Я ганаруся табой, бацька!

Мой бацька Адаменка Міхаіл Сямёнавіч нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Хімы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Падчас Вялікай Айчыннай вайны змагаўся на фронце з 22 чэрвеня 1941 года да пераможнага мая 45-га, стаў сведкам трыумфальнага ўзяцця Берліна.


Да пачатку вайны ў бацькі была самая мірная прафесія –
настаўнік. У 1938 годзе пасля заканчэння педагагічнага вучылішча ён прыехаў у вясковую школу вучыць мясцовых дзетак. У перадваенным 1939-м быў прызваны ў армію і стаў курсантам вучэбнай роты 28-га асобнага вучэбна-інжынернага батальёна Маскоўскай ваеннай акругі. Атрыманыя там вывучка і ваенна-тэхнічныя веды не раз дапамагалі прымаць правільныя рашэнні ў выкананні баявых задач.

Ваяваў бацька ў складзе Заходняга, Каўказскага, Бранскага, Цэнтральнага, Першага Беларускага франтоў. Быў старшыной роты 63-га асобнага матарызаванага пантонна-маставога батальёна. Яго рота аднаўляла разбураныя масты, нярэдка гэта прыходзілася рабіць пад бесперапынным артылерыйскім і мінамётным агнём праціўніка.
У цяжкіх баявых умовах даводзілася займацца зборкай пантонаў для фарсіравання водных перашкод, забяспечваючы паспяховае наступленне нашых воінскіх часцей. Двойчы быў паранены. Адно раненне аказалася цяжкім. Здарылася гэта ў раёне вёскі Міхалова падчас пераправы праз раку Нарэў. Бацька кіраваў ротай пры зборцы двух пантонных паромаў. Ноччу 5 верасня 1944 года яго цяжка параніла, але ён застаўся ў страі разам са сваімі байцамі. Да гэтага пры будаўніцтве мастоў у раёне Свіслачы, калі закончыўся запас неабходных дэталяў, ён арганізаваў іх выраб, змог прыцягнуць мясцовае насельніцтва. Сумеснымі намаганнямі наладзілі масты, здольныя вытрымаць груз у 60 тон. Па іх пайшлі ў наступленне часці 3-й і 46-й армій.

Пра ўсе гэтыя эпізоды праяўлення мужнасці, адвагі і ўмення выконваць баявыя задачы мы чытаем у яго ўзнагародных лістах. Сярод узнагарод бацькі – ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй» і іншыя.
Пасля вайны бацька знаходзіўся на партыйнай і гаспадарчай работах. У канцы 40-х гадоў быў накіраваны ў Ляхавіцкі раён. Працаваў старшынёй калгасаў «Новы шлях», «Шлях да камунізму», а таксама загадчыкам аддзялення племзавода «Ганчароўскі». У 1970 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Памёр у кастрычніку 1979 года, а ў сакавіку 2020-га пайшла з жыцця яго жонка.
Гісторыя майго бацькі, успаміны пра яго няпросты лёс – гэта тое, што аб’ядноўвае сёння ўсіх нас, яго нашчадкаў: пецярых дзяцей, семярых унукаў, семярых праўнукаў.
Хочацца захаваць гэту гісторыю, каб памяць пра нашых славутых бацькоў і дзядоў не згасла ніколі.
Алег АДАМЕНКА.