Ляхавіччына: доктар, падарыце мне прыгожую ўсмешку

Да прыёму пацыентаў гатовы хірург-стаматолаг Ала Праневіч і медсястра Наталля Несцяровіч.

Тэрапія, хірургія, артапедыя, параданталогія — гэта накірункі і спецыялізацыі стаматалогіі. У стаматалагічнае аддзяленне раённай паліклінікі рана ці позна звяртаецца практычна кожны з нас.
Каб дапамога была прафесійнай і кваліфікаванай, дактары пастаянна павышаюць і ўдасканальваюць сваё прафесійнае майстэрства, удзельнічаюць у рэспубліканскіх і абласных стаматалагічных з’ездах, куды запрашаюцца айчынныя і замежныя спецыялісты, «круглых сталах» і абменьваюцца вопытам.

У аддзяленні выкарыстоўваюць сучасныя прагрэсіўныя метады лячэння. Асвоілі і выдатна валодаюць методыкай пламбіроўкі каналаў гутаперчавымі штыфтамі. Для далейшага пратэзавання нарошчванне каронкі зуба праводзіцца анкернымі і светлавымі штыфтамі. Пры лячэнні выкарыстоўваюць матэрыялы хімічнага і светлавога зацвярдзення. Дарэчы, у мінулым годзе аддзяленне папоўнілася новай устаноўкай дэнтэкс 4 (айчыннай вытворчасці), якая ад сваіх папярэднікаў адрозніваецца не толькі дызайнам, але і функцыянальнасцю.
Многія памятаюць, як складана было трапіць да стаматолага, яшчэ, здаецца, зусім нядаўна. А сёння запісацца на прыём можна па тэлефоне — на зручны для сябе час.

Галіну Варановіч і Лілію Ціхонка пацыенты ведаюць і паважаюць.

Звяртаюцца да зубных спецыялістаў часцей з-за нясцерпнага, надакучлівага зубнога болю. Пазбаўляцца ад яго нам дапамагаюць вопытныя зубныя ўрачы, «старажылы» аддзялення Лілія Ціхонка, Галіна Варановіч. Пра іх можна сказаць: незаменных няма, але ёсць непаўторныя. Непаўторныя і нястомныя, бо, нягледзячы на пенсійны ўзрост, працягваюць працаваць, перадаюць вопыт маладому пакаленню.
Умее не толькі зняць боль, але і падняць настрой зубны ўрач Алена Ракала, якая за 16 гадоў працы набыла аўтарытэт сярод калег і пацыентаў. Асабліва любяць «цёцю Лену» маленькія пацыенты.
Урач-стаматолаг Дзмітрый Васілевіч працуе ў кабінеце, дзе аказваюцца платныя паслугі. Тут выкарыстоўваюцца такія матэрыялы, дзякуючы якім не адрозніш пломбу ад сапраўднага зуба. Адно задавальненне — назіраць за работай Дзмітрыя Уладзіміравіча. Жадаючых трапіць да яго на прыём хапае.
Выдаленне зуба — крайняя мера, да якой прыбягаюць урачы, калі не існуе іншых шляхоў вырашэння праблемы. Хірург-стаматолаг Ала Праневіч так выдаліць хворы зуб, што болю не адчуеш. Ала Яўгеньеўна працуе ў Ляхавіцкім раёне з 1986 года. Узначальвала Падлескую ўрачэбную амбулаторыю, на працягу 8 гадоў была загадчыцай стаматалагічнага аддзялення. Намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Маляр гаворыць пра Алу Праневіч як пра высакакласнага і адказнага спецыяліста, уважлівага і ветлівага чалавека.

Зубны ўрач Алена Ракала

Незаменныя памочнікі дантыстаў — медсёстры-прафесіяналы Людміла Пабягайла, Наталля Несцяровіч, Вольга Юрлевіч, Тамара Навалочка.
У артапедычным кабінеце вопытныя стаматолагі-артапеды Барыс Жукаў і Аляксандр Шэйка займаюцца зубным пратэзаваннем. Патрэбна прыгожая ўсмешка — вам да Барыса Уладзіслававіча. Артадонт, ён 39 гадоў выпраўляе няправільныя прыкусы дзеткам.
Не толькі ведае ўсё пра сучасныя метады прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі, але і прымяняе на практыцы ўрач стаматолаг-артапед Аляксандр Шэйка.
Памочніца артапедаў — медсястра Валянціна Таўрагінская. Энергічная, абаяльная, не адзін дзясятак гадоў бездакорна выконвае свае прафесійныя абавязкі.
Байцамі нябачнага фронту можна назваць 10 супрацоўнікаў зубапратэзнай лабараторыі. Яе калектыў з ювелірнай дакладнасцю вырабляе зубныя каронкі, пратэзы. Тут працуюць майстры, кожны з якіх аддаў справе не менш за 20 гадоў.

Амаль 4 дзесяцігоддзі Барыс Жукаў паспяхова працуе ў стаматалагічным аддзяленні райбальніцы.

Аказваюць стаматалагічныя паслугі вяскоўцам на 9 сельскіх участках Ядвіга Макарэвіч, Таццяна Пастушак, Аляксей Зубрылаў, Галіна Варановіч.
Вялікае шчасце мець здаровыя і прыгожыя зубы. Ала Праневіч расказвае, што прафілактычнае наведванне стаматолага, рэгулярная чыстка зубоў дазваляюць пазбавіць не толькі ад лячэбнага ўмяшання, але і зберагчы сямейны бюджэт. Між іншым, у 2012 годзе ў раёне на абсталяванне, матэрыялы і медыкаменты для стаматалогіі было затрачана 567 мільёнаў рублёў бюджэтных грошай, за паўгода сёлета — ужо 318 мільёнаў. А адно наведванне зубнога доктара, за якое пацыент не плаціць нічога, для дзяржавы каштуе каля 30 тысяч рублёў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Зубныя тэхнікі Ніна Мелехавец, Галіна Гатоўчыц, Зоя Тагановіч, Васілій Кульчык, Марыя Пятроўская, Аксана Сцепаненка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *