Здаровыя акцэнты выхавання.Новы Кодэкс аб адукацыі – яшчэ адно пацвярджэнне, што сістэма адукацыі Беларусі дынамічна развіваецца

Новы Кодэкс аб адукацыі – яшчэ адно пацвярджэнне, што сістэма адукацыі Беларусі дынамічна развіваецца. Канешне, як педагога дашкольнай адукацыі, мяне, у першую чаргу, зацікавілі змяненні, якія тычацца менавіта нашай сферы. Так, установы дашкольнай адукацыі змогуць рэалізоўваць адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі, што дазволіць пашырыць пералік паслуг для развіцця здольнасцей выхаванцаў.
Адным з прыярытэтных накірункаў адукацыйна-выхаваўчай дзейнасці нашай дашкольнай установы з’яўляецца забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу, пад пільнай увагай – пытанні аховы здароўя і жыцця выхаванцаў. У гэтым накірунку цесна супрацоўнічаем з Ляхавіцкай ЦРБ, райЦГіЭ, сацыяльна-педагагічным цэнтрам, з бацькамі выхаванцаў. У нашым дзіцячым садку створаны выдатныя ўмовы, каб малышы раслі бадзёрымі, здаровымі, педагогі фарміруюць у дзяцей культуру здароўя. Яркія, прыгожыя, шматфункцыянальныя, забяспечаныя неабходным абсталяваннем і інвентаром – такія ў нас музычна-фізкультурная зала, спартыўная пляцоўка, цэнтры рухальнай актыўнасці.
Зыходзячы з поўнай інфармацыі пра здароўе кожнага выхаванца, праектуем фізкультурна-аздараўленчую работу ў кожнай групе. Асаблівая ўвага – на стварэнне псіхалагічнага камфорту, каб вакол дзетак была спакойная эмацыянальная абстаноўка, добразычлівыя адносіны, імкнёмся стварыць для кожнага выхаванца сітуацыю поспеху, даступнае, адпавядаючае ўзросту і інтарэсам гульнявое асяроддзе. Педагогі дзіцячага садка – творчыя, ініцыятыўныя, актыўныя, імкнуцца пастаянна да самаўдасканалення і заўжды ў пошуку новых формаў работы. У гэтым навучальным годзе мы ўпершыню адкрылі групу другога ранняга ўзросту для малышоў ад паўтара да двух гадоў. Нават нашы самыя маленькія выхаванцы актыўна робяць зарадку. І калі ў такой групе фізкультурныя заняткі праводзяцца адзін раз на тыдзень, то, напрыклад, у старэйшай – да трох разоў на тыдзень. З якім захапленнем, радасцю хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца фізкультурай на прагулках, масавых мерапрыемствах. На працягу дня дзеці ў гульнёвай форме выконваюць практыкаванні, накіраваныя на прафілактыку плоскаступнёвасці, фарміраванне правільнай асанкі.
Яшчэ адзін важны складнік здароўя дзіцяці – правільнае харчаванне. У нашым дзіцячым садку яно арганізавана ў адпаведнасці з двухтыднёвым меню. Шмат увагі надаецца фарміраванню культуры харчавання. Выкарыстоўваем гульнявыя і практычныя моманты, знаёмім рабят з правіламі сервіроўкі стала, сталовага этыкету, паводзін падчас прыёму ежы. Навыкі самаабслугоўвання прывіваем з выкарыстаннем цацак, пацешак – з дзецьмі ранняга ўзросту, са старэйшымі выхаванцамі – праз сюжэтна-ролевыя, дыдактычныя гульні. Папулярныя, а, галоўнае, выніковыя тэматычныя тыдні, калі тэма здаровага ладу жыцця праходзіць праз усе заняткі і віды дзіцячай дзейнасці: музычную, маляванне, лепку, канструяванне, чытанне мастацкай літаратуры, пазнавальную, працоўную і г. д. Напрыклад, на працягу года праводзяцца тыдні «Агародніна і садавіна», «Прадметы гігіены», «Я расту», «Мая бяспека», «Здаровае харчаванне», «Прафесія» і іншыя. Так што нашы 4-5-гадовыя выхаванцы могуць расказаць, як трэба клапаціцца пра здароўе.
Беларусь – краіна, дзе ў пашане і прыярытэце спорт, мы ганарымся дасягненнямі беларускіх спартсменаў на міжнародных арэнах. І ў нашай дашкольнай установе сваіх выхаванцаў праз розныя формы работы знаёмім са спартыўнымі аб’ектамі краіны, алімпійскім рухам. Зразумела, поспех немагчымы без цеснага ўзаемадзеяння з бацькамі нашых выхаванцаў, і такое ўзаемадзеянне ёсць, і яно даволі прадукцыйнае. Традыцыйныя бацькоўскія сходы. Распрацоўваем памяткі, праводзім кансультацыі, размяшчаем інфармацыю ў бацькоўскіх кутках. Бацькі актыўна прымаюць удзел у фізкультурных мерапрыемствах, фотавыставах «Фізкультура ў нашай сям’і», «Правільнае харчаванне нашай сям’і». Усё большую папулярнасць набіраюць сучасныя сродкі камунікацыі: шмат інфармацыі размяшчаем на сайце дашкольнай установы, педагогі расказваюць пра поспехі дзяцей у бацькоўскіх чатах.
Зараз рыхтуем матэрыялы бацькоўскага сходу «Гадуем дзяцей здаровымі» з выкарыстаннем інтэрнэт-сэрвісаў.
Такім чынам, агульнымі намаганнямі мы фарміруем у дашкалят асноўныя прадстаўленні, практычныя ўменні і навыкі па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя, прапагандуем здаровы лад жыцця.
Ірына ГУСАК, намеснік загадчыка ясляў-сада № 1.