Моладзь Ляхавіччыны атрымоўвае дыпломы, марыць, дзейнічае

З дыпломамі, каляджане!

Святкаванне Дня моладзі ў Ляхавічах пачалося яшчэ напярэдадні ў пятніцу. Выпускны баль прайшоў у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Для 190 маладых аграномаў, заатэхнікаў, плодаагароднінаводаў, ветэрынарных фельчараў гэта падзея надзвычай запамінальная і хвалюючая. Яны развіталіся са сваім каледжам, з любімымі выкладчыкамі і бестурботным юнацтвам. Наперадзе — самастойнае жыццё, у якім нельга згубіцца, і першае гарантаванае месца працы, дзе неабходна зарэкамендаваць сябе надзейным, перспектыўным і мэтанакіраваным спецыялістам.
Прыгожа, урачыста і незабыўна прайшоў баль развітання. Выпускнікоў віншаваў дырэктар ЛДАКа кандыдат сельскагаспадарчых навук Вячаслаў Сельмановіч. Трынаццаці сёлетнім выпускнікам дыпломы з адзнакай уручыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Свята з выпускнікамі раздзялілі іх педагогі, бацькі, сябры.

Дзень моладзі святкавалі ляхавічане

А ў апошнюю нядзелю чэрвеня вечарам у гарадскім парку культуры і адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча ляхавічане адзначалі Дзень моладзі. З прывітальным словам да юнакоў і дзяўчат звярнуўся начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Алег Траццяк. Самым творчым, актыўным, мэтанакіраваным юнакам і дзяўчатам былі ўручаны падарункі.
Самадзейныя артысты радавалі вакальнымі і танцавальнымі нумарамі мастацкай самадзейнасці. Усе жадаючыя змаглі прыняць удзел у гульнях, конкурсах, пакатацца на арэлях.
Завяршылася святаванне дыскатэкай.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *