Не старэе душой ветэран

Уладзімір Васільевіч Пракапенка жыве ў вёсцы Ганчары. Нарадзіўся ж будучы, а цяпер ужо былы настаўнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны на Магілёўшчыне. Пэўны час пражыў у горадзе Унеча Бранскай вобласці, дзе бацькі-настаўнікі мелі педагагічную практыку. Скончыў 9 класаў, там жа напаткала вестка аб пачатку вайны. А пазней, калі фронт пакаціўся ўжо назад і Браншчыну вызвалілі, – стаў у строй, заняў сваё месца ў шарэнгах змагароў з фашысцкімі захопнікамі. Мабілізацыйныя мерапрыемствы былі зусім нядоўгімі: занялі не больш за тыдзень часу. І – фронт. I Беларускі, 43-я армія, 4-я стралковая Бежыцкая дывізія. Ваяваў кулямётчыкам: у баях пад Гомелем, дзе апроч іншага давялося фарсіраваць Сож, баец Пракапенка быў паранены: раз, другі, трэці. Месяцы на шпітальным ложку. Вайну прадоўжыў на Карэльскім фронце ў складзе аднаго з падраздзяленняў моташтурмавой інжынерна-сапёрнай брыгады.
Вестка аб Перамозе над фашыстамі дагнала воінскі эшалон, у складзе якога знаходзіўся і сапёр Уладзімір Пракапенка, у раёне горада Навасібірска. Разам з многімі іншымі часцямі і злучэннямі Чырвонай Арміі брыгаду кінулі на Далёкі Усход граміць мілітарысцкую Японію. Кропка ў тых падзеях была пастаўлена 2 верасня, аднак, вайсковая служба Уладзіміра Пракапенкі працягвалася яшчэ амаль 2 гады. Пасля дэмабілізацыі ў маі 1947 года прыехаў на Ляхавіччыну, дзе ўжо настаўнічалі бацькі. І таксама пайшоў у школу, у…10 клас. Ня-гледзячы на 23 гады за плячамі, стаў 10-класнікам Ляхавіцкай СШ №1. Можна было б і ў вячэрні час, як узгадвае зараз Уладзімір Васільевіч, аднак, марыў пра ВНУ, а вячэрняя форма вучобы, калі па-шчырасці, гэта не зусім той узровень. У 1948 стаў студэнтам БДУ, але на стацыянары правучыўся не шмат – не было за што. Давялося сумяшчаць вучобу з працай у Мядзведзіцкай школе. За выключэннем 8 гадоў працы інспектарам РАНА, усё жыццё там: настаўнік пачатковых класаў, пэўны час узначальваў школу, а найбольш – настаўнік матэматыкі.
Узгадваецца, як разам з калегамі і вучнямі рамантавалі будынак старой школы. Побач быў пабудаваны жылы дом для настаўнікаў, спартзала, цяпліца. Нават зімой мелі свае чырвоныя памідоры. Мелася таксама гектараў 60 сельгасзямлі, працавала вытворчая брыгада.
Шмат пра што сёння ўспамінае ветэран.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *