Гэта салодкае слова “горка!”

Вяселле. Да гэтага магічнага рытуалу немагчыма адносіцца раўнадушна. Ён заўсёды зачароўвае, радуе і настройвае на мажорны лад. І не толькі галоўных дзеючых асоб – жаніха і нявесту, іх родных, блізкіх, гасцей, але і выпадковых прахожых, якія запавольваюць рух, убачыўшы вясельны картэж або пачуўшы традыцыйныя крыкі “горка!” праз адчыненыя вокны кватэр ці рэстарана. Нехта, магчыма, успомніць тое цудоўнае імгненне, калі сам браў шлюб, а нехта будзе марыць пра тое, якім жа будзе яго вяселле…
На жаль, не ўсе шлюбы вытрымліваюць экзамен на трываласць, і, як гаворыцца, любоўная лодка разбіваецца аб сямейны быт. Так жыццё ўносіць свае карэктывы ў, здавалася б, непарушнае ніякімі сіламі каханне. Але, як сцвярджае народная мудрасць, ”бабы каюцца – дзеўкі збіраюцца”.
За мінулы год для 189 пар гучаў марш Мендэльсона. Самы актыўны ўзрост для ўступаючых у шлюб землякоў – сталей за 30 гадоў: 31 нявеста і 46 жаніхоў. 29 дзяўчат бралі шлюб ва ўзросце 22 гады, а 26 юнакам споўніўся 21 год, 7 прадстаўніц прыгожай паловы надзелі вэлюм не дасягнуўшы 18 гадоў. 3 пары маладажонаў вырашылі афіцыйна звязаць сябе вузамі Гіменея, дасягнуўшы пенсіённага ўзросту.
Разам са “звычайнымі” вяселлямі ўсё больш папулярнай становіцца ўрачыстая рэгістрацыя юбілейных шлюбаў. У 2010 годзе ў аддзеле загса праводзілася ўшанаванне залатых юбіляраў сямейнага жыцця Рэгіны і Георгія Кіршэўскіх і сярэбраных юбіляраў – Надзеі і Уладзіміра Баўтко.
У мінулым годзе выдадзена 257 пасведчанняў аб нараджэнні дзіцяці. Дарэчы, на свет з’явіліся 123 дзяўчынкі і 134 хлопчыкі. Бацькі найчасцей выбіраюць для сыноў імёны Мікіта і Максім, імі названы, адпаведна, 11 і 10 нованароджаных. Зусім крыху адстаюць у папулярнасці імёны Мацвей, Аляксандр, Ягор, Дзмітрый, Уладзіслаў і Арсеній. Летась у раёне з’явілася на свет па аднаму Анатолію, Андрэю, Ігнату, Мірону, Льву, Паўлу, Расціславу, Васілію, Уладзіміру, Яўгенію, Сямёну, Давіду.
У пасведчаннях аб нараджэнні адзначаны і 43 жаночыя імёны. Сярод іх не страчвае папулярнасці Дар’я, менавіта так у мінулым годзе 11 разоў называлі дзяўчынак. Палінамі, Міланамі і Ксеніямі названы па 8 нованароджаных. 7 маленькіх прыгажунь атрымалі імя Вікторыя, па 6 – Сафія, Ганна і Настасся. Некаторым бацькам прыйшліся даспадобы імёны Рада, Ніна, Ілона, Караліна, Зінаіда, Віталіна, Агата, Эліна, Віялета, Карына, Любоў, Дарына, Дамініка і іншыя.
Нараджэнне дзіцяці – гэта сапраўдны цуд і шчасце для бацькоў. Але апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, калі па розных прычынах будучыя бацькі не спяшаюцца афіцыйна афармляць шлюб, і жанчыны набываюць статус маці-адзіночкі. У мінулым годзе 46 дзяцей нарадзіліся ў незамужніх жанчын, хаця часта бацькі дзіцяці жывуць разам, а шлюб не заключаюць і бацькоўства не ўстанаўліваюць. Некаторыя шукаюць у гэтым матэрыяльную карысць: маці, якая афіцыйна лічыцца адзіночкай, атрымлівае большыя грашовыя выплаты на дзіця, чым тая, якая знаходзіцца ў законным шлюбе. Бацькі лічаць дастатковым тое, што яны жывуць разам і выхоўваюць дзіця. Але гэта не зусім так. Вось апошні выпадак з практыкі. Усё жыццё пара пражыла разам, аднак шлюб зарэгістравала толькі пасля нараджэння дзвюх дачок і бацькоўства пры гэтым не ўстанаўлівала. Пасля смерці бацькоў дочкі, якія даўно сталі дарослымі і мелі ўласныя сем’і, не змаглі аформіць спадчыну бацькі, бо па дакументах ён ім быў чужым чалавекам. І такі выпадак далёка не адзінкавы.
Я жадаю ўсім закаханым браць шлюб, нараджаць дзяцей і ўсё гэта адразу афармляць юрыдычна. Няхай у сем’ях землякоў заўжды пануюць любоў, узаемапавага і згода.
Людміла ПАЛТАРАК, начальнік аддзела загса райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *