Корреспондент «ЛВ» поинтересовался, насколько актуальна проблема приватизации для Ляховичей

Як бы ні мяняліся ўмовы жыцця, якія б тэхналогіі ні з’яўляліся, мара людзей пра сваё жыллё ва ўсе часы застаецца нязменнай.

У Беларусі ўдасканальваюцца падыходы да будаўніцтва жылля — з’яўляюцца паняцці «арэнднае», «дзяржаўнае», «камерцыйнае». Падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 246, які ўносіць змены ў парадак прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі, ільготнага крэдытавання для грамадзян і членаў іх сем’яў. Падрыхтаваны дакумент, па якім жылыя памяшканні, прадастаўленыя грамадзянам па дагаворы найму, а такса ма службовае і спецыяльнае жыллё будуць пераведзены ў разрад камерцыйнага ці арэнднага. І менавіта ён вызваў занепакоенасць тых, хто дагэтуль не прыватызаваў свае кватэры.
Карэспандэнт «ЛВ» пацікавіўся, наколькі актуальна гэта праблема для нашага райцэнтра.
Па словах спецыяліста КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандры Багеша, пасля таго, як былі агучаны планы па змяненні ў жыллёвым заканадаўстве, у камунгас стала звяртацца ў разы больш людзей, якія вырашылі прыватызаваць сваё жыллё. Калі за мінулы год па гэтым пытанні звярнулася 45 чалавек, то сёлета ўжо 73. Прычым, 57 толькі за апошнія 2 месяцы. Значна павялічылася колькасць званкоў ад тых, каму патрэбна кансультацыя.
Па стане на пачатак года з фонду жылля, якое знаходзіцца на балансе камунгаса, не прыватызавана 230 кватэр у горадзе і 449 на раёне.
Праект указа прадугледжвае, што на працягу года пасля прыняцця дакумента грамадзяне будуць мець права прыватызаваць жыллё.
Нягледзячы на павелічэнне колькасці жадаючых стаць уласнікамі кватэр, чэргаў каля кабінета разліковай групы камунгаса, якая займаецца працэдурай прыватызацыі, не назіраецца.
— Усе неабходныя дакументы афармляюцца з дня падачы заявы, рашэнне прымаецца ў вызначаны ўказам месячны тэрмін. Прыватызаваць кватэру няцяжка. Складанасці часам узнікаюць пры афармленні, калі неабходна прысутнасць усіх членаў сям’і. Калі ў кагосьці не атрымліваецца, тады афармляецца генеральная даверанасць. Першы крок — узяць даведку аб складзе сям’і і пашпарты паўналетніх членаў, напісаць заяву, у якой зарэгістраваныя члены сям’і павінны паставіць свой подпіс. Другі крок — аплата даведкі па ацэнцы жылля. На сённяшні дзень яна складае 76 тысяч 250 рублёў. Затым дакументы накіроўваюцца ў бюро РУП «Брэстдзяржрэгістр». Менавіта гэта арганізацыя праводзіць абследаванне кватэры, — адзначае Аляксандра Багеша .
Наймальніку жылля неабходна напісаць у бюро ”Брэстдзяржрэгістра” заяву на выраб тэх-нічнага пашпарта. Зрабіць гэта можна ў сераду з 8 да 14 гадзін, чацвер — з 14 да 20 гадзін і ў суботу — з 9 да 14 гадзін. Кошт працэдур залежыць ад плошчы праведзенай праверкі тэхнічных характарыстык: да 50 метраў квадратных ён складае 133 тысячы 500 рублёў, звыш 50 метраў — 196 тысяч рублёў, плюс у вас возьмуць каля 15 тысяч за прыём заказу і 44 тысячы давядзецца заплаціць за выезд спецыяліста.
Дарэчы, кошт прыватызаваных кватэр залежыць ад года пабудовы дома, тэхнічных характарыстык і г.д.
Першы ўзнос — 10 працэнтаў ад кошту жылля, на астатнюю суму пасля афармлення натарыяльнага дагавора даецца беспрацэнтная растэрміноўка на 40 гадоў.
Аплаціць кошт кватэры можна і пры дапамозе імянных чэкаў «Жыллё» — сваіх ці падораных блізкімі сваякамі.
Пастановай Савета Міністраў ад 28 мая 2013 года зацвер- джана палажэнне аб вызначэнні кошту аб’ектаў прыватызацыі. У ім устанаўліваецца новы парадак прыватызацыі дзяржаўнага жылля: будзе прымяняцца яго ацэначны кошт з улікам спажывецкіх якасцяў і зносу, але без убудаваных і прыбудаваных нежылых памяшканняў, не звязаных з эксплуатацыяй і ўтрыманнем дома, у якім знаходзіцца памяшканне. Кошт нерухомасці вызначаецца на першае чысло месяца, у якім чалавек падаў заяву аб прыватызацыі, шляхам памнажэння рэальнага кошту на адпаведныя каэфіцыенты.
Спецыялісты ж раяць не кідацца адразу змяняць статус кватэры — часу для гэтага адведзена дастаткова.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *