолеў гэта зрабіць, бачна не першы месяц. Але ж вясной хочацца абнаўлення і прыгажосці ва ўсім. Іх навядзенне мае на мэце і традыцыйны месячнік добраўпарадкавання, што аб’яўлены ў нашым раёне з 16 сакавіка.
Першай у поле зроку памочніка ўрача-гігіеніста райЦГіЭ Дануты Багдановіч і карэспандэнта «ЛВ» трапіла так званая прамысловая зона. Пераважная большасць прадпрыемстваў і арганізацый, якія знаходзяцца на вуліцах Працоўнай, Вакзальнай, Арлоўскага, навялі чысціню, добраўпарадкавалі тэрыторыю.

За агароджай тэрыторыя ПГВУП «Цвірко і К».

Клапоцяцца пра парадак і прыгажосць ля сваіх аб’ектаў работнікі РАНС, ДРБУ-200, райаграсэрвіса, ПМС. Тэрыторыя ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» увогуле ідэальная: кусты падстрыжаны, дрэвы высаджаны роўненька, дарожкі, нібы іх нядаўна памылі. Як заўжды, сустракае
гаспадарлівасцю ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт», пастараліся і іншыя прыватнікі. Ля дыягнастычнай станцыі ўладкаваны свежыя газоны. Па суседстве марафет на тэрыторыі і вакол навяло прыватнае прадпрыемства «ТМТ». Як і паабяцаў летась дырэктар ПВУП «Трансэлектрабуд», па перыметры наведзены парадак, будматэрыялы акуратна складзіраваны, вакол усталявана металічная агароджа. Няма пытанняў і прэтэнзій да тэрыторыі ПМК-13.
А вось калі паглядзець на супрацьлеглы бок – зусім іншы малюнак. У зарасніках шмат смецця, адназначна – даўнішняга. Аўтар «пейзажа» невядомы. Сапсаваў агульнае ўражанне ад вуліцы Працоўнай каркас старога аўтамабіля, які стаяў без нагляду. Першыя думкі – пра небяспеку, што хавае ў сабе безгаспадарнае аўто.
Радуе вока парк па вуліцы Вакзальнай. Усё ў парадку з парадкам і каля будынка былога гандлёвага цэнтра.
Летась «ЛВ» узгадваў амаль аварыйную сітуацыю на тэрыторыі, прылягаючай да ПГВУП «Цвірко і К».
І сёння падпоркі на тым жа месцы, агароджа можа вось-вось паваліцца.
Несанкцыянаваная звалка бытавога смецця ў паркавай зоне, аварыйны будынак былога інтэрната і шмат іншага беспарадку давялося ўбачыць на вуліцы Вакзальнай.
У якую пару года, у які час ні завітаеш на чыгуначны вакзал – нібы толькі ўчора зрабілі капітальны рамонт. А побач, праз вузкую палоску заасфальтаванай дарогі (за магазінам і базай райпо) – смецце, папера, бутэлькі, сухое галлё і ўсялякі бруд. Бачаць яго і тыя, хто ад’язджае з чыгуначнай станцыі «Ляхавічы» і прыязджае сюды.
Заехалі і ў новы гаражны кааператыў «Дамкрат-2011» па вуліцы Арлоўскага. Каля некаторых пабудоў будматэрыялы раскіданы і параслі хмызняком, каля іншых – горы смецця. Можа варта ўзяць прыклад у гаражнага кааператыва «Сігнал», што па вуліцы Першамайскай. Тут уладальнікі аўто добраўпарадкавалі тэрыторыю, паставілі агароджу, зрабілі іншыя зручнасці.
Дарэчы, як адзначыла Данута Багдановіч, напрыканцы лютага супрацоўнікі райЦГіЭ правялі маніторынг стану тэрыторый пяці гаражных кааператываў у райцэнтры. Для выпраўлення сітуацый былі накіраваны прадпісанні старшыням кааператываў. Ва ўказаныя тэрміны яны ўхілены, санслужба атрымала фотапацвярджэнне.

Каля МТФ «Мыслабаж».


Наступны аб’ект рэйда – МТФ «Мыслабаж» СВК «Ляхавіцкі» і дарога да фермы – падказаў тэлефонны званок у рэдакцыю. Людзі скардзіліся, што па разбітай бруднай дарозе нельга праехаць у вёску Мыслабаж. Дарожнікі ў асобе ДРБУ-200 разводзяць рукамі – рабіць падсыпку няма сэнсу, бо транспарт сельгаскааператыва пастаянна разбівае дарожнае пакрыццё. Апошнім часам сітуацыя змянілася ў лепшы бок.
Прыемна ўразілі станоўчыя пераўтварэнні, якія датычацца прыдарожных палос (у тым ліку і пры ўездзе ў райцэнтр з боку Русінавічаў), што ў зоне адказнасці ДРБУ-200 і камунгаса. Паміж пасадкамі дрэў усё ачышчана ад хмызняка, сухога галля.
І калі вышэйпералічанае датычыцца непасрэдна прадпрыемстваў, арганізацый ці гаражных кааператываў, то наступная зусім
непрывабная карціна «напісана» нашымі землякамі. На вуліцы Юбілейнай у Ляхавічах каля шматкватэрніка-новабудоўлі з’явіўся несанкцыянаваны сметнік. Мала прыемнага назіраць такі пейзаж, а яшчэ і санітарныя нормы, і правілы парушаюцца.
Яшчэ адзін прыклад безгаспадарчасці давялося ўбачыць днямі каля магазіна «Proзапас» у райцэнтры. Нехта выкінуў мяшок са смеццем пасярод пешаходнай дарожкі… Хіба не абраза для іншых?

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.