Вайна ў лёсе маёй сям’і. Вайна ў лёсе маёй зямлі

Да 65-годдзя Вялікай Перамогі рэдакцыя «ЛВ», раённая арганізацыя РГА «Белая Русь», аддзел адукацыі райвыканкама і райкам ГА БРСМ аб’явілі конкурс сачыненняў-эсэ «Вайна ў лёсе маёй сям’і. Вайна ў лёсе маёй зямлі». І запрасілі старшакласнікаў, навучэнцаў дзяржаўнага аграрнага каледжа падзяліцца ўласнымі думкамі і меркаваннямі на азначаную тэму, расказаць гісторыю сваёй сям’і. На працягу некалькіх перадсвяточных тыдняў у раёнку прыходзілі работы з паметкай «На конкурс». Аб’ёмныя і са сцісла выказанай думкай, з разважаннямі і канкрэтнымі фактамі, ад юных гараджан ці вясковых рабят… Аб’ядноўвала іх адно — нераўнадушнасць, пачуццё глыбокага шанавання сваёй гісторыі, свайго роду, сваіх каранёў.
Аўтары лепшых сачыненняў будуць адзначаны ўзнагародамі аддзела адукацыі, раённай арганізацыі «Белай Русі» і райкама БРСМ, а сёння, напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі, мы прапануем нашым чытачам пазнаёміцца з творчасцю маладых землякоў- удзельнікаў конкурсу.

За шчасце жыць пад мірным небам
Вайна… Якое страшнае гэта слова. Ва ўсе часы яно асацыіруецца з болем, стратамі, смерцю…
Наш народ заплаціў дарагую цану за Перамогу ў Вялікай Айчыннай. За мірную і вольную будучыню змагаліся не толькі салдаты, але і старыя людзі, і дзеці. На роўных з мужчынамі ваявалі жанчыны. Кожны імкнуўся ўнесці свой уклад у хутчэйшую перамогу над ворагам, які здзекаваўся над мірным насельніцтвам і ваеннапалоннымі, для чыіх салдатаў у беларускіх дзяцей забіралі кроў.
У многіх сем’ях і сёння захоўваюцца пажоўклыя лісты, выцвілыя фотаздымкі, дасланыя калісьці з фронту. У нашай сям’і захоўваюцца як рэліквіі ордэны і медалі дзядулі і бабулі. Я часта іх разглядаю і ўспамінаю бабуліны расказы пра вайну.
Мой дзядуля пачаў ваяваць у партызанскім атрадзе, калі яму быў 21 год. Ён на сабе адчуў усе цяжкасці партызанскага жыцця. Пасля вызвалення Беларусі дзядуля пайшоў на фронт і сустрэў перамогу ў Германіі. А бабуля падчас вайны была санітаркай і таксама з войскамі дайшла да Германіі. Там яны і пазнаёміліся. Пасля вайны вярнуліся ў Беларусь і сыгралі вяселле. Вось такая ў нашай сям’і франтавая гісторыя…
Наш народ паказаў усяму свету, што значыць згуртаванасць, адвага, мужнасць. І я ганаруся, што ў нашай краіне свята ўшаноўваецца памяць пра загінуўшых герояў Вялікай Айчыннай. Што і сёння працягваецца работа па аднаўленні імёнаў невядомых салдат, пахаваных у нашай зямлі. Што рамантуюцца помнікі, адкрываюцца музеі. Што з пакалення ў пакаленне перадаецца павага да народнага подзвігу.
Мы ўдзячны вам, дарагія нашы ветэраны, за мірнае неба над галавой, за сённяшні дзень і за будучыню. Мы ганарымся тым, што ў нашай краіне жывуць такія гераічныя людзі!
Іна КУЧЭЙКА,
вучаніца 9 класа СШ № 2.

Жыву і помню
Плакалі матулі над сынамі,
Што ў баях няроўных паляглі.
У палях, парослых палынамі,
Белыя бярозы ўзышлі.
Леанід Пранчак

«Што такое вайна?» — спытала я ў гімназістаў-першакласнікаў. Ніхто з малых не адказаў. З гэтым пытаннем пайшла і да вучняў другога класа. Адказ на яго пачула ад сінявокай танклявай Настачкі: «Вайна — гэта смерць людзей і вельмі страшна». Настачка, як і яе равеснікі, ведае пра вайну з кінафільмаў, якія глядзела па тэлевізары разам з бацькамі.
Я і сама даведалася пра вайну ў другім класе ад настаўніцы, калі чыталі творы пра юных герояў Вялікай Айчыннай. А потым былі сны пра вайну.
…Я іду па вуліцы свайго горада, а за мной імчыць нямецкі танк са свастыкай на баку; я чую пранізлівы гул самалёта, які ляціць нізка над зямлёй і бачу, як з яго люка падаюць бомбы і ўзрываюцца; бягу, думаючы, дзе схавацца, і крычу «Мама!»…
Прачынаюся ў слязах і бачу сваю дарагую мамачку. Яна прытуляе мяне да сябе і гладзіць па галаве:
— Сасніла нядобрае, Алеська?
— Вайну, мамачка, — шапчу я.
— Ведаеш, я калі-нікалі таксама яе, праклятую, сню, хоць вайны не бачыла нават і твая бабуля…
Чаму нам, не бачыўшым на свае вочы жахаў Вялікай Айчыннай, сняцца страшныя сны? Магчыма, гэта перадалося з генамі ад дзядоў і прадзедаў у спадчыну?..
Вайна балюча прайшлася па лёсе вельмі многіх беларускіх сем’яў. Ва ўспа-мінах прадзедаў сённяшніх васьмікласнікаў-гімназістаў шмат агульнага.
«Калі маёй бабулі было 3 гады, пачалася вайна, — піша ў сачыненні Надзя Канановіч. — Яна са сваёй матуляй хавалася ад куль і снарадаў у склепе. 2 бабуліны браты (яны былі намнога старэйшыя) партызанілі. У першым жа баі аднаго з іх — Аляксея — смяротна параніла. Васіль трапіў у палон, але меншы брат Пятро дапамог яму уцячы, а неўзабаве яго самога забілі немцы. У жывых застаўся толькі Васіль, які даўно жыве ў Амерыцы, але часта прыязджае да нас у Карані і заўсёды расказвае пра вайну…»
«Мой дзед, якому ў вайну было 4 гады, са сваёй сям’ёй хаваўся ад немцаў у лесе. Яго дзядулю застрэлілі немцы. А ў бабулі забралі карову, увесь харч і спалілі хату,» — напісаў Дзіма Пажога.
Піша Марына Камінская: «У маёй сям’і ваяваў дзед Анатоль. Пасля двух тыдняў падрыхтоўкі пад Масквой ён разам з некаторымі аднавяскоўцамі быў накіраваны на Украінскі фронт. З баямі прайшоў Балгарыю, Румынію, Венгрыю, Усходнюю Прусію. Полк, у якім служыў прадзед, дайшоў да Берліна. Перамога! Тыя хвіліны ён заўсёды ўспамінаў са слязамі радасці на вачах. У 1946 годзе мой дзед Анатолій Канстанцінавіч Дыдышка вярнуўся дадому, у Ліпск…»
Не мінула вайна і нашу сям’ю. Маю прабабулю Соф’ю Іванаўну Пранчак у 1943 годзе вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Ёй тады было 20 гадоў — не на шмат больш, чым мне сёння. Яна 2 гады працавала на баўэра пад Марбургам. У 1945 го-дзе разам з іншымі суайчыннікамі вярнулася дадому.
Мой прадзед Іван Іванавіч Хмарук з 1940 года служыў у войску. Падчас вайны быў паранены і трапіў у палон, быў на катаржных работах у Паўночнай Нарвегіі да 1945 года. Вызвалены, як і бабуля, саюзнікамі, ён прыехаў у родныя Патапавічы. І зноў адправіўся на прымусовыя работы — ужо за тое, што быў у нямецкім палоне…
Каб больш даведацца пра ваенную гісторыю свайго краю, я чытаю кнігу «Памяць. Ляхавіцкі раён». Асабліва мяне ўразілі артыкулы пра першыя дні вайны. А нядаўна ў раённай газеце прачытала расказ кіраўніка музея аграрнага каледжа Віктара Тарасевіча «Два ваенныя дні» пра першыя баі на Ляхавіччыне. Нібы ўласнымі вачамі ўбачыла і рукапашную, і выбухі. А потым уяўляла гэтую ж дарогу ўлетку 1944, калі па ёй уцякалі, пакідаючы за сабой спаленыя вёскі і разбураныя гарады, фашысцкія захопнікі.
Пасля вайны ляхавіцкая зямля недалічылася больш за 6 з паловай тысяч чалавек. Паўтары тысячы не вярнуліся з фронту. Яўрэі, што знаходзіліся ў гета ў раённым цэнтры, былі расстраляны на ўскрайку горада. Сёння пра тыя фашысцкія злачынствы нагадвае помнік бязвінна загінуўшым, устаноўлены на месцы расстрэлу.
Кожны год беларускі народ урачыста адзначае Дзень Перамогі. Самымі пачэснымі гасцямі свята заўсёды з’яўляюцца ветэраны Вялікай Айчыннай. На жаль, кожны год іх становіцца ўсё менш. Але памяць пра іх подзвіг, мужнасць і нязломленую ворагам волю да перамогі — вечная. Пра вайну трэба памятаць, каб яна не паўтарылася зноў.
Алеся БЕЛІКАВА, вучаніца 11 класа гімназіі. Кіраўнік Тамара ШАСТАКОВІЧ.

Я ганаруся, што нашчадак свайго роду
Вайна не абышла і маю сям’ю. Сярод тысяч іншых прозвішчаў на брацкай магіле ў Валгаградзе ёсць імя майго прапрадзеда Панкрата Васільевіча Бычкова. Пра гэта мне расказала прабабуля Феня. А яшчэ яна заўсёды з гонарам успамінала пра роднага брата Пятра Панкратавіча Бычкова, які быў ваенным лётчыкам і прайшоў вайну ад першага да апошняга дня.
З расказаў майго прадзядулі Міхаіла Кірылавіча Ізафатава я даведалася, што на фронце ён быў сувязістам — забяспечваў сувязь паміж назіральным пунктам і агнявымі пазіцыямі. ”Неяк, — успамінаў ён, — давялося прыкрывацца забітым нямецкім салдатам, каб наладзіць пашко-джаны кабель. А за спіной цягнуліся тры катушкі правадоў… Пад нагамі гарэла зямля, ірваліся снарады…” У баях за Будапешт прадзядулю параніла. Як толькі акрыяў, са шпіталю зноў адразу стаў у строй.
Прадзядулі і прабабулі, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. Але ў маёй памяці засталіся іх светлыя твары і расказы пра суровы ваенны час.
А яшчэ я ведаю, што прапрабабуля Ва-сіліса ў вайну памерла ад тыфу, а прабабуля Фядора Панкратаўна Дудко была ў канцлагеры ў Германіі (яна вынесла нямала здзекаў, але лёс быў літасцівы — вярнулася дадому).
Я ганаруся, што з’яўляюся нашчадкам роду, прадстаўнікі якога гераічна змагаліся з ворагам і моцна любілі сваю Радзіму.
Я таксама люблю сваю Радзіму — Беларусь, вельмі люблю свой ляхавіцкі край. І, упэўнена, ніколі гэтай любові не здраджу.
Маргарыта КУХТА, вучаніца 9 класа гімназіі. Кіраўнік Тамара ШАСТАКОВІЧ.

Вяртанне імя
65 гадоў Вялікай Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 66-ы год, калі была вызвалена родная Беларусь. Кожны наступіўшы пасля Перамогі дзень — гэта ціхія промні сонца па заросшых акопах і зямлянках, па варонках ад узрываў каля вёсак Завінне, Мінічы, Мыслабаж, у лясным масіве «Ганчары», на беразе Шчары…
65 гадоў не здолелі загаіць на зямлі раны вайны, сляды ад куль і снарадаў. І да гэтага часу знаходзяцца астанкі тых герояў, якія ў гады суровых выпрабаванняў загінулі на ляхавіцкай зямлі. Прыклад таму — знойдзеныя ў мінулым годзе пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь пахаванні двух невядомых салдат каля вёскі Петухоўшчына. Яны пакуль застаюцца безыменнымі, а для іх родных і блізкіх — прапаўшымі без вестак. Для мяне і маёй сям’і гэтыя тры словы знаёмы да болю ў душы. Пра свайго прадзядулю Пятра Фаміча Стаяновіча я ведаю са шматлікіх расказаў сваякоў, у асноўным дзядулі па бацькоўскай лініі. Пётр Стаяновіч, родам з Нясвіжскага раёна, быў прызваны ў дзеючую армію ў ліпені 1944 года пасля вызвалення раёна ад фашыстаў падчас другога этапа знакамітай аперацыі «Баграціён». Пасля вучэбнага палка ён прадоўжыў службу пехацінцам у часцях ІІІ Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі Івана Чарняхоўскага. Спачатку прыходзілі пісьма родным і блізкім, а потым весткі з фронту не паступалі. Родныя сэрцам адчулі, што здарылася нешта непапраўнае… Хутка прыйшло кароткае паведамленне: ”П.Ф. Стаяновіч прапаў без вестак падчас баёў ва Усходняй Прусіі, пры штурме горада Кенігсберга».
У нашай сям’і і не спадзяваліся, што калі-небудзь даведаюцца, дзе пахаваны прадзядуля, хаця неаднойчы з гэтай просьбай пісьмова звярталіся ў розныя ваенныя ведамствы. Але напачатку сямі-дзесятых гадоў мінулага стагоддзя сям’я атрымала паведамленне, што падчас раскопак воінскага пахавання разам з астанкамі аднаго з салдат знойдзена яго зброя, на якой было напісана «Пётр Стаяновіч». Так было ўстаноўлена, што пра-дзед загінуў і пахаваны ў Несцераўскім раёне, у 25 кіламетрах ад Калінінграда. Столькі дзесяцігоддзяў прадзядуля лічыўся без вестак прапаўшым, але дзякуючы вышуковай рабоце зусім незнаёмых людзей устаноўлена месца яго гібелі. Пасля атрымання звесткі на магілу бацькі ездзілі сын і дзве дачкі. Вось так вайна ў чарговы раз напомніла нашай сям’і пра сябе.
На памяць пра прадзядулю застаўся толькі даваенны фотаздымак і паведамленне пра яго гібель і месца пахавання. Я заўсёды буду памятаць пра яго і пра ўсіх тых, хто загінуў. Гэта неабходна, каб мы, нашчадкі, жылі пад мірным небам. Мы, сённяшняе пакаленне, удзячны вам, шаноўныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, і стараемся, каб на помніках і абелісках было ўсё менш надпісаў «невядомы салдат». Пра герояў Вялікай Айчыннай вайны мы расказваем падчас экскурсій у нашым музеі і наведванні месцаў баявой славы Ляхавіччыны.
Святлана СТАЯНОВІЧ, навучэнка 11-А групы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

Памяць сэрца
Светлае, радаснае і вялікае свята — 65-годдзе Вялікай Перамогі мы адзначым чарговы раз 9 мая. Яго кожны неабыякавы чалавек прапускае праз сэрца і душу, бо ў кожнай беларускай сям’і ёсць свая, асабістая старонка ў гісторыі Вялікай Айчыннай, якая абавязкова перадаецца з пакалення ў пакаленне. У нашай сям’і гэта свята адначасова і радаснае, і сумнае. Пасля вайны ў сям’ю Буравых прыйшла «пахавальная», у якой паведамлялася, што дзядуля майго таты, а мой прадзед Ягор Васільевіч Бураў загінуў у барацьбе з ворагам 15 студзеня 1943 года і пахаваны пад Ленінградам. На фронце ваяваў і яго старэйшы сын Аляксей Ягоравіч Бураў, мой дзед, які, на шчасце, вярнуўся з вайны жывым і здаровым.
