Прышчапіцца! Пункт № 1 у спісе спраў. Вакцынавацца ляхавічане могуць не толькі ва ўстановах аховы здароўя, але і ў перасоўных прышчэпачных пунктах

Існуе нямала, у тым ліку навукова даказаных і пацверджаных часам, сродкаў супрацьстаяць розным вострым рэспіраторным інфекцыям. Але вось супраць навейшага віруса – COVID-19 – пакуль нічога дзейснага, акрамя вакцынацыі, не прыдумана. Таму сёння не стаіць пытанне, прышчапляцца або не. Хочаш жыць? Зрабі прышчэпку супраць каранавіруса – і гэта ўжо аксіёма. Як і ў цэлым па краіне, на Ляхавіччыне вакцынацыя набірае абароты. З кожным днём павялічваецца колькасць месцаў, дзе можна зрабіць прышчэпку.

У мінулую суботу давялося стаць сведкай размовы двух гараджан. На пытанне, ці прышчапіўся ад каранавіруса, суразмоўца даў станоўчы адказ і патлумачыў, што зрабіў гэта дзесяць мінут назад. Наступнае пытанне датычылася месца вакцынацыі. А тут і ўвогуле ўсё аказалася даволі цікава. Ляхавічанін разам з жонкай пайшоў на рынак, а там якраз працаваў перасоўны прышчэпачны пункт – аўтамабіль з брыгадай медыкаў з Ляхавіцкай райбальніцы. Далей са слоў мужчыны:
– Мы самі падышлі да машыны, пацікавіліся, што гэта. Дзяўчаты ў медыцынскай форме патлумачылі, што праводзяць усім жадаючым вакцынацыю супраць кавіда. Прапанавалі і нам з жонкай зрабіць. Мы даўно збіраліся прышчапляцца. Тым больш, жонка перахварэла кавідам яшчэ мінулым летам: ляжала ў бальніцы з пнеўманіяй. Я пакуль трымаюся, але хварэць гэтай заразай ніяк не хочацца. Хаця і дзеці даўно ўгаворвалі, на рабоце ўжо дастаткова людзей прышчапілася. Таму вырашылі вакцынавацца. Памералі тэмпературу і ціск, распыталі пра адчуванне, ці няма алергіі. Потым хуценька ўвялі ў плячо вакцыну і выдалі даведку, сказалі, наступны кампанент увядуць праз  21 дзень. Атрымалася, што пайшлі купіць капусты, а вярнуліся яшчэ і з прышчэпкай.
Потым мужчына параіў знаёмаму неадкладна скарыстацца такой магчымасцю.


На перадрыначнай плошчы здалёк відаць транспарт з медыцынскай сімволікай. Тут працуюць медыкі – памочнік урача Наталля Грынялевіч і медсястра Святлана Цуркан. Яны ўважліва і падрабязна кансультуюць маладую жанчыну, якая цікавіцца, якой вакцынай прышчап-ляюць. Адказ наступны:
расійскім «Спутнікам», а наконт бяспекі – вакцынацыя амаль не дае пабочак, а вось эфект – супрацьстаяць каварнай хваробе – вельмі высокі.
А тым часам падыходзіць чарговы жадаючы вакцынавацца – вясковая жыхарка, якая прыехала ў райцэнтр па справах і наткнулася на прапанову прышчапіцца суп-раць каранавіруснай інфекцыі. Жанчыну запрасілі ў салон аўта-мабіля, памералі ціск, тэмпературу, узровень кіслароду, жанчына дала пісьмовую згоду, і яшчэ літаральна хвіліна на ўвядзенне прэпарата, плюс рэкамендацыі, як сябе паводзіць пасля ін’екцыі, на якія сігналы арганізма звяртаць  увагу, – на ўсю працэдуру пайшло прыкладна дзесяць мінут. Зручна, хутка і акуратна.
– Стараемся растлумачыць кожнаму, наколькі важна абараніць сябе вакцынай ад каранавіруса. Прышчэпка дапаможа не толькі не захварэць, але галоўнае, што нават калі вірус усё ж трапіць у арганізм, то хвароба будзе працякаць без ускладненняў, – гаворыць Наталля Грынялевіч.
– Статыстыка паказвае: калі вакцынаваны чалавек і захварэе, то няцяжка, і самае важнае, што застанецца жыць. Асабіста я прышчапілася яшчэ напачатку лета. Заклікаю зрабіць прышчэпку ўсіх, хто не паспеў яшчэ вакцынавацца, – дапаўняе калегу Святлана Цуркан.
– Чаму выбралі менавіта рыначную плошчу. Усё проста: у суботу тут шмат людзей. Чаму б  не сумясціць паход за пакупкамі з вакцынацыяй. Тым больш, што сюды прыходзяць не толькі гараджане, але і вяскоўцы. Выязную практыку прадоўжым і далей, у бліжэйшую суботу зноў запрашаем усіх жадаючых на прышчэпку на рыначную плошчу. Па-ранейшаму вакцынавацца можна ў паліклініцы, урачэбных амбулаторыях, ФАПах, выязным пункце ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, брыгады медыкаў выязджаюць па заяўках не толькі на прадпрыемствы, ва ўстановы і арганізацыі, але і па дамах грамадзян. Так, землякі сталі праяўляць большую свядомасць, вакцынацыя пайшла актыўней, але да фарміравання калектыўнага імунітэту яшчэ прышчапляцца і прышчапляцца.
Як зазначыў міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч, вакцынацыя ад COVID-19 зніжае рызыку шпіта-лізацыі ў 22–29 разоў. Варта прыслухацца да гэтых лічбаў, як і да таго, што ў рэанімацыях амаль няма пацыентаў, якія прайшлі вакцынацыю супраць кавіда, – рэзюмуе галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.