Не ўсе буслы адляцелі ў вырай…

Адзін дык дакладна застаўся ў Свяціцы, бо хто ж, як не ён, прынёс нядаўна ў маладую сям’ю Ілюкевічаў адразу двух немаўлятак – хлопчыка Ціхана і дзяўчынку Злату? Радаваліся з такой нагоды ўсе аднавяскоўцы! І пакуль мама Таццяна люляе сваіх дзетак, бацька Васіль ледзь паспявае прымаць віншаванні ад землякоў. Але асабліва радуецца браціку і сястрычцы маленькі Захарык – старэйшы сынок Ілюкевічаў. Ён не адыходзіць ад малышоў, гатовы хоць сёння насіць іх на руках. А буслік, вядома, малайчына, ведае, каму дзетак прыносіць. Сям’я Ілюкевічаў – прыклад для іншых. Таццяна – медык, працавала раней у Начы, дзе яе паважалі за добрасумленнасць і адказныя адносіны да працы. А Васіль загадвае фізкультурна-аздараўленчым комплексам пры Свяціцкім СДК. Клапатлівы сын і ўнук, ён карыстаецца аўтарытэтам у вёсцы. Зараз яго аўтарытэт намнога вырас, а марыць ён аб адным: каб толькі яго трое дзетак раслі шчаслівымі ды здаровымі…
Клапатлівыя буслы і раней вельмі любілі рабіць сюрпрызы маладым сем’ям у Свяціцы. Тройчы прыляталі яны да сям’і Сушко – Мікалая і Таццяны, Буйкевічаў – Рамана і Наталлі, Страмавусаў – Людмілы і Уладзіміра, Параскевічаў – Галіны і Сяргея, Рацэвічаў – Таццяны і Юрыя, Буйкевічаў – Галіны і Аляксандра, Курловіч Ірыны, якая мае траіх дзетак таксама. Але асабліва ўпадабалі яны сям’ю Корак Іны (у яе чацвёра дзетак) і сям’ю Ірыны і Вячаслава Русакевічаў. У гэтай маладой сям’і ажно шасцёра дзяцей: дачушкі – Наталля, Алёна, Яна, Маша і сыночкі – Дзіма і Вадзім. Дзеткі ўсе дагледжаныя, акуратныя, выхаваныя. Прыкладам для іх з’яўляюцца бацькі. Ірына – выдатная гаспадыня, клапатлівая маці. Як ідзе з дачушкамі-старшакласніцамі, быццам не маці ім, а сястра: модная, прыгожая і вельмі маладая! Вячаслаў таксама не апошні чалавек у раёне і нават вобласці. Працуе ў райаграсэрвісе шафёрам, не раз займаў прызавыя месцы ў спаборніцтве. Гэтай сям’ёй ганарацца свяцічане, як і сям’ёй Параскевічаў. Трох дачушак-прыгажунь гадуюць яны. Алёна, Наташа і Валя і вучацца нядрэнна, і рукадзельнічаюць, і многа чытаюць.
Шмат добрых слоў можна сказаць і пра іншыя маладыя сем’і, бо адметна тое, што бацькі клапоцяцца пра сваіх дзетак па-сапраўднаму: сочаць за іх вучобай, адпачынкам, ходзяць на бацькоўскія сходы. У некаторых старэйшыя дзеці ўжо вылецелі з роднай хаты, як тыя птушкі, займаюцца ў каледжах, каб потым працягнуць вучобу далей.
Канешне, не ўсё так ідэальна ў жыцці: і цяжкасці бываюць у бацькоў, і прабелы ў выхаванні сваіх дачушак і сыночкаў, але ж важна тое, што сітуацыя папраўляецца і ў дзетак, і ў бацькоў. Спадзяёмся, што яна будзе станавіцца лепшай і лепшай.
…А я выпадкова падслухала, як наш буслік тэлефанаваў сваім суродзічам у адну з цёплых краін, каб хутчэй вярталіся яны на радзіму. Падмога патрэбна! У трох маладых свяціцкіх сем’ях прагназуецца папаўненне! Заяўкі ўжо прыняты, сказаў буслік. А як справы пойдуць так і далей, то ён адзін можа і не справіцца. Таму чакаем вас, буслы! Прыносьце дзетак як мага часцей усім, хто пажадае, бо яны – наша будучыня, наша надзея, наша спадзяванне на адраджэнне роднай Свяціцы.
Вера ДЫДЫШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *