Ляхавіцкая «Вечарніца» падтрымала «Медуніцу»

З 24 па 26 красавіка лёгкаатлетычны манеж у Брэсце сустракаў удзельнікаў, гасцей і наведвальнікаў ІV спецыялізаванай выставы «Брэстчына турыстычная». Яе мэтай стала дэ-манстрацыя турыстычных магчымасцей нашай вобласці, прыцягненне інвестыцый у сферу аздараўлення і турызму, стварэнне новых дзелавых кантактаў. Справай гонару і прэстыжу палічылі ўдзел у маштабным праекце вядучыя рэгіянальныя тураператары, санаторна-курортныя ўстановы, музеі, гасцініцы і базы адпачынку, турбазы і цэнтры маладзёжнага турызму, аграсядзібы, паляўнічыя гаспадаркі, спартыўна-аздараўленчыя комплексы. У межах выставы прайшла і Міжнародная канферэнцыя па турызме ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча» з удзелам замежных турарганізацый.
Кожны раён, вядучыя турфірмы вобласці далі магчымасць наведвальнікам не толькі пазнаёміцца са славутымі мясцінамі і аб’ектамі, але і раздавалі буклеты з «раскладам» паслуг, прадавалі сувеніры, частавалі стравамі нацыянальнай кухні. Выступалі самадзейныя артысты.
Не згубілася на выставе і экспазіцыя Ляхавіцкага раёна. Яго прадстаўлялі аграсядзіба «Медуніца» і паляўнічы домік лясгаса. Да таго ж лясгас правёў завочную экскурсію па экалагічнай сцежцы «Беларусь сінявокая», якая праходзіць праз Рэпіхаўскі парк. На экране можна было ўбачыць знакамітыя гістарычныя мясціны і помнікі, палацава-паркавыя ансамблі, месцы адпачынку і г.д. Як расказаў дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба «Колас» Генадзій Новік, асаблівую цікавасць выклікаў палацава-паркавы ансамбль «Грушаўка», а таксама прыгожыя краявіды Ляхавіччыны і месцы, дзе ў нас можна культурна адпачыць. Друкаваная рэкламная прадукцыя разышлася даволі хутка.
Удала ўпісаліся ў агульную канцэпцыю выставы творчыя работы (саламяныя вырабы, вышываныя ручнікі і карціны) майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Дараўскага Дома рамёстваў. Асаблівы каларыт экспазіцыі надало музычнае суправаджэнне. Нямала было жадаючых, у тым ліку і сярод замежных гасцей, паслухаць песні ў выкананні ансамбля «Вечарніца» (кіраўнік Таццяна Пішч) Навасёлкаўскага СДК, сфатаграфавацца з яго ўдзельнікамі. Дарэчы, кампазіцыі «Святочная» апладзіравалі літаральна ўсе.
Наколькі выніковы ўдзел экспазіцыі Ляхавіцкага раёна ў выставе, пакажуць час і колькасць турыстаў, якія наведаюць наш гасцінны і прыгожы край.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *