Сэрцам – выратавальнік, душою – мастак. Гэта пра камандзіра аддзялення Шчэрбаўскага ПАВП № 14 Ляхавіцкага РАНС

Выратавальнік са здольнасцямі мастака – гэта пра камандзіра аддзялення Шчэрбаўскага ПАВП № 14 Аляксандра Заплёціна. Здаецца, несумяшчальныя сферы, а Заплёцін іх майстарскі аб’яднаў. Але пра ўсё па парадку.

– Адданы справе прафесіянал. Граматны і валявы, смелы і рашучы. Надае вялікую ўвагу павышэнню прафесійнага майстэрства, з’яўляецца спецыялістам першага класа. Ведае раён выезду падраздзялення, характарыстыку і размяшчэнне найбольш важных і пажаранебяспечных аб’ектаў і многае іншае, – характарызуе Аляксандра начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
У органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Заплёцін больш за два дзесяцігоддзі, з якіх 15 гадоў займае пасаду камандзіра аддзялення. Нягледзячы на вялікі вопыт, кожны выезд на надзвычайную сітуацыю для яго не адпрацаваны алгарытм, а асобны выпадак, дзе і дзейнічаць трэба індывідуальна. У службовым «архіве» ўдзел у ліквідацыі больш як сотні разнастайных наступстваў катастроф і няшчасных выпадкаў. На яго рахунку і два выратаваныя жыцці…
На пытанне, якія якасці галоўныя для выратавальніка, адзначае: адказнасць. Тут няма права на роздум і неарганізаванасць дзеянняў – на кану жыццё людзей, захаванасць маёмасці і іншыя важныя абставіны і фактары.
– Кожны выезд асабіста для сябе аналізую і шукаю нейкія недапрацоўкі. Люблю сваю работу і стараюся рабіць яе так, каб не было сорамна, – падкрэслівае Аляксандр Заплёцін.
Пасля напружанай працы надыходзіць час для хобі ці работы для душы, як жартуе Аляксандр. Па дыпломе ён мастак-афарміцель. Яго творчыя аўтографы маюцца не толькі ў нашым райцэнтры, але і за яго межамі. Аўтарству Заплёціна належыць дызайн некаторых аб’ектаў камунгаса, спартыўнай залы ў Тухавічах, гульнёвых памяшканняў у СШ № 2 і г. д. Сваю творчасць Аляксандр прысвячае і супрацьпажарнай тэматыцы: зрабіў наглядны агітацыйны матэрыял для прафілактычнай работы ва ўстановах адукацыі, расфарбаваў сцяну ПАВП № 14, прыняў удзел у афармленні тэматычнага аўтобуснага «Бяспечнага прыпынку» ў Задвор’і і г. д. А яшчэ стаў аўтарам скульптурнай кампазіцыі ў Івацэвіцкім РАНС.
А спраектаваная і зробленая ім лаўка ад райаддзела па надзвычайных сітуацыях удзельнічала ў раённым конкурсе да Дня горада. Зараз эксклюзіў упрыгожвае сквер ля фантана ў Ляхавічах.
Аляксандр актыўна садзейнічае паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы свайго падраздзялення. Нераўнадушны выратавальнік з душой мастака за сваю працу мае шэраг узнагарод
рознай вартасці.
І ў грамадскім жыцці ён не старонні назіральнік. Аляксандра разам з жонкай Кацярынай і дзецьмі можна сустрэць на раённым суботніку, патрыятычным аўтапрабегу, разнастайных мерапрыемствах.
Партрэт камандзіра аддзялення Шчэрбаўскага ПАВП № 14 Аляксандра Заплёціна па выніках мінулага года занесены на раённую Галерэю Славы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.