Колаў менш – небяспекі больш!

Цёплае надвор’е спрыяе актыўнай эксплуатацыі на дарогах мотатэхнікі. А значыць, узрастае магчымасць учынення аварый з удзелам матацыклістаў і скутэрыстаў. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што кожны трэці матацыкл у краіне зарэгістраваны ў Брэсцкай вобласці.
З пачатку гэтага года аварый з удзелам матацыклістаў на дарогах Ляхавіччыны не зарэгістравана. Але гэта зусім не падстава расслабляцца. За адзін дзень, 4 красавіка, на Брэстчыне адбыліся 2 аварыі з удзелам скутэраў, якімі кіравалі школьнікі. Наогул, па статыстыцы каля 15 працэнтаў ДТЗ адбываецца па віне матацыклістаў ва ўзросце 16-22 гадоў, якія часцяком кіруюць транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання і з грубымі парушэннямі правілаў эксплуатацыі. Хаця, варта нагадаць, сёння можна атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “А” без праходжання спецыяльнага курса навучання. Для гэтага асобам, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту, з медыцынскай даведкай неабходна звярнуцца ў МРЭА ДАІ Баранавіцкага ГАУС для здачы экзаменаў па ваджэнні і тэарэтычнага па правілах дарожнага руху. Тыя ж матацыклісты, якія будуць затрыманы за кіраванне транспартным сродкам без правоў, будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ад 175 да 700 тысяч рублёў, а пры паўторным на працягу года затрыманні – ад 700 да 1750 тысяч рублёў.
Напачатку сезона актыўнага карыстання матацыкламі, мапедамі і веласіпедамі АДАІ нагадвае іх уладальнікам аб неабходнасці выканання па-трабаванняў ПДР (у прыватнасці, пунктаў 153-156). Памятайце, што забараняецца выкарыстоўваць тэхнічна няспраўныя ці абсталяваныя з парушэннем тэхнічных патрабаванняў веласіпеды і мапеды; перамяшчацца, не трымаючыся за руль і не трымаючы ногі на педалях (падножках); перавозіць пасажыраў (за выключэннем дзяцей да 7 гадоў на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні); перавозіць буйнагабарытныя грузы. Без суправаджэння паўналетніх забаронена кіраваць веласіпедам дзецям да 14 гадоў (акрамя пешаходных і жылых зон, тратуараў, веласіпедных і пешаходных дарожак) і мапедам – да 16 гадоў (акрамя пешаходных і жылых зон). На мапедзе нельга ездзіць па тратуарах, веласіпедных і пешаходных дарожках. Забараняецца буксіроўка веласіпеда і веласіпедам (за выключэннем веласіпеднага прычэпа прамысловай вытворчасці).
Юрый МАЛЕВІЧ, начальнік АДАІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *