Гаворыць гісторыя…

Плошча Перамогі ў горадзе-Героі Мінску.

Нават у мінуту маўчання гаворыць гісторыя. Тым больш у мінуту маўчання гаворыць гісторыя. Кожнае імгненне Вялікай Айчыннай — гэта яна, напоўненая трагізмам і гераізмам. Кожнае імгненне — дата. Ад вераломнага пачатку вайны да Перамогі — доўгія вёрсты выпрабаванняў, ахвяр і пераканання ў святасці ратнай справы дзеля міру, дзеля свабоды, дзеля незалежнасці і гістарычнай справядлівасці.
…Ад 22 чэрвеня 1941-га да 9 Мая 1945-га доўжыўся той шлях на Галгофу, і Сцяг наш чырвоны залунаў, абвяшчаючы: спраўдзілася — мы перамаглі!
Наша зямля беларуская раны ваенныя залячыла, але не забыта ніводнае імгненне той гераічнай эпапеі. Дзякуй салдату Вялікай Айчыннай, які не шкадаваў жыцця свайго дзеля міру. Мінутай маўчання ўшануем герояў — франтавікоў, партызан, тылавікоў, хто не дажыў да Перамогі, але менавіта ў імя яе застаўся там, у той вайне…

Курган Славы ля Ляхавіч.

Трохвугольнікі з фронту. Абеліск сярод поля ці на ўскрайку лесу. Вечны агонь ля помніка ў цэнтры сталіцы ці невялікага гарадка маёй краіны. Экспазіцыі музеяў, прысвечаныя Вялікай Айчыннай. Ваенныя ордэны і медалі на грудзях вельмі немаладых людзей, якіх, на жаль, становіцца ўсё менш: ветэранам тых вогненных дзён і начэй сёння як мінімум пад дзевяноста.
Ізноў расцвітае бэз, яблыні ў квецені, вішні, хмеліць чаромха. І неба ноччу зорнае-зорнае, а ўдзень блакіт зліваецца з промнямі сонца. Прыгожа вачам, міла сэрцу, спакойна душы — гэта ёсць мір. І мы з вамі, дарагія землякі, у інтэр’еры быцця былі, ёсць і будзем удзячнымі нашчадкамі гераічнага пакалення, якое выстаяла, змагалася з лютым ворагам і перамагло!
У кожнага, нават у тых, хто нарадзіўся праз тры пакаленні пасля вайны, да яе свае рахункі, таму што няма сям’і беларускай, што не пацярпела ад фашызму. І на генетычным, і на патрыятычным узроўні мы ведаем: МІР — НАША ЎСЁ.
Дзякуй за Перамогу, блаславенны народ, за тое, што світанкі ў нас ціхія…
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
.

Гэта ўсё — Брэсцкая крэпасць-Герой.

На вуліцы Маскоўскай у Брэсце памятныя знакі ўсім гарадам-героям.

Званы спаленай фашыстамі Хатыні нагадваюць нам пра цану, заплачаную за шчасце жыць пад мірным небам.

Мемарыяльны комплекс «Лінія Сталіна».

p

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *