Труба кліча. На Ляхавіччыне праходзіць летняя Акадэмія трубы

Мядзведзіцкі касцёл святых Пятра і Паўла можна смела назваць храмам музыкі. Пад сваім купалам ён не першы год збірае выдатных музыкантаў і аматараў класікі.

Першая нядзеля жніўня на Ляхавіччыне выдалася музычнай. За клавішамі аргана саліраваў музыкант з Польшчы Даніэль Прайзнер, творы выконвала спявачка Вікторыя Аляксіньска. Гледачы, як і раней, засталіся пад уражаннем.

А з 4 па 8 жніўня тут праходзіць летняя Акадэмія трубы, у якой прымаюць удзел знакамітыя музыканты: дырэктар Акадэміі, саліст Tiroler festspiele erl orchestrа трубач Аляксандр Ахрэмка, а таксама арганісты і клавесіністы Калініка Мядзведзева і Аляксандр Бурдзялёў. Праграма Акадэміі падзелена на дзве часткі: канцэрты і заняткі.

– Тое, што да нас прыязджаюць музыканты такога ўзроўню, ужо кажа пра многае. Такія мерапрыемствы ярка раскрываюць турыстычны патэнцыял Ляхавіччыны: у нас ёсць і на што паглядзець, і што паслухаць. Асаблівасць арганнай музыкі ў тым, што яна запаўняе кожную часцінку прасторы, пранікае ў душу і закранае ўсе фібры душы. Засталося не так шмат месцаў у Беларусі, дзе можна пачуць арганную музыку ў такой якасці. І прыемна, што адзін з гэтых пунктаў знаходзіцца ў Ляхавіцкім раёне, – гаворыць галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.

Калі вы не паспелі атрымаць асалоду ад класічных твораў, 8 жніўня ў Мядзведзічах адбудзецца чарговы канцэрт. Уваход свабодны.

Ірына КУЗЬМІЧ.