29 студзеня на Ляхавіччыне ўшаноўвалі памяць народнага артыста Беларусі, знакамітага беларускага рэжысёра — нашага земляка Міхаіла Пташука /фота/

Маршрут памяці пачаўся з малой радзімы Міхаіла Мікалаевіча — вёскі Федзюкі. Тут, ля дома, дзе прайшло дзяцінства таленавітага рэжысёра, адбыўся мітынг, прымеркаваны да 70-годдзя з дня яго нараджэння. Старшыня Конькаўскага сельвыканкама Раман Бубен, вучні Конькаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад-сярэдняя школа» прыгадалі творчыя дасягненні славутага земляка, заклікалі помніць чалавека, які сваімі кінастужкамі на ўвесь свет праславіў не толькі месца свайго нараджэння, але і ўсю рэспубліку. Сапраўды, Міхаіла Пташука ведалі не толькі ў Беларусі, Расіі, але і за мяжой. А апошняй яго работай наогул стала амерыканская стужка «Песня Ружы», знятая ў Галівудзе.

Панавала звонкая цішыня, калі айцец Іаан служыў малебен каля памятнага крыжа, устаноўленага на вуліцы Садовай у Федзюках, на мясцовых могілках, дзе пахаваны бацькі Міхаіла Пташука.
…Застаўшыся ўдавой у 26 гадоў, Марыя Сямёнаўна выхоўвала сына адна, штодзённа выконваючы нялёгкую сялянскую працу. І Міша пастаянна памятаў пра абавязак сына — дапамагаць. У працы, часам нястачы, але ў любві і дабрыні выхоўваўся Міхаіл.
Ушанаваўшы памяць бацькоў хвілінай маўчання, прысутныя накіраваліся ў Ляхавічы, дзе ўсклалі кветкі ля мемарыяльнай дошкі, устаноўленай на доме №1 па вуліцы М. Пташука.
Завяршальным акордам юбілейных мерапрыемстваў стаў вечар памяці рэжысёра «Чалавек, які хацеў жыць і тварыць». У гарадскім Доме культуры сабраліся прыхільнікі творчасці знакамітага рэжысёра.
— Міхаіл Мікалаевіч Пташук быў таленавітым, творчым, мудрым і цікавым чалавекам. Дзякуючы яму, мы ўбачылі жыццё ўсёй эпохі… Амаль 11 гадоў няма Міхаіла Пташука, але памяць пра яго мы будзем перадаваць з пакалення ў пакаленне, — адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, адкрываючы мерапрыемства.
Гартаючы кнігу жыцця вялікага Майстра, прыгадалі на памятным вечары яго не зусім просты творчы шлях, высакародныя справы, шматлікія ўзнагароды і званні, задумы, многім з якіх лёс не даў спраўдзіцца. А паказаны дакументальны фільм, зняты на студыі «Беларусьфільм», у які ўвайшлі ўрыўкі са знакамітых твораў кінарэжысёра, успаміны Міхаіла Мікалаевіча, — дазволіў прысутным бліжэй пазнаёміцца з сусветна вядомым земляком і яскрава адчуць яго прыродную адоранасць і неардынарнасць.
…Стала неяк тужліва і сумна ад таго, што было наканавана так мала пражыць таленавітаму і цудоўнаму чалавеку.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

3 thoughts on “29 студзеня на Ляхавіччыне ўшаноўвалі памяць народнага артыста Беларусі, знакамітага беларускага рэжысёра — нашага земляка Міхаіла Пташука /фота/

  • 02/02/2013 в 09:31
    Permalink

    Больные, натруженные руки матери и вселенская усталость…. До глубины души поразил реализм в документальном фильме Пташука. Талант. Бесспорный.

  • 03/02/2013 в 16:03
    Permalink

    Как хорошо, когда люди берегут свою культуру и историю!

  • 06/02/2013 в 12:46
    Permalink

    Хорошие фильмы снимал наш земляк! Правдивые, отражающие жизнь простых людей. Смотришь картину- и как будто вся история проходит перед глазами. На таких фильмах надо воспитавать сегодняшних школьников, формировать ценностные и духовные ориентиры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *