Сцэнарый правільнай прафілактыкі

Аб ухіленні парушэнняў заканадаўства па прафілактыцы крадзяжоў, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць, – такое пытанне стаяла на парадку дня апаратнай нарады ў райвыканкаме 19 кастрычніка.

Сёлета за восем месяцаў колькасць крадзяжоў павялічылася з 57 да 78 (на 36 працэнтаў у параўнанні з мінулагоднім перыядам). Каля 80 працэнтаў крадзяжоў учынілі тыя, хто не працуе і не вучыцца. Злачынствы ў асноўным на рахунку раней судзімых, а таксама асоб у стане алкагольнага ап’янення, паведаміў пракурор Ляхавіцкага раёна Сяргей Дзяжко.
Прычыны гэтай з’явы розныя, лічыць пракурор раёна. Гэта і нізкая агульная і прававая культура насельніцтва, ужыванне алкаголю, фінансавыя праблемы, нежаданне весці законапаслухмяны лад жыцця, і, канешне, асабістая няўважлівасць і бестурботнасць уласнікаў маёмасці, невыкананне правілаў па яе добраўпарадкаванні.
Адной з умоў, што садзейнічаюць учыненню крадзяжоў, па выніках аналізу, праведзенага пракуратурай раёна,
з’яўляецца недастатковая работа суб’ектаў прафілактыкі. У тым ліку гэта тычыцца і меншай колькасці выяўленых фактаў дробных крадзяжоў – 96 у мінулым годзе і 75 сёлета; зарэгістравана толькі 19 правапарушэнняў у сферы абароту алкагольнай прадукцыі (на 54 менш леташняга паказчыка).
Рост колькасці крадзяжоў зафіксаваны на тэрыторыі Крывошынскага (з 7 да 20) і Конькаўскага сельсаветаў (з 3 да 11), 13 фактаў зарэгістравана ў Ганчароўскім. Аб’ектамі інтарэсаў злодзеяў становяцца грошы і металалом. Прычым палова супрацьпраўных дзеянняў стала магчымай у выніку свабоднага доступу чужых асоб у памяшканні.
Так, напрыклад, вясной у адной з вёсак зламыснік залез у дом і вынес адтуль 360 рублёў, калі гаспадар пайшоў да суседзяў, а дзверы і калітку не замкнуў.
Пустуючыя домаўладанні, запушчаныя ўчасткі становяцца месцам прыцягнення злодзеяў. Напрыклад, адно з тыповых злачынстваў адбылося ў Шчаснавічах. Землекарыстальнік, якому дом дастаўся ў спадчыну (спадчыну не прымаў), прыязджаў туды зрэдку. У маі з дома выкрадзена швейная машынка коштам 100 рублёў. Тэрыторыя вакол збудавання зарасла травой, унутры памяшкання беспарадак. У пракуратуры лічаць, што кінуты стан сядзібы садзейнічаў учыненню злачынства. І такіх фактаў, калі гаспадар дома аб’яўляецца толькі пасля крадзяжу маёмасці, нямала.
З пачатку года супрацоўнікі РАУС неаднаразова выяўлялі парушэнні ў тэхнічным умацаванні аб’ектаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Існуюць недахопы і ў ахове збудаванняў. Згодна з прадстаўленнем пракуратуры, кіраўнікам неабходна ўхіліць гэтыя прабелы.
Пракурор раёна падрабязна спыніўся на прычынах і ўмовах, што садзейнічаюць супрацьпраўным дзеянням, і мерах, прапановах па выпраўленні сітуацыі.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Анастасія Рабцэвіч, якая вяла апаратную нараду, акцэнтавала ўвагу на неабходнасці вывучэння пытання па актывізацыі дзейнасці ў раёне добраахвотных дружын. Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый неабходна ўстанавіць на вытворчых аб’ектах сістэмы відэаназірання, арганізаваць умацаванне, рамонт ці будаўніцтва аб’ектаў з мэтай недапушчэння ў іх чужых асоб. Выпрацаваны і іншыя меры, накіраваныя на папярэджанне парушэнняў заканадаўства і іх ухіленне.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.