Сто дзён да Сінгапура

14 жніўня юныя атлеты са 170 краін-удзельніц збяруцца на стадыёне “Марына бэй” у Сінгапуры, каб прыняць удзел у цырымоніі адкрыцця І летніх юнацкіх Алімпійскіх гульняў. Пра тое, што гэты горад стане сталіцай прэстыжных спаборніцтваў, стала вядома 21 лютага 2008 года. Тады прэзідэнт МАК Жак Роге ў Алімпійскім музеі ў Лазане аб’явіў, што азіяцкі горад прыме ў сябе малодшага брата вялікай Алімпіяды.
Знамянальна, што Сінгапур толькі адзін раз праводзіў на сваёй тэрыторыі сесію МАК у 2005 годзе, на якой аб’явіў, што таксама будзе ўдзельнічаць у конкурсе на правядзенне розных міжнародных спаборніцтваў. У Гульнях прымуць удзел больш за 3,5 тысячы спартсменаў ва ўзросце 14-18 гадоў. У 30 відах спорту, уключаных у праграму летніх Алімпійскіх гульняў, яны разыграюць 300 камплектаў медалёў. Праўда, колькасць спартыўных дысцыплін тут меншая, чым у “вялікай Алімпіядзе” – 201. Для параўнання, на Алімпійскіх гульнях – 302.
У лютым 2010 года выканкам НАК Беларусі зацвердзіў спісак спартсменаў-кандыдатаў, якія прэтэндуюць на ўдзел у спаборніцтвах. Іх – 291. У тым ліку 31 спартсмен ад Брэсцкай вобласці. Шэфам місіі на Гульнях будзе дырэктар РГУОР Леанід Малашанка. Адбор за права ўдзелу ў Гульнях пачаўся ў сакавіку мінулага года і завершыцца ў большасці відаў спорту ў красавіку-маі гэтага, у сучасным пяцібор’і – 16 чэрвеня.
Ужо завершаны адбор у 11 відах спорту. Беларускія спартсмены будуць удзельнічаць у веславанні акадэмічным – 1 экіпаж (2 спартсмены), веславанні на байдарках і каноэ – 2 удзельнікі, стральбе з лука – 1 (адбор працягваецца), плаванні – патэнцыяльна 4 спартсмены, пры ўмове выканання кваліфікацыйнага нарматыву на любым спаборніцтве, якое ўключана ў каляндар міжнароднай і (ці) Еўрапейскай федэрацый плавання. Акрамя таго, рашэннем міжнародных спартыўных арганізацый права ўдзелу ў гульнях у адпаведнасці з кваліфікацыйнай сістэмай атрымалі каманды па баскетболе (дзяўчаты) і веласпорце. На жаль, не прайшлі “кваліфікацыю” каманды па валейболе, гандболе, конным спорце, трыятлоне і хакеі на траве.
У цэлым жа прагназуецца заваяванне беларускімі спартсменамі не менш як 30 ліцэнзій у індывідуальных відах спорту.
Брэсцкія спартсмены ўдзельнічаюць у адборы за пуцёўкі на Гульні ў лёгкай атлетыцы, стральбе з лука, веласпорце, боксе і цяжкай атлетыцы. Але больш за ўсё брастчан у лёгкай атлетыцы – 11 кандыдатаў.
Прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *