Парадак сам сябе не навядзе. Што з парадкам у Ляхавічах

1

На Ляхавіччыне праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, забеспячэнні належнага санітарнага стану тэрыторый. Трэба аддаць належнае некаторым прадпрыемствам і арганізацыям, якія адразу ўзяліся за добрую справу.

Напрыклад, у вясковым парку ў Крывошыне суботнічалі талакой: работнікі мясцовых сельвыканкама і школы, Крывошынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў добраўпарадкавалі трыторыю, вычышчалі ад мінулагодняга лісця. Адзінай камандай арганізавалі чысты чацвер на тэрыторыі комплексу «Грушаўка» работнікі клубнай сістэмы раёна і цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый.
Але, на жаль, такіх прыкладаў пакуль не надта шмат. Хаця часу на разварушванне няма, бо работ па навядзенні парадку пасля зімы хапае.
Што з парадкам у райцэнтры? Адказ на пытанне атрымалі падчас сумеснага рэйду «Ляхавіцкага весніка» і аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. У зоне ўвагі – гарадскія дваровыя тэрыторыі шматкватэрнай забудовы. Асаблівы акцэнт зроблены на дзіцячыя пляцоўкі як у плане бяспекі, так і эстэтыкі.
– Літаральна ўсе дзіцячыя пляцоўкі патрабуюць пераафарбоўкі, рамонту, а дзе і замены абсталявання, у пясочніцах пясок ці адсутнічае, ці дрэннай якасці. Адкладаць на потым такія работы не варта, бо з надыходам цяпла дзяцей на пляцоўках будзе больш. Патрабуецца абнаўленне і ў плане зялёных насаджэнняў, – адзначае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
У якасці аднаго з прыкладаў дзіцячая пляцоўка ў двары дома № 21а (фота 1) па вуліцы Чкалава.
Яе адрозненне ад большасці аналагічных аб’ектаў у даволі камфортным пакрыцці, якое зусім не траўматычнае. Аднак знайшліся такія дзікуны, якія пашкодзілі ў некаторых месцах пакрыццё. Так што давядзецца замяніць, а гэта расходаванне бюджэтных грошай.
Напэўна, не захацелася б, каб дзеці ці ўнукі гулялі на такіх пляцоўках, як у некаторых дварах шматкватэрных дамоў у мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай.
«Непарадкавым» дапаўненнем сталі і разламаныя лаўкі, а таксама пашкоджаная агароджа папулярнай у тутэйшых рабят футбольнай пляцоўкі. Дарэчы, даўно пара замяніць і сетку варотаў на гульнявым полі. Каля дамоў № 35 і № 37 па Інтэрнацыянальнай не толькі дзіцячая пляцоўка ў дрэнным стане, пашкоджаны лавачкі. Адзін з жыльцоў дома расказаў, што жыхары збіраюцца на імправізаваныя суботнікі і разам добраўпарадкуюць тэрыторыю. Хто ж, калі не мы самі, зробіць утульнымі месцы, дзе жывём, працуем, вучымся.
Дамы № 6, № 6а, № 8 па вуліцы Южакова пасля капітальнага рамонту выглядаюць яскрава, прыгожа. А вось калі заходзіш у двор гэтых шматпавярховікаў, то настрой становіцца мінорным. Тэрыторыя запушчана. Вялікі пень яўна лішні на старой дзіцячай пляцоўцы, каля аднаго з пад’ездаў дома № 6 разламаная лаўка.
Між іншым, у большасці двароў адносны парадак, але тыя ці іншыя сляды безгаспадарчасці, безумоўна, прысутнічаюць. Так, каля дома № 1 па вуліцы Кальцавой нехта выкінуў рэшткі будаўнічых матэрыялаў, так і не прыбралі. Тэрыторыя каля дома № 4 па вуліцы Будаўнікоў трапляла ў поле зроку неаднойчы.
– Яшчэ восенню мінулага года ПМК-13 завяршыла тут пракладку інжынерных сетак. А работы па аднаўленні добраўпарадкавання расцягнуты і па сёння. І як вынік – вакол створаны нязручнасці для людзей. ПМК-13 неабходна паскорыць работы і давесці да лагічнага завяршэння навядзенне парадку, – падкрэслівае Марына Завадская.
Чарговая непрыемная адметнасць асабліва відавочна, калі растае снег – нібы дыван, усыпана зямля пад балконамі акуркамі цыгарэт. Не сорамна?
Падчас рэйду ў аб’ектыў трапіў і «намаляваны» зноў жа чалавекам пейзаж нядбайнасці: паміж гаражамі на вуліцы Юбілейнай з рэшткаў пакетаў, паперы, смецця ўтварыўся несанкцыянаваны сметнік.
Месячнік набірае абароты, магчыма, наступны рэйд назаве больш станоўчых адрасоў парадку, чым адмоўных. Толькі для гэтага трэба пастарацца ўсім!

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.