Колькі крокаў ад чысціні да безгаспадарчасці. Чарговы рэйд паказаў адрасы парадку і беспарадку ў Ляхавічах

Пасадка дрэў, абнаўленне паркаў і сквераў, добраўпарадкаванне вуліц і двароў, падведамасных тэрыторый і месцаў масавага адпачынку – усё гэта работы, на якіх заняты жыхары раёна падчас восеньскага месячніка добраўпарадкавання. Пераважная большасць землякоў – дбайныя гаспадары: стараюцца, шчыруюць, каб вакол было чыста, утульна, гасцінна. Але ёсць і такія, хто не толькі не спяшаецца прыбіраць, але, здаецца, і ўвогуле не збіраецца гэта зрабіць. Прычым іншы раз ад гаспадароў да безгаспадарчасці некалькі крокаў.
Як рыхтуюцца да зімы і наводзяць парадак на замацаваных тэрыторыях гарадскія прадпрыемствы і арганізацыі рознай формы ўласнасці, падчас чарговага рэйду па добраўпарадкаванні паглядзелі карэспандэнты «ЛВ» і супрацоўнікі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

ЦЗДБА – дбайны гаспадар.
Прыклад парадку – тэрыторыя Ляхавіцкай ЦРБ.

– Кожныя арганізацыя, прадпрыемства ці ўстанова распрацавалі ўласны план мерапрыемстваў падчас месячніка добраўпарадкавання. Пасля яго заканчэння будуць дасылацца справаздачы. Але лепш за любыя словы, канешне, справы, дакладней, відавочны вынік зробленага. Пераважная большасць суб’ектаў заўжды адказна ставіцца да пытанняў добраўпарадкавання, некаторым даводзіцца раз-пораз нагадваць пра неабходнасць навесці парадак на тым ці іншым участку ў зоне сваёй адказнасці. На жаль, ёсць і тыя, хто так і не стаў дбайным гаспадаром, – гаворыць начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Выключны парадак на ўсёй вялікай тэрыторыі. Не проста падмецена, скошана трава, але паўсюдна невялікія астраўкі з альпійскімі горкамі, кветнікамі, малыя архітэктурныя формы. Усё гэта – зона адказнасці ляхавіцкіх медыкаў – тэрыторыя райбальніцы. Дзіву даешся, як у такі складаны час, калі бушуе пандэмія каранавіруса, у медработнікаў знаходзяцца сілы і энергія, каб і ў добраўпарадкаванні паказваць майстар-клас.

Добраўпарадкаванне ад ЖКГ.


Чысціня, усё на сваім месцы, не знойдзеш нічога лішняга – так сустракае наведвальнікаў тэрыторыя раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Варта было б узяць з іх прыклад і работнікам Ляхавіцкага ўчастка ДЭУ-24, якія, здавалася б, і пачалі прыбірацца каля сваёй тэрыторыі, але справу да канца так і не давялі: смецце не сабрана, пустазелле не вырвана.
– Звярталіся з просьбай да работнікаў РАС ДТСААФ навесці парадак на гарадскім аўтадроме. Да рэкамендацый прыслухаліся: скасілі траву, разабраліся са сметнікамі. Прыступілі і да рамонту агароджы, – адзначае Марына Завадская.
Здзівілі, дык здзівілі! І адназначна з лепшага боку. Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый – адносна новая структура ў нашым раёне, але паспела парадаваць землякоў. Напрыклад, крэатыўнай лавачкай, устаноўленай у гарадскім скверы каля фантана. Утульна ўладкавана і тэрыторыя базы цэнтра па вуліцы Пушкіна. Ідэальна чыста на кожным метры тэрыторыі. Плюс мноства клумбаў, альтанка для адпачынку тутэйшых работнікаў. Ва ўсім адчувальны гаспадарскі падыход.
Дастаткова толькі паглядзець, як эстэтычна і стыльна аформлена ўваходная брама ТАА «Кампазітная кампанія», каб зразумець, што да добраўпарадкавання падыходзяць граматна і адказна.
Непадалёк чарговы прыпынак гаспадарскага падыходу:
на гэты раз пастараліся работнікі ДРБУ-200, уладкавалі вакол пляцоўкі для захоўвання пясчана-салянай сумесі і завода па выпуску дарожнай пліткі.

Каля тэрыторыі ІП Бяшэйка і Маглыш.
Гэты ўчастак – зона адказнасці
Баранавіцкага аддзялення БЧ.


Праз некалькі дзясяткаў метраў наткнуліся на зусім іншы полюс парадку – са знакам мінус. Хто аўтары немаляўнічага пейзажу з высокіх гор хмызняку, сухога старога галля і разваленых дрэў? Адно відавочна – прыбраць тут павінны работнікі Баранавіцкага аддзялення чыгункі, гэта зона іх адказнасці.
– Ужо звярталіся з такой праблемай да кіраўніцтва гэтага падраздзялення. І нам давалі абяцанні, што сітуацыю выправяць. Але пакуль толькі на словах. Наступны крок – прымяненне штрафных санкцый за парушэнне правілаў добраўпарадкавання, – расказвае Марына Завадская.
Такі падыход да справы не зразумелы, тым больш, заўжды прыкладам у навядзенні парадку на падведамасным участку была і застаецца тэрыторыя чыгуначнага вакзала. Дык чаму ў адным месцы заўсёдны ўзорны парадак, а насупраць – беспарадак?
Заехалі на яшчэ адзін аб’ект, які трапляў ужо ў поле зроку менавіта з-за негаспадарскіх адносін. Размова пра тэрыторыю адказнасці ІП Бяшэйка і ІП Маглыш. Работа над памылкамі праведзена: тэрыторыя агароджана, праўда, па яе перыметры хмызняк хутка будзе ў рост чалавека, і ніякі снег не схавае яго.
Колькі гадоў запар адно і тое ж можна назіраць каля цяпер ужо неэксплуатуемых будынкаў райпо па вуліцы Вакзальнай. Чаго тут толькі ні сустрэнеш у зарасніках: смецце, рэшткі пікнікоў, хмызняк, папера, бутэлькі… Райпо таксама чакаюць меры адміністрацыйнага ўздзеяння.
Убачанае падчас рэйду падштурхнула да роздуму, наколькі па-рознаму мы ставімся да свайго абавязку – быць гаспадарамі там, дзе жывём, працуем, вучымся, адпачываем…

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.