Какие на Ляховиччине имена самые популярные в марте

Плюс 18. Столькі нараджэнняў у першы вясенні месяц зарэгістравана на Ляхавіччыне, з іх у восем – райцэнтры. У сакавіку на свет з’явілася больш дзяўчынак (10), чым хлопчыкаў, расказала “ЛВ” начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік. Месяц адметны і нараджэннем двойні – Сафіі і Кіры – у маладой сям’і ляхавічан.
Тытул самай-самай сакавіцкай малышкі заваявала Сафія (не з двойні), якая нарадзілася вагой 4590 грамаў і даўжыней 59 сантыметраў.
Першынец зарэгістраваны ў шасці сем’ях, другое дзіця – у васьмі, па адным былі і трэцяе, чацвёртае, пятае і шостае. Сярэдні ўзрост мам 28 гадоў, татаў 33. Чатыры зямлячкі сталі мамамі ва ўзросце ад 35 да 40 гадоў, а чатыры мужчыны бацькоўскі статус атрымалі ў катэгорыі 40 плюс.
У топе сакавіцкіх імёнаў – Сафія. Называлі дзяўчынак таксама Кірай, Евай, Ясеніяй, Ксеніяй, Палінай, Юліяй, Аляксандрай. Сярод хлопчыкаў паўтарэнняў не было: Іван, Максім, Уладзіслаў, Данііл, Мікіта, Яўгеній, Багдан, Назар. А вось самым папулярным за тры месяцы года імем на Ляхавіччыне прызнана Максім, за ім – Канстанцін. Сярод дзяўчынак лідзіруюць усё так жа Сафіі, трохі адстаюць Кіра і Вікторыя. Усяго з пачатку года аддзел загс і сельвыканкамы выдалі пасведчанні  аб нараджэнні 17 хлопчыкаў і 21 дзяўчынкі.
Сакавік сціплы на шлюбы – пост. Таму марш Мендэльсона гучаў толькі для сямі пар – для шасці з іх у райцэнтры. Сярэдні ўзрост жаніха – 32 гады, нявесце 33. Знайсці сваю палавінку ніколі не позна – у сакавіку згулялі вяселле і 50- гадовыя маладыя.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.