Мой дзядуля нарадзіўся ў вёсцы Ізноскава Калужскай вобласці, там прайшло яго дзяцінства, там вучыўся ў школе… Але ўсё перакрэсліла зладзейка-вайна. У 1942 годзе, калі да іх мясцін наблізіўся фронт, усіх жыхароў — у асноўным старых, жанчын і дзяцей — фашысты па-гналі ў спецыяльна адведзеныя лагеры. Так сям’я майго дзеда (маці і пяцёра дзяцей) сталі вязнямі канцлагера і прайшлі праз страшныя выпрабаванні голадам, холадам, хваробамі і здзекамі. Асабліва цяжка было дзецям. Мая прабабуля Алена Мікалаеўна Бурава рабіла пад калючым дротам падкоп і, рызыкуючы сваім жыццём, гледзячы смерці ў вочы, брала старэйшага сына Аляксея і ішла за 10-15 кіламетраў у вёскі прасіць што-небудзь паесці. А пад раніцу вярталі-ся ў лагер ужо з ежай. Так уся сям’я выратавалася і дачакалася вызвалення ў 1943 годзе. І адразу мой дзед Аляксей Бураў добраахвотнікам пайшоў на фронт. Яму было 18 гадоў. Ваяваў на І Беларускім фронце мінамётчыкам 97-га армейскага запаснога палка, потым камандзірам разліку. Наш дзядуля разам з аднапалчанамі вызваляў ад фашыстаў краіны Еўропы, удзельнічаў у цяжкіх баях пры фарсіраванні Віслы і Одэра. Дзень Перамогі Аляксей Бураў сустрэў у Берліне і пакінуў свой подпіс на сцяне рэйхстага. Пасля вайны дзядуля яшчэ 5 гадоў служыў у Германіі ў групе савецкіх войск. Яго мама-ўдава ўжо не змагла з дзецьмі вярнуцца на Радзіму, бо вёска была поў-насцю знішчана карнікамі. Другой радзімай для сям’і Буравых стала Беларусь — вёска Жарскія Ляхавіцкага раёна. Сюды пасля службы ў Германіі вярнуўся і мой дзядуля. Атрымаўшы дыплом Магілёўскага педагагічнага інстытута, Аляксей Ягоравіч больш за 40 гадоў працаваў у школах Ляхавіцкага раёна настаўнікам рускай мовы і літаратуры, апошнія 30 гадоў — у Свяціцкай СШ. Доўгі час узначальваў пярвічную ветэранскую арганізацыю былога калгаса «Усход», вёў вялікую работу сярод моладзі па ваенна-патрыятычным выхаванні.
Як найдаражэйшы скарб, у нашай сям’і захоўваюцца ўзнагароды дзядулі за мужнасць і гераізм — два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі ”За ўзяцце Варшавы”, ”За ўзяцце Берліна”, ”За Перамогу над Германіяй”, шматлікія юбілейныя медалі. Зараз, на вялікі жаль, нашага дзядулі ўжо няма ў жывых. Але памяць пра яго — вечная. У гонар дзеда мае бацькі далі свайму сыну і майму брату імя Аляксей. Гэтым імем назвала свайго сына і дачка дзеда (мая цёця) Святлана Юрасёва.
Нашай сям’і вельмі дарагі і фотаздымак у кнізе ”Памяць”, дзе сфатаграфаваны мой дзед на сустрэчы ветэранаў у Ляхавічах 3 ліпеня 1984 года. Шмат расказвае нам, сваім унукам, пра дзеда і бабуля Валянціна Дамінікаўна Бурава.
У Свяціцы жывуць сябры майго дзядулі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Сцяпанавіч Курловіч і Дзмітрый Карпавіч Буйкевіч — бадзёрыя, поўныя аптымізму людзі. Пры сустрэчы з імі я заўжды, у першую чаргу, зычу паважаным землякам моцнага здароўя і шчыра кажу простае дзякуй. Дзякуй за тое, што вы-стаялі і перамаглі, што абаранілі будучыя пакаленні ад фашысцкай навалы. Дзякуй за тое, што мы жывём пад мірным небам і яркім сонцам у квітнеючай Беларусі! Дзякуй за шчаслівае дзяцінства! Дзякуй за Перамогу!
На маю думку, быць нашчадкам Вялікай Перамогі не толькі ганарова, але і вельмі адказна. Мы разам павінны прыкласці ўсе намаганні, каб ніколі не паўтарыліся жахі вайны. Няхай заўсёды будуць мір і спакой ва ўсім свеце.
Наталля БУРАВА, вучаніца 8 класа Свяціцкай СШ.

Дзякуй за Перамогу
Вайна — гэта самае страшнае і жудаснае ў нашым вялікім свеце, не толькі для людзей, але і цэлых краін. Колькі ахвяр пакладзена на алтар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне! Фашысцкія захопнікі і іх прыспешнікі разбурылі і спалілі 209 гарадоў, 9200 вёсак, знішчылі 7000 школ, самае страшнае, што ахвярамі вайны сталі каля 3 мільёнаў чалавек. Але наш народ не адступіў перад ворагам, а знайшоў у сабе сілы супрацьстаяць фашысцкай агрэсіі. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — бессмяротны подзвіг народаў-пераможцаў. Мы, сённяшняе пакаленне, не маем права ў паўсядзённых клопатах, у радасных падзеях сучаснага жыцця забываць тых, хто даў нам магчымасць жыць у свабоднай краіне. Многія ўдзельнікі той вайны ахвяравалі ўласным жыццём, але адстаялі незалежнасць краіны, каб іх нашчадкі маглі спакойна вучыцца, працаваць і жыць. Вялікі дзякуй вам, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, за патрыятызм, мужнасць, вы-трымку і самаахвярнасць.
Вольга ТУРЦ, навучэнка 11 «А» групы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, член экскурсійнай групы краязнаўчага гуртка.

“Я жывы і здаровы. Вітаю і віншую”
Прайшло ўжо 65 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Сёння мы жывём пад мірным небам і з цяжкасцю можам уявіць, як калісьці на нашай зямлі ішла гэта бязлітасная вайна, як забівалі дзяцей і разлучалі іх з матулямі, як ставілі вопыты на хлопчыках і дзяўчынках, на ваеннапалонных. А, між тым, так было. Мы гэта ведаем, і сэрца сціскаецца ад болю…
Наш народ змог адстаяць сваю незалежнасць, і цяпер Дзень Перамогі для нас — найвялікшае свята. Мы ўшаноўваем памяць тых, хто не вярнуўся з поля бою, і ўдзячны тым, хто прайшоў праз вайну і штогод сустракае 9 мая са слязамі на вачах.
Мае продкі таксама набліжалі перамогу. Прадзед Данііл Мікалаевіч Мацкевіч пайшоў на фронт у чэрвені 1941 і дэмабі-лізаваўся ў 1946 годзе. Ён прайшоў праз усю вайну і сустрэў Перамогу ў Берліне, атрымаў шмат узнагарод, у тым ліку ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль ”За баявыя заслугі”. Яго жонка Марыя Яфімаўна з трохгадовай дачкой (маёй бабуляй) паспела эвакуіравацца на Урал, там прайшла курсы медыцынскіх сясцёр і з 1942 года да жніўня 1945 працавала ў ваенным шпіталі.
Браты маёй прабабулі таксама ваявалі: Іван дайшоў да Германіі і быў дэмабілізаваны ў 1946-ым, а Міхаіл і Фёдар загінулі на полі бою — адзін у Прыбалтыцы, а другі пад сценамі Кенігсберга.
Быў на вайне і другі мой прадзед — Фёдар Аляксандравіч Рагаўцоў. Доўгія гады родныя лічылі, што ён загінуў пры фарсіраванні ракі Проня ў Слаўгарадскім раёне. І толькі ў 2008 годзе мы даведаліся праўду пра апошнія дні яго жыцця. Нямецкая арганізацыя «Саксонскія мемарыялы» аднавіла прозвішчы вязняў нямецкіх канц-лагераў. Браты майго дзеда атрымалі паведамленне, што іх бацька ў студзені 1944 года трапіў у палон і ў снежні 1944 памёр у адным з канцлагераў на тэрыторыі Германіі.
Мой дзед Аркадзій Фёдаравіч Рагаўцоў, якому на пачатак вайны споўнілася 6 гадоў, расказваў, як заўсёды не хапала хлеба, як яны збіралі каласкі, а вясной — мёрзлую бульбу, і якой смачнай здавалася нават гэтая яда. Дзядуля бачыў, як немцы гналі на расстрэл яўрэяў, якія пакорліва ішлі за сваім свяшчэннікам на пагібель…
Больш за ўсё ў сям’і захавалася інфармацыі пра майго прадзеда Данііла Мікалаевіча Мацкевіча, у тым ліку фотаздымкі (на адным з іх — сяржант Кантарыя і радавы Ягораў, якія ўстанавілі пераможны сцяг над рэйхстагам) і пісьмы. Гэты ліст прадзед Данііл даслаў сваёй сястры пасля Перамогі.
«Дарагая, мілая Ксенечка!
Я жывы і здаровы. Святкую вялікае свята. Вітаю і віншую цябе з днём 9 мая 1945 года. Вялікім днём заканчэння Айчыннай вайны, поўным разгромам арміі нямецкіх захопнікаў, капітуляцыяй Германіі і перамогай савецкай слаўнай зброі… Жадаю табе самага выдатнага здароўя. Тысячу раз моцна-моцна цалую. Хутка ўбачымся, мая дарагая сястрычка. Будзь здаровай і вясёлай.
Д. Мацкевіч.
09.05.1945 г. Берлін».
Ганна РАГАЎЦОВА, вучаніца 10 класа гімназіі.

І будзе вечная зямная цеплыня
Вайна па-рознаму ўварвалася ў жыццё кожнага чалавека. Але агульнымі для ўсіх былі людскія пакуты і мільёны заўчасна абарваных жыццяў, незлічоныя матэрыяльныя страты, спаленыя гарады і вёскі. Разам з тым, вайна абудзіла годнасць людзей, раскрыла ўсё добрае, узнёслае, што было схавана ў душы, самаадданы патрыятызм, еднасць і дружбу братніх народаў. Такога чыстага парыву любові да сваёй Айчыны, такой самаахвярнай гатоўнасці аддаць за яе жыццё, бадай, ніколі не было.
Мой прадзед у Вялікую Айчынную вайну быў снайперам. Я ведаю пра яго па расказах сваіх дзядулі і таты. Мой прадзед Іван вярнуўся жывым з вайны і ў мірныя дні жыў у вёсцы Пад’язаўле.
8 мая 2002 года з дзедам Барысам мы былі на могілках каля вёскі Вадзяціна, дзе адкрывалі новы помнік у памяць аб загінуўшых у чэрвені 1944-га лётчыках. Колькі сабралася людзей (прыехалі нават генералы з Масквы)! Мне тады было 7 гадоў, але гэта падзея вельмі ўразіла і запомнілася назаўжды.
Хачу расказаць пра гэты гераічны экіпаж. Падчас правядзення аперацыі «Баграціён» (пачалася 23 чэрвеня 1944 года) савецкае камандаванне надавала вялікае значэнне чыгуначнаму вузлу ў горадзе Баранавічы і размешчанаму недалёка ад горада ваеннаму аэрадрому. Праз чыгуначную станцыю фашысты спешна падцягвалі свае рэзервы бліжэй да фронту. Тут кожны дзень збіралася вялікая колькасць ваенных эшалонаў з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, тэхнікай і жывой сілай. На аэрадроме базіравалася мноства гітлераўскіх бамбардзіроўшчыкаў «юнкер» і зні-шчальнікаў «месершміт». Авіяцыя з усіх сіл спрабавала дапамагчы сваім адступаючым войскам стрымліваць рашучае наступленне Савецкай Арміі. Для знішчэння ваенных фашысцкіх аб’ектаў камандаванне І Беларускага фронта пасылала савецкіх бамбардзіроўшчыкаў з авіяцыі дальняга дзеяння. Яны перасякалі лінію фронту і, нягледзячы на знішчальны агонь варожых зенітак, прарываліся да горада і аэрадрома, знішчалі буйныя аб’екты ворага, наводзячы на гітлераўскіх салдат страх і паніку. У ноч з 25 на 26 чэрвеня 1944 года звяно нашых бамбардзіроўшчыкаў пад кіраўніцтвам штурмана гвардыі лейтэнанта Мікалая Цацына атрымала баявы загад: нанесці бомбавы ўдар па фашысцкім аэрадроме ў Баранавічах. Як часта было ў час вайны, нашы бамбардзіроўшчыкі ішлі на заданне без прыкрыцця знішчальнікаў. На дальніх подступах да аэрадрома савецкія самалёты былі заўважаны фашысцкімі пастамі наземнага назірання, і ў паветра імгненна ўзмылі «месершміты». Паветраны бой завязаўся паміж вёскамі Пад’язаўле і Вадзяціна. Нашы «сокалы» смела ўступілі ў паветраны бой з фашыстамі. Ад насядаўшых з усіх бакоў «месераў» яны ўпарта адбіваліся. Неба, прашытае агнём, здавалася, закіпала. Але сілы былі няроўныя. Ад прамога пападання снарада адзін савецкі бамбардзіроўшчык ўзарваўся ў паветры. Лётчыкі загінулі. Толькі на трэці дзень гітлераўцы дазволілі пахаваць лётчыкаў на могілках вёскі Вадзяціна. І толькі ў аднаго героя (яго імя Мікалай Цацын) вяскоўцу ўдалося знайсці дакументы і перадаць іх пасля вайны ў Ляхавіцкі райваенкамат. Пасля вайны на магіле быў устаноўлены абеліск у памяць аб загінуўшых лётчыках. На ім указалі толькі прозвішча аднаго, пры якім знайшлі дакументы, — Мікалая Цацына.
Пасля вайны пашчасціла адшукаць родных лётчыка Цацына, ураджэнца Горкаўскай вобласці. Яны неаднойчы прыязджалі на магілу свайго сына і брата. І толькі праз 55 гадоў пасля трагедыі сталі вядомы прозвішчы ўсіх членаў гераічнага экіпажа баявой машыны № 396. Мікалаю Цацыну і Антону Белазёраву было па 22 гады, Майсею Могатаву — 23 гады, Цімафею Бычкову і Паўлу Захараву па 26 гадоў.
Загінуўшы экіпаж 4-га гвардзейскага авіяпалка 9-й гвардзейскай авіядывізіі выконваў заданне па знішчэнні варожай тэхнікі і жывой сілы праціўніка, разбурэнні лётнага поля на аэрадроме ў Баранавічах. Да канца вайны заставалася менш за год…
І вось 8 мая 2002 года, напярэдадні Дня Перамогі, адбылося адкрыццё новага помніка. На ім выгравіраваны імёны загінуўшых герояў. Памяць — яна была, ёсць і будзе. Час ёй — не перашкода.
Вось бадай і ўсё, што мне ўдалося даведацца пра загінуўшых лётчыкаў. Закончыць свой расказ хочацца словамі з кнігі беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць»: «Прыйдзе дзень, і мяне не бу-дзе. Але будзе вечная зямная цеплыня».
Вольга ВОЙЦІК, вучаніца 9 класа СШ № 2.

Яны нам усё даруюць…
Я помню свайго дзеда Івана. Ён, цяжка хворы, ляжыць на ложку. Маленькая сястрычка, якая толькі навучылася хадзіць, выглядае з-за фіранкі і быццам гуляе з ім у хованкі. Я са старэйшым братам Сцяпанам прынёс паказаць дзядулі цацку-робата, якога мне падарылі на дзень нараджэння. Робат хадзіў, страляў і крычаў. Дзед цацку пахваліў, але папрасіў выключыць, каб не чуць страляніны. Дзядуля расказаў, што, калі яму было 8 гадоў (як і мне тады), у нашай вёсцы гаспадарылі фашысты. Дзеці іх спачатку баяліся. Але ў іх быў той узрост, калі ўсё цікавіць. Хлапчукі бегалі глядзець, што робяць акупанты, а тыя давалі ім цыгарэты пакурыць, а потым рагаталі, калі хлапчукі закашліваліся ад тытунёвага дыму. Дзеці хутка папрывыкалі да тытуню і нават кралі з дому яйкі і выменьвалі іх у фашыстаў на цыгарэты. Гітлераўцы не толькі забівалі зброяй, здзекаваліся, але і знішчалі здароўе дзяцей. Дзед курыў усё жыццё, можа таму і пастаянна хварэў.
Дзень Перамогі для мяне заўсёды свята. Я люблю, калі 9 мая мы ўсёй сям’ёй ездзім на Курган Славы. Аднойчы ў гэты дзень вучням нашай школы было даручана ўручаць кветкі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны з усёй Ляхавіччыны. Мы стаялі па адзін бок дарогі, ветэраны ся-дзелі насупраць. Раптам пайшоў дождж. Настаўніца адкрыла парасон, і мы, дзеці, сціснуўшыся ў кучку, схаваліся пад ім. Да ветэранаў падышлі людзі і сваімі парасонамі хавалі герояў Перамогі ад дажджу, але ўсё ж кроплі даставалі іх. Я панёс ім кветкі. А ветэраны прыветна ўсміхаліся. І я зразумеў, што яны нам усё даруюць. Даруюць, у сэнсе — за ўсё прабачаць, і даруюць — у сэнсе — падарылі свята Перамогі і магчымасць спакойна вучыцца, жыць і тварыць у свабоднай і прыгожай краіне.
Павел КАРЧЭЎСКІ, вёска Тальмінавічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *