На «кароннай» хвалі. у Ляхавіцкай паліклініцы арганізавана работа кол-цэнтра

Кожная краіна выбірае свой шлях барацьбы з каварным COVID-19, распрацоўваюцца вакцыны. І ў Беларусі прымаюцца разнастайныя меры для прафілактыкі, спынення распаўсюджання каранавіруса, выпрабоўваюцца новыя схемы лячэння, удакладняюцца арганізацыйныя моманты.

Тэлефонная  кансультацыя
Як і ў многіх установах аховы здароўя краіны, у Ляхавіцкай паліклініцы арганізавана работа кол-цэнтра. Штодзённа (акрамя суботы і нядзелі) сюды з 8.00 да 16.00 можна патэлефанаваць па стацыянарным нумары 6-39-03
і мабільным 8-044-535-23-95, каб удакладніць хвалюючыя пытанні. Гэтыя нумары карысныя тым, хто, напрыклад, заўважыў у сябе прыкметы ВРІ, каму неабходна даведацца пра вынікі даследаванняў на COVID-19.
– Добры дзень. Паліклініка. Кол-цэнтр. Слухаем вас, – спакойны голас на другім канцы проваду настройвае на пазітыў. Медсястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы, а сёння голас кол-цэнтра Аксана Грышчык разумее, наколькі важна для чалавека, які хварэе і хвалюецца пра ўласнае здароўе, атрымаць дакладную інфармацыю ці слушную параду.
– Вельмі хвалявалася, ці спраўлюся, ці змагу кампетэнтна адказаць на пытанні. Аднак ведала, што магу спадзявацца на дапамогу, падтрымку і, па неабходнасці, кансультацыю калег. Тым больш што побач у кавід-цэнтры працуе зладжаная брыгада медыкаў на чале з урачом Вольгай Васілько, – гаворыць Аксана Грышчык.
Кол-цэнтр дзейнічае з 16 лістапада. Сёння за змену паступае звыш 60 званкоў, самы напружаны час – першая палова тыдня.
– Людзей цікавіць, дзе можна зрабіць ПЦР-тэст, здаць аналізы на вызначэнне антыцелаў, вынік гэтых даследаванняў. Таксама задаюць пытанні, куды звярнуцца пры павышанай тэмпературы цела, кашлі і іншых сімптомах інфекцыі. Нямала званкоў і наконт бальнічных лістоў: дзе можна забраць, да якой даты прадоўжаны ліст, – тлумачыць спецыфіку работы медсястра кол-цэнтра.
Варта нагадаць, што ў паліклініцы дзейнічае і кавід-цэнтр. На нумар
2-15-53 неабходна тэлефанаваць гараджанам, якія знаходзяцца на бальнічным з дыягнаставаным каранавірусам ці на самаізаляцыі.

Калі ў паліклініцы  аншлаг
– Колькасць зваротаў на паліклінічны прыём з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі ў апошні час павольна, але ўсё ж змяншаецца. Асаблівы наплыў, як і раней, адчувальны ў панядзелак і пятніцу. У гэты перыяд прыём у чырвонай зоне вядуць паралельна тры ўрачы агульнай практыкі. Дзякуючы прадуманай арганізацыі прыёму, удалося стабілізаваць паток пацыентаў. Цяпер, каб трапіць да ўрача, даводзіцца чакаць у межах ад  30 мінут да гадзіны, – расказвае загадчык паліклінікі ЦРБ Анатолій Панько.
Дарэчы, зараз здаць прызначаныя ўрачом аналізы можна як у чыстай, так і ў чырвонай зонах.
Накіраванне на аналіз метадам ПЦР, пры якім бярэцца мазок з носа і ротаглоткі для выяўлення віруса, выдае ўрач звычайна на ранніх стадыях, прыкладна на 3-7 суткі з моманту з’яўлення першых сімптомаў. Па накіраванні ўрача бясплатна здаецца і аналіз, з дапамогай якога ў крыві выяўляюцца антыцелы да віруса. Такі аналіз можа здаць кожны жадаючы без папярэдняга прыёму ва ўрача, але ўжо на платнай аснове.
Анатолій Панько нагадвае, што сітуацыя з распаўсюджаннем COVID-19 па-ранейшаму застаецца напружанай. Не страчваюць сваёй актуальнасці асноўныя прафілактычныя меры, якія зніжаюць рызыку падхапіць кавід: маскі, мыццё рук з мылам ці апрацоўка антысептыкам, сацыяльнае дыстанцыраванне, праветрыванне і дэзынфекцыя памяшканняў, умацаванне імунітэту.

Бальнічны  для кантактаў
– Сёння супрацоўнікі ўстаноў аховы здароўя, якія прыходзяць на дом да хворага з дыягназам «каранавірус», могуць самастойна вызначыць кантакты першага ўзроўню, якія пражываюць там, і выдаць ім лісток часовай непрацаздольнасці. Гэта дазволіць знізіць нагрузку на паліклініку. Акрамя таго, медыкам, якія наведваюць пацыентаў на даму, не давядзецца паўторна прыходзіць па адным і тым жа адрасе да кантактаў першага ўзроўню, пасля таго, як іх статус пацвердзяць у санітарна-эпідэміялагічнай службе. Цяпер маніторынгавыя групы паліклінікі самастойна вызначаюць кола кантактных асоб і адразу выдаюць ім бальнічны ліст, – адзначае галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч.

Галіна КАНЬКО.