На лініі святла. 90-гадовы юбілей «Белэнерга» адзначае і калектыў Ляхавіцкага раёна электрычных сетак

У адзін з самых кароткіх дзён года – 22 снежня – сваё прафесійнае свята адзначаюць тыя, для каго «цяпло» і «святло» не проста словы, а абавязак, работа і нават лёс. Ёсць такая прафесія – даваць святло – гэта і пра калектыў Ляхавіцкага раёна электрасетак філіяла «Баранавіцкія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга». Падраздзяленняў у арганізацыі нямала. Зазірнём у асноўныя, каб убачыць у справе тых, хто ў будні і святы, у любую пару года шчыруе дзеля забеспячэння землякоў электраэнергіяй. Нягледзячы на адрозненні ў спецыфіцы, дзейнасць раённай дыспетчарскай службы, брыгады па рамонце і эксплуатацыі размеркавальных сетак, службы збыту электраэнергіі накіравана на тое, каб электрычнасць бесперабойна працавала на людзей.

Віктар Станкевіч.

Сёння калектыў раёна электрасетак – гэта 72 чалавекі. Як адзначыў начальнік РЭС Віктар Станкевіч, нягледзячы на той факт, што 2021 год быў складаным, ляхавіцкія энергетыкі не толькі паспяхова справіліся з усімі пастаўленымі задачамі, але і дастойна вытрымалі выпрабаванні, якіх не пашкадавала сёлета стыхія. Напрыканцы студзеня – у пачатку лютага цыклон «Ларс» прынёс з сабой снежна-ветранае надвор’е, наліпанне снегу на паветраныя лініі электраперадачы стала прычынай адключэнняў і перабояў з падачай электрычнасці ў больш чым паўсотні населеных пунктаў Ляхавіччыны. У барацьбу са стыхіяй ва ўзмоцненым рэжыме ўступілі профі, іншы раз даводзілася працаваць і ноччу.

Іван Бурбуць і Анатолій Кудзіновіч.


– Адразу пачалі прымаць  неабходныя меры па ліквідацыі наступстваў цыклону, аднаўленні энергазабеспячэння спажыўцоў. Дзеля гэтага  павялічылі і колькасць аварыйна-аднаўленчых брыгад з пяці да дзевяці, яшчэ адну брыгаду нам у дапамогу адправілі Маладзечанскія электрасеткі. Таксама давялося ўбіраць дрэвы, што ад моцнага ветру ўпалі на паветраныя лініі электраперадачы, – узгадвае пачатак года Віктар Станкевіч.
Надзвычайная сітуацыя паказала: работнікам раёна электрасетак па сілах справіцца з любой задачай. Бо працуюць тут не толькі майстры сваёй справы, а яшчэ і дружныя, адказныя, гатовыя падтрымаць і дапамагаць. Людзі не лічыліся з часам, разумелі: без святла пакідаць надоўга нельга ні вытворчыя аб’екты, ні дамы і кватэры. А лепшыя з лепшых – майстар брыгады вулічнага асвятлення Аляксей Салата і электраманцёр Арцём Станкевіч – атрымалі Падзякі РУП «Брэстэнерга» за добрасумленную працу.
Адразу пасля заканчэння  ацяпляльнага сезона энергетыкі пачынаюць рыхтавацца да наступнага, каб безаварыйна, устойліва і надзейна спрацаваць у халады і быць у поўнай гатоўнасці да любых сюрпрызаў надвор’я.
– Калі коратка, то ўсе даведзеныя заданні выканалі. Зроблена нямала: заменены кіламетры старых правадоў паветраных ліній электраперадачы на ізаляваныя. Перавага ў тым, што яны вытрымліваюць большую нагрузку і, адпаведна, павышаюць надзейнасць  электразабеспячэння спажыўцоў. Акрамя таго, у залік падрыхтоўкі аб’ектаў энергазабеспячэння да работы ў асенне-зімовы перыяд можна аднесці замену 17 камплектных трансфарматарных падстанцый, дзевяці сілавых трансфарматараў, будаўніцтва і рэканструкцыю высакавольтных ЛЭП.
У правядзенні вышэйзгаданых работ майстар-клас і выключны прафесіяналізм дэманструюць лінейныя брыгады. Кожную з іх узначальваюць майстры энергетычнай справы, вопыт кожнага з якіх на вагу золата: Валерый Калацкі, Вадзім Абіеў, Сяргей Зайко. Яны ў РЭСе карыстаюцца аўтарытэтам і з’яўляюцца выдатнымі настаўнікамі для моладзі. Агульная для кожнага з майстроў акалічнасць – яны стварылі вакол сябе сапраўдную каманду, у аснове якой узаемадапамога і падтрымка.
Самае далёкае падраз-дзяленне РЭС – Востраўскі ўчастак – узначальвае Аляксандр Акаршчук. Ён разам з чатырма электраманцёрамі кантралюе, каб святло не пакідала бліжэйшыя населеныя пункты. І з гэтым участкам усё ў парадку.
Электраманцёры лінейных брыгад Юрый Зазуля, Сяргей Таранда, Сяргей Шалік – прыклад адданасці справе і калектыву. Прафесіянал высокага класа – гэта і пра электраманцёра па эксплуатацыі размеркавальных сетак Яўгенія Адамава, які ўзнагароджаны Ганаровай граматай «Брэстэнерга».
Візітоўка арганізацыі – так можна назваць аператыўна-дыспетчарскую службу РЭС. Менавіта сюды паступаюць сігналы SOS, калі ў любой кропцы раёна ўзнікаюць праблемы з электрычнасцю. І менавіта работнікі аператыўна-выязной брыгады першымі спяшаюцца на дапамогу. Узначальвае каманду энергааператыўнікаў Дзмітрый Максімчык. Каардынатарамі дзейнасці электраманцёраў АДС з’яўляюцца дыспетчары, яны таксама кантралююць стан ліній электраперадачы і абсталявання падстанцый. Раўненне на лепшых з лепшых – Ігара Арцюшкевіча і Андрэя Шпака. А нядаўна Падзяка «Брэстэнерга» была адрасавана электраманцёру Юрыю Юрчанкову. Каб хутка і якасна справіцца з парывам на лініі электраперадачы, граматна правесці пераключэнне ці адключэнне, знайсці прычыну аварыі, неабходны належная падрыхтоўка, добрыя веды, выкананне правілаў бяспекі, высокая кваліфікацыя плюс адказнасць, уважлівасць і ўменне працаваць у камандзе. Усё гэта і пра электраманцёраў службы. Тон у прафесіі задаюць Іван Гурскі і Ігар Шпак.
Напэўна, з закрытымі вачыма на карце пакажа ўсю структуру энергазабеспячэння Ляхавіччыны, раскажа пра колькасны і якасны склад энергасістэмы галоўны інжынер Сяргей Фінюцін. Больш за два дзесяцігоддзі з раёнам электрасетак звязана жыццё і працоўная біяграфія намесніка галоўнага інжынера Леаніда Зелянеўскага. Цяпер ён праводзіць вучобу сярод супрацоўнікаў, бяспека працы –
таксама зона яго адказнасці. Пад кіраўніцтвам намесніка начальніка РЭС Івана Бурбуця працуе служба збыту электраэнергіі. Выдатнымі профі з’яўляюцца кантралёр Таццяна Паршына і электраманцёр па эксплуатацыі прыбораў уліку Аляксандр Кульчык. Для многіх, хто працаваў у розны час у РЭС, вопытным настаўнікам, дарадцам стаў майстар па эксплуатацыі прыбораў Міхаіл Тарлюк. За працоўныя заслугі ён узнагароджаны Ганаровай граматай «Белэнерга». Інжынер вытворча-тэхнічнай групы Віктар Рамановіч, лічы, навічок у прафесіі. Але паказвае добрыя вынікі, самаўдасканальваецца, не стамляецца вучыцца ў сваіх калег. На міні-ГЭС «Шчара» па праве самым паспяховым работнікам лічыцца машыніст Дзмітрый Кірмель.

Сяргей Фінюцін (справа) і Дзмітрый Максімчык.


– Для бесперабойнай работы неабходны надзейны разнапрофільны аўтапарк.
Удзячны кіраўніцтву «Брэстэнерга» за пастаяннае аўтамабільнае папаўненне. Так, сёлета атрымалі «вышку» для  брыгады вулічнага асвятлення, аўто для службы збыту, на падыходзе і чарговая абноўка – тэхніка для лінейнай брыгады, – расказвае Сяргей Фінюцін.
Начальнік РЭС Віктар Станкевіч калісьці пачынаў шлях у прафесіі з пасады інжынера. Прызнаецца, што нават і не заўважыў, як шмат старонак у яго біяграфіі заняла энергетыка. 2021 год для «Белэнерга» юбілейны – 90 гадоў з дня заснавання. Сваё важкае слова ў энергазабеспячэнні сказалі ветэраны арганізацыі, чый вопыт бясцэнны – Мікалай Траяновіч, Аляксандр Грыц, Аляксандр Бузук, Вікенцій Чайко, Іван Радкевіч, Анатолій Касцюкевіч, Валянціна Плаўская і іншыя.

Брыгада Валерыя Калацкага.
Брыгада Сяргея Зайко.


– Прафесійнае свята – магчымасць падвесці вынікі зробленага за год, даць адзнаку і акрэсліць задачы на заўтра. Шчыра ўдзячны калектыву РЭС за адданасць справе, вытрымку, разуменне. Асаблівыя словы пашаны і павагі нашым ветэранам за вернасць прафесіі, закладзеныя працоўныя традыцыі, што важна для тых, хто працуе сёння і прыйдзе нам на змену. Няхай заўжды будуць важкія нагоды для гонару, высокія вынікі ў рабоце і, безумоўна, новыя перамогі і дасягненні, – віншуе калег са святам Віктар Станкевіч.
«ЛВ» далучаецца да віншаванняў і зычыць вартавым святла моцнага здароўя, вытрымкі і поспехаў ва ўсіх пачынаннях.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.