Каб нашчадкі памяталі.На тэрыторыі Конькаўскага сельсавета размяшчаецца некалькі помнікаў, абеліскаў і магіл герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

Абеліск у вёсцы Туркі

У 1965 годзе ў Турках устанавілі абеліск ахвярам вайны. Нашы школьнікі ведаюць яго гісторыю.

У многіх населеных пунктах нашага раёна гітлераўцы з першых дзён акупацыі расстрэльвалі актывістаў, дэпутатаў, камуністаў і камсамольцаў. Свой крывавы след акупанты пакінулі і ў вёсцы Туркі. Каля 20 мясцовых жыхароў былі арыштаваны. Людзей забралі з сем’яў, збівалі, здзекаваліся, а потым вывезлі за вёску і расстралялі. Сярод загінулых ад рук фашыстаў: В. М. Чыхір, І. Ярашэвіч, П. І. Дунчык (нарадзіўся ў в. Конькі ў 1920 годзе, адукацыя – 5 класаў, працаваў прыёмшчыкам малака, расстраляны ў ліпені 1941 года немцамі як актывіст, пахаваны ў в. Туркі каля помніка загінулым воінам), І. І. Манарховіч (нарадзіўся ў 1920 годзе ў в. Конькі, працаваў да вайны ў страхавым фінансавым аддзеле, камсамолец, загінуў у  в. Туркі), І. П. Тарлюк, І. Н. Тарлюк, І. Н. Сакун. На жаль, прозвішчы астатніх невядомы.

У брацкай магіле ў Турках пахаваны ахвяры фашызму. 28 лістапада 2008 года каля абеліска былі перапахаваны астанкі двух салдатаў, якія ўдзельнічалі ў абарончых баях за Ляхавічы. Сведкам падзей ваенных гадоў аказаўся жыхар вёскі Вялікая Лотва, якога калісьці настаўніца паслала пасадзіць бярозку на тым месцы, дзе пахаваны салдаты…

Магіла невядомага салдата ў вёсцы Дрэкі

У 1944 годзе падчас адступлення немцаў у вёсцы быў паранены чырвонаармеец. Са слоў мясцовых жыхароў, параненага паклалі на лаўку каля аднаго з дамоў. Салдат папрасіў піць… Яму далі вады, спыталі, як завуць, але ён не змог нічога адказаць… Камандзір забраў дакументы загінулага, і атрад рушыў далей у наступленне. А мясцовыя жыхары так і не даведаліся імя героя.

Пахавалі салдата на ўскрайку вёскі. З часам на магіле быў устаноўлены помнік невядомаму салдату. І сёння мясцовыя жыхары даглядаюць месца пахавання.

Рэдкалегія газеты «Школьны веснік» Конькаўскага ВПК «дзіцячы сад – сярэдняя школа».