Савейкі—вёсачка мая, мая старонка /фота/

Савейкаўскі палацава-паркавы ансамбль вядомы сваёй даўняй, багатай гісторыяй. А мінулай вясной у ім здымала ваенную стужку кінастудыя «Беларусьфільм». Тут цікава не толькі мясцовым жыхарам, але і турыстам. Паветра ў Савейках напоўнена асаблівым водарам кветак, дрэў, паданняў — здаецца, сама прырода дыхае гісторыяй. Жывуць тут людзі добразычлівыя, шчырыя, адкрытыя. Мясцовых жыхароў ні многа ні мала — каля 80 чалавек. Кожны са сваім лёсам, але ўсе аб’яднаны адным адрасам — вёскай Савейкі. Назвы вуліц — Міру, Лясная, Азёрная — гучаць, як песня. У звычайны дзень яны ціхія, а ў выхадныя, калі ўсе з’язджаюцца, ажываюць, нібы мурашнік, поўняцца звонкімі дзіцячымі галасамі.
Прыцягальнае гэта месца не толькі знакамітым паркам і палацам, але і сваімі жыхарамі. Пра амаль кожнага можна пісаць апавяданне.

Як, напрыклад, пра Рыму Шпак — яна 6 дзесяцігоддзяў назад прыехала сюды дваццацігадовай дзяўчынай.
— Калі падыходзілі немцы да Дзядзькава (Бранская вобласць), мы з сястрой і мамай разам з параненымі эвакуіраваліся з горада. Да Бранска не даехалі — немцы пачалі бамбіць з паветра і з зямлі. Месяц ішлі пешшу. Рухаліся наперад і адступалі разам з арміяй. Так і дабраліся да Ульянава. У эвакуацыі і вучыліся, і працавалі — дапамагалі ў эвакашпіталі. Прывязуць параненага, сыходзіць крывёю — не задумваючыся, аддавалі сваю… Цяжка жылі, але былі дружнымі, адзін за аднаго. Імкнуліся рабіць усё для фронта , марылі пра хутчэйшае заканчэнне вайны. Вестку пра гэта сустрэла на Украіне, куды пасля тэхнікума ў 1944 годзе накіравалі на работу. А ў 1947 годзе разам з бацькам прыехалі ў Беларусь у пошуках лепшага жыцця. Спачатку працавала ў савейкаўскім садзе, збірала і сушыла яблыкі для Дома адпачынку, які на той час грымеў на ўвесь Саюз. Сюды прыязджалі на аздараўленне з Масквы, Дальняга Усходу, Ленінграда, Сахаліна… Затым мяне ўзялі рахункаводам, — расказвае Рыма Сяргееўна.

Рыма Шпак — даўняя прыхільніца раёнкі

Успамінае, што на работу ў аздараўленчую ўстанову прыязджала многа моладзі. Ва ўсіх вясковых дамах жылі работнікі Дома адпачынку, быў інтэрнат для спецыялістаў. Жыццё населенага пункта круцілася вакол здраўніцы. Ладзіліся канцэрты, паказвалі фільмы. Тут жа, у Савейках, адкрылася паштовае аддзяленне. Рыма Сяргееўна верай і праўдай адпрацавала ў ім 42 гады. Слухаю і па-добраму дзіўлюся аптымізму субяседніцы.
— Я жыву ў нагу з часам.Час мяняецца — і я разам з ім. Акрамя мясцовых падзей цікаўлюся сусветнымі — выпісваю «Ляхавіцкі веснік», часопіс «Планета», перапісваюся з сябрамі і роднымі, — дзеліцца 87-гадовая субяседніца.
А якія кветкі ў савейкаўцаў — пазайздросціш! У двор сям’і Трусевічаў можна вадзіць экскурсіі. Гаспадыня Часлава Тадэвушаўна выпісвае, прывозіць кветкі адусюль . У іх — яе душа. Кожная выпеставана, вырашчана яе клапатлівымі рукамі.

Падвор’е Чаславы і Леаніда Трусевічаў — сапраўдны райскі куток

У двары туі і ружы, «прымасціўся» грыбок, дэкаратыўны басейн. Кожная клумба мае свой «сюжэт». Задумак яшчэ безліч: зрабіць альтанку, сапраўдны басейн — каб было ўтульна і цікава маленькай унучачцы.
Позірк затрымліваецца на невялікіх яблыньках, на якіх яшчэ зялёныя буйныя гронкі пладоў нібы прыліплі да ствала. Гаспадар Казімір Болтуць тлумачыць, што гэта такі сорт. Дрэўца маладзенькае, але пладоў шмат.
Унукі — сыны сярэдняй дачкі, мнагадзетнай маці Людмілы Шпак, нешта майструюць. Бабуля Ядвіга расказвае, што 17-гадовы Віталій добра разбіраецца ў тэхніцы, можа парамантаваць веласіпед ці матацыкл.
— Калі ў Савейках была здраўніца, жыццё кіпела, вакол прыгажосць неапісальная. У Доме адпачынку былі жаночая і мужчынская купальні, працавала лодачная станцыя, а вада ў сажалцы — чыстая-чыстая. Ганялі мяч па футбольным полі, у клубе мерапрыемствы праводзіліся — ды якія, — дадае Ядвіга Іосіфаўна.

Стараста вёскі Леанід Віктаровіч амаль 10 гадоў спраўна выконвае сваю місію.

Галоўная дзеючая асоба вёскі — стараста і дэпутат сельсавета Леанід Віктаровіч. Абкасіць, соткі абмераць, дровы заказаць, могілкі прыбраць — з рознымі бытавымі праблемамі звяртаюцца да яго людзі. І ўсім стараецца дапамагчы.
… Жыве вёска. Большасць жыхароў яе ўжо на пенсіі. Завіхаюцца на ўласным падворку, трымаюць гаспадарку.
Ёсць магазін. Зойдзеш у яго — і нібы на машыне часу вярнуўся на гадоў 30 назад. Але састарэлую абстаноўку гандлёвай кропкі зглажвае ветлівасць прадаўца Галіны Пракаповіч, якая тавар прапануе і жыццём-быццём пацікавіцца.
Аўтобус ходзіць у сераду і выхадныя, а хацелася б часцей… Але мясцовых жыхароў усё задавальняе, яны не скардзяцца, радуюцца дзецям, унукам, праўнукам. Адзінокія старыя вяскоўцы могуць разлічваць на дапамогу сацработнікаў.
Амаль 30 гадоў урач агульнай практыкі Браніслаў Грыб з Савейкаўскай урачэбнай амбулаторыі (праўда, сёння яна размяшчаецца ў Ганчарах) лечыць савейкаўскіх пацыентаў. А першую медыцынскую дапамогу тутэйшыя жыхары атрымліваюць у Тальмінавіцкім ФАПе — фельчар выязджае ў вёску па першым выкліку.

Вылятаюць з радавых гнёздаў савейкаўцы.  Шмат цудоўных людзей выйшла з гэтага чароўнай прыгажосці мястэчка. Але застаюцца і тыя, для каго іх Савейкі — іх жыццё. Яны спадзяюцца, што прадпрымальнік, які сёлета выкупіў комплекс будынкаў палацава-паркавага ансамбля «Савейкі», станоўча паўплывае на іх быццё. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Дзяжурнага, фірма-ўладальнік плануе адкрыць тут установу санаторнага тыпу. Прыступіць да рэалізацыі праекта яна павінна ў наступным годзе.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ядвіга і Казімір Болтуці 46 гадоў разам

Пакуль мамы няма дома, браты Аляксандр, Раман і Віталій Шпакі гаспадараць самі

Падвор'е сям'і Трусевічаў

Прадавец савейкаўскага магазіна Галіна Пракаповіч

На тэрыторыі палацава-паркавага комплексу наводзяць парадак

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *