К Всемирному дню здоровья в Ляховичах приурочен ряд акций

Грошы, нерухомасць, аўтамабілі — хто з нас не марыць мець усё гэта ў дастатковай колькасці. І ўсё ж галоўнае багацце чалавека — здароўе. Страчанага, яго не купіш і не вернеш ні за якія грошы. Таму прымаўка «Беражы здароўе замалада» актуальная заўсёды. Неабходна знайсці час, а, галоўнае, жаданне, каб спыніцца і задумацца пра гэты, бадай што самы важны, складальнік паспяховага і шчаслівага жыцця. Бо, у першую чаргу, кожны з нас, а не медыкі, у адказе за сваё здароўе. Яму спрыяюць пазітыўныя і чыстыя думкі, духоўная стабільнасць, паўнацэннае харчаванне, здаровы лад жыцця. Менавіта яны — залог здароўя і доўгажыхарства. А вось дрэнныя думкі і звычкі, упадніцкі настрой, раздражняльнасць, наадварот, наносяць шкоду і становяцца прычынамі многіх хвароб, у тым ліку і сардэчна-сасудзістых, што з’яўляюцца адной з асноўных прычын смяротнасці сярод працаздольных грамадзян.
«Ціск пад кантролем» — такі сёлета дэвіз Сусветнага дня здароўя, што традыцыйна адзначаецца 7 красавіка. Як расказала ўрач-валеолаг райбальніцы Таццяна Усцюшкова, да гэтага дня прымеркаваны шэраг акцый. У мінулыя аўторак і чацвер з 10 да 13 гадзін у цэнтральнай раённай аптэцы і ў будынку аўтастанцыі кожны жадаючы мог памераць артэрыяльны ціск. Усяго такой магчымасцю скарысталіся больш за 100 чалавек, некаторым з іх параілі звярнуцца за кансультацыяй да тэрапеўта.
Вопытныя медыцынскія сёстры не толькі мералі ціск, але, пры неабходнасці, аказвалі прафесійную дапамогу тым, у каго лічбы вышэй ці ніжэй дапушчальнай нормы. Вынікі вымярэння заносіліся ў спецыяльны журнал, даныя з якога перадаюцца ўрачам для далейшай пастаноўкі дыягназу і карэкцыі лячэння.
Знаходзіліся, на жаль, і такія, хто на прапанову медыкаў памераць ціск, адмаўляўся: «Навошта, у мяне ўсё добра, я здаровы». А хтосьці падчас гэтай акцыі ўпершыню даведаўся, што ў яго не ўсё ў парадку з ціскам. Значыць, праблемы выяўлены на пачатку хваробы, таму іх лягчэй будзе ўхіліць.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *