Факт-экспрэс-навіны Ляхавіччыны

З УЗНАГАРОДАЙ! Ганаровай граматай райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, працоўную і выканальніцкую дысцыпліну і ў сувязі з 30-годдзем працоўнай дзейнасці ў сістэме банкаўскіх паслуг узнагароджана спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг аперацыйнага аддзела ЦБП № 117 філіяла № 802 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. Ляхавічы Галіна ІВАНОВІЧ.
· НЕ ЗГАРЭЦЬ. Як расказаў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Равінскі, з 1 па 30 красавіка традыцыйна праходзіць месячнік пажарнай бяспекі. Яго асноўная мэта — папярэдзіць пажары па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, не дапусціць вясенніх палаў сухой травы.
На працягу красавіка супрацоўнікі РАНС, РАУС, сельвыканкамаў і іншых зацікаўленых службаў будуць праводзіць праверкі домаўладанняў шматдзетных сем’яў, пад увагу трапяць сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці да 14-гадовага ўзросту. Актывізуецца рэйдавая работа па папярэджанні выпальвання сухой расліннасці, узнікнення пажараў у лясах і на торфамасівах.
Калі вы заўважылі парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, стварэнне пагрозы ўнікнення надзвычайных сітуацый, тэлефануйце 2-11-02, 2-03-22 ці 101.
· НАШ УЧАСТКОВЫ. З 1 красавіка па 20 мая Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь праводзіць другі рэспубліканскі конкурс «Інспектар, які мне дапамог».
Як расказалі ва ўпраўленні аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама, прыняць удзел у конкурсе вельмі проста, і зрабіць гэта можа любы жадаючы. Пакіньце свой станоўчы водгук пра работу ўчастковых інспектараў міліцыі ці ўчастковых інспектараў па справах непаўналетніх па тэлефоне 8-0162-275313 або адпраўце па электроннай пошце uvdbrest@brest.by. Напісаць сваё меркаванне можна і на сайце www.uvd.brest.by.
· АРСЕНАЛ. Як паведаміў намеснік начальніка РАУС Сяргей Пажога, з 1 па 5 красавіка на тэрыторыі раёна праводзіцца асноўны этап спецыяльных аператыўна-прафілактычных комплексных мерапрыемстваў «Арсенал». Ён накіраваны на выяўленне злачынстваў і правапарушэнняў у сферы абароту зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, а таксама на адабранне і добраахвотную здачу зброі і боепрыпасаў, якія захоўваюцца незаконна. Акрамя таго, з 1 красавіка па 30 мая асаблівая ўвага праваахоўных органаў накіравана на выяўленне і спыненне фактаў браканьерства, у тым ліку з выкарыстаннем незарэгістраванай зброі.
· СВЯТА КНІГІ. Сёлета тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі распачаўся ў Русінавіцкай сельскай бібліятэцы святам «Кніг запаветныя старонкі». Пра гэта расказала «ЛВ» бібліятэкар Іна Калядзіч. Удзельнікі свята прыгадалі, на чым пісалі нашы продкі, і хто першым пачаў друкаваць кнігі ў Беларусі. Рабяты знаёміліся з цікавымі кніжнымі навінкамі і дэкламавалі любімыя вершы.
На тыдні хлопчыкі і дзяўчынкі падарожнічалі па розных станцыях на экалагічным уроку «Прыгоды добрага лесу», з інтарэсам адказвалі на пытанні конкурсу знатакоў этыкету на «Свяце ветлівых дзяцей». Завяршыўся тыдзень кнігі інтэлектуальна-пазнавальнай віктарынай. Самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў Саша Кудзін, Ягор Хмарук, Саша Патаповіч, Маша Калядзіч, Дзіяна Шалік, Саша Старасціна, Саша Федаровіч, Дзяніс Санько, Дзіма Сафонаў і іншыя атрымалі падарункі.
· ЧЫСЦІНЯ І ПАРАДАК. У панядзелак на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме ўзнагароджвалі пераможцаў раённага агляду-конкурсу санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў па выніках 2012 года. Нагадаем, што пераможцамі згаданага конкурсу былі прызнаны ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас», СВК » Ляхавіцкі», СШ №1, аграгарадок Навасёлкі. Граматы за ўзорнае ўтрыманне падвор’яў уручаны і гаспадарам 6 прыватных сядзіб. Усе пераможцы атрымалі яшчэ і грашовыя прэміі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *