Ініцыятыва, памножаная на падтрымку. Ініцыятывы прадстаўніц Ляхавіцкага раёна перамаглі ў сацыяльным праекце

Калі ініцыятыву памножыць на працавітасць, дадаць крэатыўнасць і жаданне дасягнуць выніку – поспех забяспечаны. Гэты рэцэпт пацвярджаюць нашы зямлячкі – жыхарка Зубелевічаў Тамара Дарахлевіч і Вольга Саванчук з Падлаззя. Яны, як і яшчэ паўтысячы жанчын з Брэстчыны, прынялі ўдзел у новым сацыяльным праекце «Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве», які стартаваў у мінулым лістападзе, а фінішуе ў маі наступнага года. Рэалізуецца ён Беларускім грамадскім аб’яднаннем «Адпачынак у вёсцы» ў партнёрстве з Брэсцкім аблвыканкамам і накіраваны на развіццё самазанятасці жанчын, якія пражываюць у сельскай мясцовасці і невялікіх гарадах. Фінансуе праект дабрачынны фонд The Coca-Cola Foundation. Праграма навучання даволі насычаная: семінары, бізнес-трэнінгі, вэбінары.
Але пра ўсё па парадку.

Марожанае па-зубелевіцку

…Белка, Марта, Анфіса, Чарнушка, Венера і г. д. – кожны з «насельнікаў» асабістай падсобнай гаспадаркі Тамары і Генадзія Дарахлевічаў мае сваю мянушку і на яе адгукаецца.
У статку 22 малочныя рагулі (але толькі імі гаспадары не абмежаваліся).


Пачыналася захапленне Дарахлевічаў больш за два дзесяцігоддзі назад, калі родныя Генадзія і Тамары падарылі маладой сям’і па цялушцы.
Ці думалі гаспадары, што іх распарадак дня будзе залежаць ад графіка дойкі? Тады Тамара Аляксееўна ў адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна займала пасаду інжынера па ахове працы, а галава сям’і за два дзесяцігоддзі вадзіцельскага стажу ў РАНС заслужыў характарыстыку надзейнага і адказнага вадзіцеля.
Жыццёвыя абставіны падштурхнулі да стварэння асабістай падсобнай гаспадаркі – выбар заняткаў у вёсцы не адрозніваецца разнастайнасцю. Ведаў з уменнямі хапала – Тамара па адукацыі яшчэ і вучоны аграном. Жаданне працаваць на зямлі, мець справу, якая надае сэнс жыцця, – з вясковага дзяцінства: Генадзій з Зубелевічаў, Тамара з Зарытава. Яны на нагах з шасці раніцы і літаральна да паўночы: пакарміць, падаіць рагуль тры разы на дзень, падрыхтаваць малако для здачы
і г. д. – справы змяняюць адна другую. Штодзень дойны статак дае больш за дзве сотні літраў малака. Тамара Дарахлевіч падкрэслівае, што вельмі пашанцавала ім з малаказборшчыцай Валянцінай Раманавай – добразычлівай і добрасумленнай.
Дарахлевічы сеюць жыта і забяспечваюць сябе мукой і саломай. А яшчэ вырошчваюць бульбу розных сартоў. Кожны крок гаспадары ўзважваюць-прадумваюць. Каб не быць у мінусе, шчыраваць даводзіцца шмат. Але спраўляюцца і дзяцей сваіх далучылі да сямейнай справы. Дачка Юлія і сын Яўгеній з жаданнем дапамагаюць бацькам: ра-зумеюць, што разам можна многае.
Канешне, як і ў кожнай прыватнай справе не без праблем. Хочацца, каб плошча пашы была большай – тады і малако плюсуе; каб надвор’е не падводзіла; каб жаданні спраўджваліся…
Тамара Аляксееўна кожную ідэю раскладвае па паліцах. Сапраўдная бізнес-вуман: умее працаваць і ведае, як зрабіць справу рэнтабельнай, адкрыта для новага. У праекце «Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве» ўдзельнічала па прапанове ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама. Згадзілася і не пашкадавала.
Распрацавала праект бізнес-плана па вырабе малочных прадуктаў, сярод якіх марожанае і ёгурт. Прадставіла лічбы, шляхі развіцця падсобнай гаспадаркі, якія будуць садзейнічаць павышэнню надояў, якасці прадукцыі і забяс-печваць прыбытак. Стала адной з 50 прадпрымальных, чыя бізнес-ініцыятыва прызнана журы лепшай.
У якасці заахвочвання атрымала бізнес-падтрымку – маразільную скрыню для ахалоджвання малака і даільны агрэгат.
– Удзел у праекце прынёс рэчы, якія сталі добрым бонусам для развіцця сямейнай справы. Дзякуючы даільнаму агрэгату, адначасова можна даіць дзве каровы, і ўвесь працэс скараціўся недзе на паўгадзіны. Добра ахалоджвае малако маразільная скрыня, што вельмі актуальна ў цёплае надвор’е. Праект для мяне – гэта і новыя знаёмствы, веды. Цікава паслухаць, як ідуць справы ў калег. З задавальненнем паўдзельнічаю і ў наступных этапах праекта, – адзначае Тамара Дарахлевіч.

I like cheese!

Так пазначана ў сацсетцы на старонцы Вольгі Саванчук. І яна ведае пра сыр усё ці амаль усё.
Сям’я Саванчукоў у Падлаззі гадоў дзесяць. Да гэтага Вольга і Андрэй мелі баранавіцкую прапіску. Нарадзілася старэйшая дачушка Марыя, і сям’я дзеля дзіцяці пераехала ў вёску, у дом, дзе раней жыла Вользіна бабуля. На новым месцы абзавяліся гаспадаркай, пасадзілі сад. Сям’я павялічылася. Зараз ужо Марыйка і Ванечка дапамагаюць бацькам з аднагадовай Алёнкай. Галава сям’і – майстар на ўсе рукі. Калі Андрэй на працы, па гаспадарцы «дзяжурыць» Вольга. Яна спраўдзіла сваю мару – займаецца сыраварствам. Даводзілася пакаштаваць яе прадукцыю з малака чыстапародных коз – вельмі смачна. Сыр гаспадыня варыць з асаблівым настроем, укладвае ў яго душу.


Томі, шэўр, халумі, cabra al vino, альпійскі ў мядовай скарынцы з грэцкім арэхам і г. д. – сырны асартымент у выкананні Вольгі Саванчук уражвае. У традыцыйныя рэцэпты абавязкова дадае ўласны штрых. Яшчэ і хлеб выпякае. Каб дасягнуць сённяшняга ўмення пераўтвараць малако ў сыр, гаспадыні з Падлаззя давялося нямала пастарацца, паэксперыментаваць. Але яно таго вартае – зробленае сваімі рукамі заўсёды самае смачнае. У дамашняй прадукцыі маюцца і свае прыхільнікі. Планаў, звязаных з сырным натхненнем, у Вольгі шмат. Падтрымлівае іх уся сям’я. Каб малака было ўдосталь, трохі не хапае пашы. Таму адно з жаданняў Саванчукоў, каб козам, а ў іх кампаніі з’явілася і рагуля, было дзе пасвіцца-карміцца.


– «Падтрымка жанчын у фермерстве, агратурызме і рамесніцтве» дапамагла знайсці адказы на юрыдычныя, фінансавыя і іншыя пытанні ў рэалізацыі задумак, – падкрэслівае Вольга Саванчук. Праект яе бізнес-плана па вырабе сыру – «падлазенскага паўцвёрдага» – атрымаў пуцёўку ў жыццё. Перамога ў праекце дала магчымасць паверыць ва ўласныя сілы і набыць неабходнае абсталяванне: форму і прэс для сыру, шафу для захоўвання і выспявання сыру. Шафы гэтай не хапала для рэалізацыі шматлікіх ідэй гаспадыні.
Вольга чакае наступны трэнінг і заўважае, што ініцыятыўнасць, смеласць ісці наперад і не спыняцца ў дасягненні выніку здольны ўвасобіць у жыццё любую задуму.

Наталля ПЕРАПЕЧКА. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва сям’і Саванчукоў.