Новыя лясы – нашчадкам у спадчыну

На працягу сямі дзён, да 17 красавіка, ва ўсіх раёнах Беларусі будуць пасаджаны сотні тысяч дрэў – у лясах, скверах, на вуліцах, з’явяцца новыя алеі і зялёныя куточкі.
Рабочая група, якая створана і ў нашым раёне на чале з галоўным ляснічым Уладзімірам Загароўскім, ускладае вялікія надзеі на акцыю і на актыўны ўдзел у ёй нашых землякоў – не толькі работнікаў лясной гаспадаркі, але школьнікаў, навучэнцаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, моладзі, асабліва членаў БРСМ, калектываў арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў. Саджанцаў дастаткова, патрабуюцца толькі нераўнадушныя, зацікаўленыя аматары прыроды, якія маюць намер зрабіць ёй, а ў канчатковым выніку людзям, падарунак. У Востраве, напрыклад, будзе высаджвацца лістоўніца. Ёсць шмат іншых цікавых задум.
Але не толькі пасадкай дрэў абмяжоўваецца акцыя. На працягу гэтага тыдня школьнікам прапануецца пабываць з экскурсіямі ў лясніцтве, лясных гадавальніках, даведацца шмат новага пра прыроду і сваю ролю ў яе зберажэнні, усім – заняцца генеральнай уборкай і навесці на зямлі парадак, а таксама проста зірнуць добрымі вачыма – і ўбачыць тое бязмежнае багацце і той неверагодны цуд, якім адорвае чалавека прырода і якім яна з’яўляецца. Між іншым, любоў павінна быць узаемнай.
Калі вы, шаноўныя землякі, вырашылі не застацца ў баку ад Тыдня лесу-2010, вы зрабілі адзіна правільную выснову. Калі ласка, звяртайцеся ў лясгас па тэлефоне 2-45-74 – нашы спецыялісты зробяць вам шэраг цікавых прапаноў з нагоды і дапамогуць іх рэалізаваць.
Аляксандр ШЧАЎРОЎСКІ, намеснік дырэктара
лясгаса па ідэалагічнай рабоце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *