Мэта – дасягненне. Мір, згода і дабрабыт ствараюцца агульнымі намаганнямі, упэўнены ляхавічанін

Ставіць мэту і настойліва ісці да яе – прынцып жыцця першага сакратара БРСМ старшыні Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў Яўгенія Сінілы. Яго цяжка застаць у кабінеце, дзе размешчаны райкам БРСМ – на Чкалава, 8. Ён пастаянна ў руху і дзеянні. Сёння разам з актывістамі віншуе дзяцей з цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з Калядамі, заўтра едзе ў школу раёна прымаць рабят у рады БРСМ, пасля дзяжурыць у грамадскай прыёмнай, прымае ўдзел у дыялогавай пляцоўцы, сустракаецца з моладдзю.

– Сучасныя рабяты не пасіўныя гледачы і ўдзельнікі мерапрыемстваў. Ім цікава шукаць адказ падчас прыгодніцкага квэста, быць аўтарамі праектаў, выступаць з ініцыятывамі. Падхопліваюць ідэі і  выказваюць меркаванні. Разам стараемся выпрацаваць тую правільную мадэль узаемадзеяння, якая не пакіне раўнадушнымі, падштурхне да дзеяння, – падкрэслівае першы сакратар райкама БРСМ.
Пакуль ён не можа пахваліцца стажам работы на пасадзе
першага сакратара райкама БРСМ (на пасадзе з чэрвеня мінулага года), ды і гэта не галоўнае ў рабоце з моладдзю. Тут важна, каб цябе разумелі, чулі, і ты быў у тэме і на адной хвалі з іншымі.
Яўгеній з тых, для каго малая радзіма – дарагія сэрцу мясціны, дзе нарадзіўся і вырас, дзе твае сябры і родныя. Таму калі атрымаў дыплом Міжнароднага ўніверсітэта працоўных і сацыяльных адносін, вярнуўся ў Ляхавічы, дзе працаваў юрыстам і спецыялістам па рабоце з насельніцтвам у камунгасе, адказваў там за ідэалагічны бок. Дзякуючы, у тым ліку, актыўнасці і нераўнадушнасці Яўгенія Сінілы, тры разы прадпрыемства ў раёне прызнавалася лепшым у арганізацыі ідэалагічнай работы.
Калі выпадае свабодны час, не дзеля ўлову, а для задавальнення, любіць пасядзець з вудай. А яшчэ ў нашага земляка залатыя рукі. Умее і любіць працаваць з дрэвам, пенапластам і іншымі матэрыяламі. Разам з калегам з камунгаса Аляксандрам Капузам ён у прамым сэнсе ўпрыгожыў тэрыторыю адпачынку каля ракі Ведзьмы літарамі з прызнаннем у любві Ляхавічам. Іх аўтарству належыць і шыльда на ўваходзе ў парк па вуліцы Дзесюкевіча.
– Ініцыятыўны, актыўны і адказны, – такую характарыстыку Яўгенію Сінілу дае намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. – Цяперашняя эпідсітуацыя не дае пакуль магчымасці разгарнуць дзейнасць на поўную магутнасць, але работа працягваецца.
І актывісты БРСМ крочаць у нагу з падзеямі. Лічу, у Яўгенія ўсё яшчэ наперадзе, – падкрэсліла Святлана Іванаўна.
Маладзёжны лідар упэўнены, што мір, згода і дабрабыт ствараюцца агульнымі намаганнямі. Таму сёння, у Год народнага адзінства, так важна аб’яднацца, дасягнуць разумення. Ён упэўнены, што шосты Усебеларускі сход, куды вылучаны дэлегатам, дазволіць падрабязна разгледзець пытанні, узняць праблемы, якія хвалююць насельніцтва, і выбраць найбольш аптымальныя варыянты іх вырашэння. Як маладзёжнага лідара і старшыню
Маладзёжнага парламента пры райсавеце дэпутатаў яго цікавяць многія тэмы, сярод якіх і замацаванне маладых кадраў на першым працоўным месцы. Асабліва, калі яно адносіцца да вясковай тэрыторыі. У цэнтры ўвагі – і ўзмацненне прафарыентацыйнай работы. Вельмі важна, па меркаванні Яўгенія, каб выпускнік меў уяўленне пра прафесію мары не толькі тэарэтычна, але і з практычнага боку.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.