Как представлены Ляховичи онлайн?

Інтэрнэт запоўніў усе куточкі жыцця сучаснага чалавека. У сацыяльных сетках заводзяць сяброў і расказваюць пра сямейныя адносіны, прадаюць і купляюць шматлікія рэчы, вырашаюць жыллёвыя пытанні. Сусветная павуціна з’яўляецца даведнікам літаральна па ўсіх пытаннях, дазваляе завочна знаёміцца з краінамі, гарадамі і гістарычнымі славутасцямі.
Як прадстаўлены наш райцэнтр анлайн? Адметна, што ў пошукавіку Яндэкса пры запыце «Ляхавічы» адразу выпадае спасылка на электронную версію газеты «Ляхавіцкі веснік», на другім радку — сайт райвыканкама, трэці — у сайта аддзела адукацыі, а далей — Яндэкс-карцінкі, работа ў Ляхавічах, рэсурсы тур-аператараў з фотаздымкамі мясцовых краявідаў і збудаванняў, дошка аб’яў і іншыя.
Іншагароднім зручна забраніраваць нумар гасцініцы праз інтэрнэт-партал гасцініц Беларусі, на якім змешчана і старонка Ляхавіцкай гасцініцы з фотаздымкамі пакояў і інфармацыяй пра кошт за суткі пражывання.
Ёсць электронныя візіткі ў шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый. Напрыклад, карэспандэнт «ЛВ» без цяжкасцяў знайшоў сайты малочнага, кансервавага і завода металапластмас, камунгаса і лясгаса. На сваіх старонках яны размяшчаюць кантакты, навіны і інфармацыю пра дзейнасць з указаннем асартыменту прадукцыі і паслуг.
Сайты ўстаноў адукацыі выклікаюць цікавасць бацькоў і вучняў. Зайшоўшы на старонку, можна даведацца пра навіны школьнага жыцця, праглядзець фотагалерэю, звярнуцца з прапановай ці праблемай. Вэб-сайт аграрнага каледжа інфармуе не толькі цяперашніх навучэнцаў, але і абітурыентаў, пастаянна абнаўляецца і ўдасканальваецца.
Некалькі месяцаў назад раёнка агучыла прапанову аб продажы праз вэб-сэрвіс білетаў на аўтобус ці цягнік. Сёння ўсе гэтыя паслугі даступны і нам, ляхавічанам. Калі камусьці неабходна купіць білет на цягнік, трэба выйсці на сайт Беларускай чыгункі. Там прапануецца паслуга продажу праязных дакументаў праз інтэрнэт з выкарыстаннем банкаўскай пластыкавай карткі. Усяго толькі і неабходна, што забраць білет на станцыі.
А вось анлайн заказаць талон да доктара ў ляхавіцкую райпаліклініку — пра гэта пакуль можна толькі марыць. Хаця пры з’яўленні такой магчымасці паменшала б праблем і дабавілася б камфорту насельніцтву, зменшыліся б чэргі ў паліклініцы. Як, напрыклад, у суседзяў — у Баранавічах і Ганцавічах. Там ужо каторы час на прыём да ўрача можна запісацца, не выходзячы з дому, — праз інтэрнэт.
Вельмі запатрабавана і падабаецца шматлікім карыстальнікам паслуга, якую актыўна прэзентуюць работнікі банкаў, — М-банк і інтэрнэт-банкінг. Яны дазваляюць пераводзіць грошы, аплачваць камунальныя паслугі, паслугі сувязі і іншыя, не заходзячы ў банк.
У абласных гарадах насельніцтву даступны заказ праз інтэрнэт не толькі тавараў і паслуг, але і кулінарных вырабаў. Цікава, калі б у райцэнтры была такая магчымасць, ці карысталася б яна папулярнасцю?
Ляхавічы прадстаўлены анлайн у «Живом журнале», у сацыяльных сетках. Нераўнадушныя да статусу Ляхавіччыны землякі выкладваюць у створаныя групы новыя і ранейшых часоў фотаздымкі райцэнтра і людзей — вядомых асоб, суседзяў, калег, сяброў. Гэта дазваляе жыць і назіраць за малой радзімай на вялікай адлегласці, быць у курсе падзей і не губляць сувязі з мінулым.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *