Каб чатырохлапы сябар не стаў ворагам. Як вырашаецца праблема бяздомных жывёл у нашым горадзе

Некалькі месяцаў назад давялося стаць удзельніцай не самай прыемнай сітуацыі: ісці па адной з вуліц горада ў суправаджэнні «кампанiі» сабак. Іх у зграі было ці не з дзясятак, практычна ўсе з ашыйнікамі, мілыя і караткалапыя. Ніхто з прахожых увагі на іх, здаецца, не звяртаў, толькі саступалі дарогу. Ды і сабакі не выглядалі агрэсіўна… Да моманту, пакуль адзін з іх не пачаў гаўкаць, а ўслед за ім гучным брэхам не заліліся і астатнія. Дзяўчынкі, якія ішлі побач, спалохана схаваліся за мяне. У галаве была толькі адна думка: што рабіць, калі зграя вырашыць накінуцца…

Тады ўсё абышлося, але такія гісторыі часам чую і ад знаёмых: насустрач кінуўся сабака, напалохаў дзіця, бег з брэхам за машынай ці веласіпедам. А сабака не абавязкова быў бяздомны. Некаторыя нядбайныя гаспадары лічаць, што клопат пра гадаванца пачынаецца і заканчваецца на надзетым ашыйніку. А дзе жывёла самастойна выгульваецца, сілкуецца і як сябе паводзіць, іх зусім не турбуе.

І бяздомнымі жывёлы не становяцца самі па сабе: хтосьці стамляецца ад адказнасці, у кагосьці развіваецца алергія, нехта мяняе адрас жыхарства, а гадаванцу ў новым доме месца не знаходзіцца. У выніку – вуліца…

Сабака бывае куслівым…

Па даных раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у 2019 годзе пасля ўкусу жывёл у медыцынскія ўстановы звярнуліся 58 чалавек. З іх ад бадзяжных сабак пацярпелі сямёра, ад бяздомных катоў – трое.

Як расказаў галоўны дзяржаўны санурач раёна Віталій Ціханаў, усім пацярпелым былі прызначаны прафілактычныя прэпараты ад шаленства. Дарэчы, калі зацягнуць з лячэннем і своечасова не звярнуцца па медыцынскую дапамогу, усё можа скончыцца для чалавека трагічна.

У райЦГіЭ дадалі, што ў Ляхавіцкім раёне апошні выпадак шаленства ў жывёлы быў зарэгістраваны ў 2018 годзе, але гэта зусім не падстава дазваляць сваім муркам і шарыкам гуляць, дзе ім захочацца.

Акрамя гэтага, сабакі і каты могуць быць пераносчыкамі розных скурных захворванняў (напрыклад, лішая) і гельмінтаў.

Хто вінаваты і што рабіць?

Што ж рабіць з бяздомнымі (і не вельмі) сабакамі? З аднаго боку – людзей трэба абараняць. Некаторыя хвастатыя могуць паводзіць сябе непрадказальна, асабліва ў зграях.

Сяргей Купчынскі дзесяць гадоў трымае заагасцініцу ў Ляхавіцкім раёне. Каб лепей разумець сваіх чатырохлапых пастаяльцаў, адвучыўся ў Польшчы на дрэсіроўшчыка, таму добра ведае, як паводзіць сябе з братамі нашымі меншымі.

– Сабака напасці можа па розных прычынах: калі галодны, напалоханы. Зграя можа атакаваць, калі вы зайшлі на яе тэрыторыю. Калі сабака паводзіць сябе агрэсіўна, нельга гучна крычаць, адмахвацца, глядзець у вочы. І ні ў якім разе не ўцякайце. Паспрабуйце супакоіцца – жывёлы адчуваюць страх. Калі ў вас у руках сумка ці пакет, вазьміце іх перад сабой і, прыкрываючыся, як шчытом, акуратна адыходзьце, – раіць Сяргей Купчынскі.

Крайнія меры, якія прымяняюцца да бадзяжных сабак, – адстрэл. Такое рашэнне прымае выканкам. Як паведамілі ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», мерапрыемства праводзіцца ў будныя дні ў перыяд мінімальнай прысутнасці насельніцтва з выкарыстаннем спецыяльных
заспакаяльных прэпаратаў. У першую чаргу, адлоўліваюць вялікіх сабак, якія вядуць сябе агрэсіўна і могуць напасці на чалавека. Жывёл з ашыйнікамі і жэтонамі не чапаюць.

Магчыма, хтосьці абураецца, маўляў, так нельга, ёсць іншыя спосабы, больш гуманныя. Але тых, хто трапіў у статыстыку пацярпелых ад бадзяжных жывёл, разважанні пра гуманнасць не супакойваюць.

У адказе за тых, каго прыручылі

З другога боку – чатырохлапых вельмі шкада. Бо гэта не іх віна, што апынуліся на вуліцы.

Дарэчы, у пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 834 падрабязна прапісаны правілы ўтрымання да-машніх сабак і катоў.

Па-першае, уладальнікі сабак, катоў абавязаны строга выконваць санітарна-ветэрынарныя нормы і правілы іх утрымання, забяспечваць бяспеку людзей, не дапускаць забруджвання жывёламі агульнадаступных месцаў. Таксама яны павінны дастаўляць гадаванцаў у ветэрынарныя ўстановы для абследавання і прышчэпак супраць шаленства.

Дакладна прапісаны правілы выгулу: выводзіць сабак у месцы агульнага карыстання на кароткім ланцужку і ў намордніку, за выключэннем шчанюкоў ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 сантыметраў, якіх можна выводзіць на павадку без намордніка.

За парушэнне гаспадары могуць быць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Таксама, згодна з пастановай, сабак і кошак трэба рэгістраваць. У горадзе гэта можна зрабіць у камунгасе, жыхары вёскі павінны звярнуцца ў свой сельвыканкам. Зарэгістраваць гадаванца трэба на працягу трох дзён з моманту набыцця, ва ўзросце ад трох да трох з паловай месяцаў. Калі сабака патэнцыяльна небяспечнай пароды, яго зарэгіструюць толькі пасля таго, як гаспадар прад’явіць даведку аб праходжанні спецыяльнага навучання.

Пасля рэгістрацыі ўладальніку жывёлы выдадуць жэтон, які трэба павесіць на ашыйнік, і спецыяльнае пасведчанне. І не важна, ваш гадаванец будзе жыць у доме ці на вуліцы, зарэгістраваць яго трэба ў любым выпадку. Інакш можна панесці пакаранне.

Дарэчы, у 2019 годзе нашы землякі зарэгістравалі ў ЖКГ дзесяць жывёл: пяць катоў і пяць сабак.

Раяць ветэрынары

Ветэрынары нагадваюць: вельмі важна стэрылізаваць гадаванцаў, каб рэгуляваць іх колькасць, інакш бяздомныя жывёлы могуць стаць бедствам. Бо тое, што яны на вуліцы, – пытанне сумлення людзей.

Правесці аперацыю могуць ветурачы ляхавіцкай ветэрынарнай клінікі. Кошт аперацыі залежыць ад памеру і пароды сабакі.

Кожны, хто вырашыць завесці жывёлу, павінен памятаць пра тое, што гэта велізарная адказнасць. Таму рашэнне завесці гадаванца павінна быць абдуманым і ўзважаным.

Ірына КУЗЬМІЧ.