Лучшие мастера озеленения и цветочной отделки районных и городских коммунальных служб Брестчины собрались на конкурс профессионального мастерства зеленого строительства «Цветочные мастера» Ляховичи-2013 «

Ляхавіцкія камунальнікі задаволены — іх работа сярод лепшых.

Упершыню такі конкурс быў праведзены 7 гадоў назад у Століне (горад рыхтаваўся да фестывалю-кірмашу «Дажынкі»).
І вось у мінулую пятніцу эстафету ад Камянца прынялі Ляхавічы. 20 каманд, кожная са сваім творчым праектам, стваралі кветкавыя кампазіцыі, каб упрыгожыць сёлетнюю сталіцу абласных «Дажынак».
Захапляцца і сапраўды ёсць чым. Назвы не менш гучныя і прыгожыя, чым самі кампазіцыі. Вось напрыклад, «Ляхавіцкі вальс» і «Скарбы Тадэвуша Рэйтана» — работа майстроў з Баранавіч, «Квітнеючая планета» — кабрынчан, «Палёт фантазіі» — Лунінецкай ЖКГ, «Прагулку перад балем» стварылі азеляняльнікі з Пружан, «Скрынку ўраджаю» — з Маларыты, «Дзюймовачку» — са Столінскай ЖКГ. Пералік далёка не поўны. Прыемна, што сярод гэтых клумбаў, альпійскіх горак не згубіліся і кветкавыя «карціны» работнікаў зялёнага будаўніцтва КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Іх кампазіцыя ў скверы каля плошчы Леніна напоўнена любоўю да роднага горада: у кветкавым аздабленні патанае макет Ляхавіцкай фартэцыі.

Кветкавая кампазіцыя Кобрынскай ЖКГ.

Увогуле, усе кампазіцыі, якія літаральна за некалькі гадзін упрыгожылі пераддажыначны горад (у прыватнасці, скверы каля плошчаў Перамогі і Леніна, тэрыторыі каля цэнтра банкаўскіх паслуг Беларусбанка, камбіната бытавога абслугоўвання, кінатэатра, будынка райпо), пакараюць арыгінальнасцю, фантазіяй, творчым падыходам, прафесіяналізмам і якасцю выканання. Менавіта на рост прафмайстэрства і творчы падыход звярнуў увагу намеснік старшыні Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Уладзімір Ануфрэюк.
Стараліся ўсе. І ўсё ж, конкурс ёсць конкурс. Пераможцамі сярод гарадскіх арганізацый ЖКГ сталі бярозаўскія і кобрынскія азеляняльнікі, на трэцім месцы — баранавіцкія майстры. Што датычыцца раёнаў, то тут журы, як і многіх гараджан, пакарылі задумкай і ўразілі яе ўвасабленнем работнікі Лунінецкай ЖКГ. Прыемна, што другое месца з калегамі з Камянеччыны раздзялілі і ляхавіцкія камунальнікі. Трэцяе месца ў Белаазёрскай і Пружанскай ЖКГ. Вызначаны пераможцы ў 9 іншых намінацыях. Як расказаў намеснік дырэктара КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Вячаслаў Кучэйка, ні адна каманда не вярталася дамоў без узнагарод і падарункаў. А яшчэ ім вельмі спадабалася гасціннасць ляхавічан і ўмовы арганізацыі спаборніцтваў.
Колькі часу мінула з дня, калі праходзіў конкурс, аднак, колькасць жадаючых палюбавацца на прыгажосць і пабываць на кветкавым балі не змяншаецца.
На жаль, знайшліся і «дзікуны», якія пашкодзілі кампазіцыю «Ляхавіцкі вальс»: ноты каля белага раяля павалілі… І камунальнікі збіраліся рабіць першы рамонт.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Клумба ад Бярозаўскай ЖКГ

У цэнтры горада — "Дзюймовачка". Пастараліся работнікі Столінскай ЖКГ.

Сярод прызёраў і кампазіцыя КВУП "Камунальнік" (г. Пружаны).

Імправізацыя на тэму "Залатога ключыка". Аўтар — Камянецкая ЖКГ.

Кветачка да кветачкі — сюрпрыз ад Івацэвіцкай ЖКГ.

Скарбы Тадэвуша Рэйтана" і "Ляхавіцкі вальс" — справа рук майстроў зялёнага будаўніцтва Баранавіцкай ГЖКГ.

Палёт фантазіі" — эксклюзіў ад лунінецкіх камунальнікаў.

Каля рыначнай плошчы пакінулі прыгожы напамін пра сябе работнікі Жабінкаўскай ЖКГ.

Добры густ у пінскіх камунальнікаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *