Навучыць быць патрыётам. У СШ № 1 г. Ляхавічы метады і прыёмы па ваенна-патрыятычным выхаванні ў большасці практыка-арыентаваны

У планах устаноў адукацыі раёна ваенна-патрыятычнае выхаванне – сярод прыярытэтных накірункаў дзейнасці. І справа зусім не ў тым, каб навучыць падрастаючае пакаленне абыходжанню са зброяй (хаця для юнакоў дапрызыўнога ўзросту і гэта зусім не лішняе). Задача – навучыць актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, быць адказным і ініцыятыўным, паказаць, што толькі агульнымі намаганнямі можна дасягнуць значных вынікаў.
Шанаванне гісторыі і дзяржаўных сімвалаў, пачуццё павагі да Радзімы і землякоў, гатоўнасць адстойваць незалежнасць і будаваць квітнеючую краіну надзвычай важныя для тых, каго сёння мы называем будучыняй Беларусі.

У СШ № 1 метады і прыёмы па ваенна-патрыятычным выхаванні ў большасці практыка-арыентаваныя: падарожжы па малой радзіме, экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць, на Лінію Сталіна, у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, візіты ў ваенныя часці і спаборніцтвы, урокі мужнасці, тэматычныя тыдні і г. д. Толькі завяршыўся, напрыклад, тыдзень прававых ведаў «Жыць па законах краіны і сумлення павінен кожны». У межах праграмы вучэбна-трэніровачных збораў па ваенна-патрыятычнай падрыхтоўцы «Пераможац» каманда з СШ № 1 засвойвала навыкі дапрызыўнай падрыхтоўкі, авалодвала прыёмамі самаабароны і многімі іншымі на базе Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці.  Вельмі запатрабаваны шматлікія сустрэчы з людзьмі розных прафесій і спецыяльнасцяў. Не аднойчы школьнымі гасцямі станавіліся ваеннаслужачыя часцей краіны, курсанты акадэмій Міністэрства ўнутраных спраў і ваеннай.
У верасні падчас Тыдня народнага адзінства ўрок мужнасці ў школе старшакласнікам выкладалі дэсантнікі з 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі Пскоўскай вобласці, якія прымалі ўдзел у сумесных стратэгічных вучэннях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2021». Занятак атрымаўся цікавым, павучальным і вельмі патрыятычным. Такія сустрэчы фарміруюць у рабят правільнае ўяўленне пра воінскую службу, гераічныя ўчынкі ваеннаслужачых у мірны час, пра доўг і абавязак перад Айчынай.
20 лістапада сярод гасцей, якія прысутнічалі на цырымоніі прыняцця воінскай прысягі новым папаўненнем 8-й радыё-тэхнічнай брыгады, была і дырэктар СШ № 1 Наталля Кулак. Яна шчыра павіншавала навабранцаў з важным статусам і пажадала ім быць дастойнымі абаронцамі сваёй Радзімы.
Удзел дырэктара школы ва ўрачыстым мерапрыемстве не выпадковасць. Справа ў тым, што рабяты з СШ № 1 каторы год прымаюць удзел у абласным этапе ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца», сёлета ўвайшлі ў дзясятку лепшых. Праграма спаборніцтва ўключае іспыты, уменні для якіх добра развіваць пад кіраўніцтвам прафесіяналаў –
ваеннаслужачых.
– Прапанову аб супрацоўніцтве школы і ваеннай часці сустрэлі як даволі перспектыўны накірунак. Акрамя ўсіх плюсаў, важна, каб юнакі маглі на свае вочы ўбачыць, что такое армія, ацаніць умовы службы. Такую магчымасць, упэўнена, прадаставіць сяброўства з
8-й радыётэхнічнай брыгадай. Воінскае злучэнне сёлета адзначыла сваё 80-годдзе і вядома сваімі слаўнымі традыцыямі, уменнямі па выкананні баявых задач. А ў адукацыйнай гісторыі нашай школы былі і ліцэйскія класы з ваенна-патрыятычным профілем. Многія тыя выпускнікі пасля заканчэння СШ паступілі ў Ваенную Акадэмію і выбралі прафесію абараняць Радзіму, – падкрэслівае дырэктар школы Наталля Кулак.
Сёння ў СШ сфарміраваны клас прававой накіраванасці – 9 «В», дзе ў праграме значыцца вывучэнне факультатыва «Юны абаронца Айчыны».
З 1 верасня ў штаце школ працуюць кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. На іх, як і на ўвесь калектыў педагогаў, ускладзена важная роля па выхаванні сапраўдных патрыётаў і дастойных грамадзян краіны, якія будуць ведаць і шанаваць гісторыю і традыцыі сваіх дзядоў-прадзедаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.