У кляшчоў пачаўся сезон актыўнасці

У кляшчоў пачаўся сезон актыўнасці, які традыцыйна прыпадае на канец вясны — пачатак лета. У самыя спякотныя месяцы лета яны знікнуць. Новы пік актыўнасці прыйдзецца на верасень. Месцамі найбольш масавага знаходжання кляшчоў з’яўляюцца змешаныя лясы. У сакавіку-красавіку 2013 года 9 чалавек звярнуліся ў медыцынскія ўстановы раёна па прычыне ўкусаў кляшчоў, 8 з іх дзеці да 18 гадоў. У мінулым годзе ад укусаў паразітаў пацярпелі 113 чалавек, якія пераважна знаходзіліся за горадам, у тым ліку на садова- агародных участках, ля вадасховішчаў у час рыбалкі. Кляшчы — пераносчыкі небяспечных захворванняў: хваробы Лайма і клешчавога энцэфаліту. Клешчавы барэліёз (хвароба Лайма) — інфекцыйнае захворванне, выкліканае спірахетамі, перадаецца кляшчамі, якія маюць схільнасць да хранічнага і рэцыдывіруючага цячэння і пераважнага паражэння скуры, нервовай сістэмы, апорна- рухальнага апарата і сэрца. Клешчавы энцэфаліт — вірусная інфекцыя, якая паражае цэнтральную і перыферычную нервовую сістэму аж да параліча і лятальнага зыходу. 10 працэнтаў даследаваных кляшчоў у нашым раёне за мінулы год былі носьбітамі вірусу клешчавога энцэфаліту (лясны масіў паміж в. Альхоўцы і Задвор’е). Як абараніцца ад кляшчоў? Меры абароны вельмі простыя — галаўны ўбор пры паходзе ў лес, адзенне, шчыльна прылягаючае да цела. Кляшчы звычайна чакаюць ахвяру, седзячы на траве або галінцы, і вельмі рэдка падымаюцца вышэй чым на паўметра. Таму яны чапляюцца да ног чалавека і потым паўзуць уверх у пошуках зручнага месца для прысмоктвання. Кляшчоў заўсёды больш на сцяжынках: таму не варта адпачываць ля іх. Пазбягайце цёмных таноў у адзенні, таму што кляшчоў цяжэй прыкмеціць на цёмным фоне. Правільна апрануўшыся, вы зможаце перыядычна здымаць кляшчоў з адзення. Карыстайцеся сродкамі хімічнай абароны ад кляшчоў (рэпелентамі). Праверце адзенне і іншыя рэчы, калі вярнуліся з лесу, асабліва складкі, швы, кішэні. Калі ж укусу пазбегнуць не ўдалося, трэба кляшча дастаць. Пры гэтай працэдуры важна быць асцярожным. Вось што рэкамендуюць спецыялісты: каб клешч лягчэй адчапіўся, капніце на яго алей, а яшчэ лепш камфарнае масла або газу. Дастаюць кляшча пінцэтам, пятлёй з трывалай ніткі або проста пальцамі. Не спяшаючыся, хістайце яго з боку ў бок і кароткімі лёгкімі рыўкамі паступова выцягвайце. Калі моцна пацягнуць, то хабаток кляшча можа адарвацца і застацца ў скуры. Хабаток са скуры выдаляюць іголкай, нагрэтай на агні або апрацаванай спіртам. Пасля таго, як вы выцягнеце кляшча, месца ўкусу змажце настойкай ёду або пратрыце спіртам. Калі ж вы раздушылі кляшча пальцамі, ні ў якім разе не датыкайцеся да вачэй і слізістых абалонак рота, носа, пакуль не памыеце рукі з мылам. Чалавек, да якога прысмактаўся клешч, абавязкова павінен звярнуцца да ўрача. У Баранавіцкім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па адрасе: г. Баранавічы, вул. 50 гадоў ВЛКСМ, д. 9 кляшча даследуюць і вызначаць, наколькі ён небяспечны для вашага здароўя. Даследаванне платнае.

Ларыса КЕНДЫШ,

памочнік урача-эпідэміёлага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *