Майстэрства санітарнай справы. Дзень медыцынскіх работнікаў адзначаюць і супрацоўнікі райЦГіЭ

Сёлета наш райЦГіЭ быў прызнаны лепшым у сваёй намінацыі ў рэспубліцы. У агульны поспех, без перабольшання, свой уклад уносіць кожны супрацоўнік санітарнай службы.

Памочніка ўрача-гігіеніста Таццяну Палуян цяжка застаць у будынку райЦГіЭ. Часцей за ўсё яе рабочы дзень праходзіць на разнастайных аб’ектах. Вось і гэтымі днямі адзін за адным аб’язджае прышкольныя лагеры адпачынку, аналізуе, як выконваюцца санітарныя нормы і правілы. Абавязкова і неаднойчы пабывае ў кожным летніку.

Планавыя праверкі, маніторынгі ўстаноў адукацыі, у тым ліку якасці харчавання дзяцей, – пералік мерапрыемстваў з удзелам Таццяны Палуян і яе калег даволі разнастайны.

Іх галоўная прафесійная задача – забеспячэнне санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва. Шосты год Таццяна Валянцінаўна працуе ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. А да гэтага шчыравала ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны. Яе медыцынская спецыяльнасць – фельчар-акушэр.

Добразычлівая і камунікабельная, адказная і сціплая, ніколі не адмовіць у дапамозе – так характарызуюць яе калегі. А яна ў адказ зазначае: пашанцавала стаць часткай такога дружнага калектыву.

Леанарда Шынгель у штаце райЦГіЭ чатыры гады. Але яна таксама медык са стажам. Яе працоўная біяграфія ў ахове здароўя пачалася ў 1997 годзе пасля заканчэння Баранавіцкага медвучылішча, і першым месцам працы стаў Дараўскі ФАП, куды маладога спецыяліста прызначылі загадчыкам. Доўгі час працавала ў кабінеце статыстыкі Ляхавіцкай ЦРБ.

– Захацелася паспрабаваць свае сілы ў крыху іншым  напрамку. Работа падабаецца, як і калектыў. У нашым аддзеле тон у рабоце задае ўрач-эпідэміёлаг Васілій Скараход. І мы, яго памочнікі (а разам з Леанардай Шынгель тут працуюць Валянціна Бацкалевіч і Ларыса Кендыш), стараемся адпавядаць кіраўніку. Увогуле ў райЦГіЭ ўсе дапамагаюць адзін аднаму, – расказвае Леанарда Леанідаўна.

Цяпер асноўны напрамак работы Леанарды Шынгель і яе калег – барацьба супраць каранавіруса. Гэта і правядзенне санэпідрасследавання, і вакцынацыя. Але не збываюцца і іншыя напрамкі: прафілактыка шаленства, грыпу і іншых інфекцыйных хвароб. Зараз актуальная тэма – кляшчы. 

– Свае службовыя абавязкі Таццяна Палуян і Леанарда Шынгель выконваюць добрасумленна і адказна. За час работы зарэкамендавалі сябе граматнымі спецыялістамі. Адзначу іх настойлівасць і мэтанакіраванасць у давядзенні пачатай справы да канца. Абедзве надаюць належную ўвагу самаадукацыі, вызначаюцца пунктуальнасцю і выканальніцкай дысцыплінай, – гаворыць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў і дадае: – Віншую ўсіх калег з прафесійным святам. Зычу здароўя, радасці, поспехаў у працы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.