Приёмная кампания в Ляховичском государственном аграрном колледже завершена

Сёлетняя прыёмная кампанія ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы завершана. Падведзены яе вынікі, названы прозвішчы новых навучэнцаў, аб’яўлены прахадныя балы. Каледж у чаканні 2 верасня — менавіта ў гэты дзень стартуе новы 2013/2014 навучальны год.

Сакратар прыёмнай камісіі  ЛДАКа Сяргей Багдановіч растлумачыў, што сёлета планавалася набраць 6 новых груп агульнай колькасцю 175 чалавек. Па выніках уступнай кампаніі 151 абітурыент атрымаў статус навучэнца. Упершыню за многія гады не набралася група на заатэхнічнае аддзяленне на базе сярэдняй адукацыі. Таму тым, хто жадаў атрымліваць гэтую спецыяльнасць, прапанавалі выбраць іншыя аддзяленні.
А вось жадаючых вучыцца ў каледжы пасля заканчэння базавай школы поўны камплект — 75 чалавек. І менавіта тут, на заатэхнічным аддзяленні, будзе вучыцца адзіны «платнік» — юнак, які будзе атрымліваць сельскагаспадарчую спецыяльнасць за ўласныя сродкі.
Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі, вышэйшы бал атэстата (больш за 9) у некалькіх абітурыентаў, якія залічаны на аддзяленне ветэрынарнай медыцыны на базе 11-ці класаў і заатэхнічнае ад-дзяленне на базе 9-ці класаў.
Прахадныя балы, якія далі магчымасць учарашнім дзевяцікласнікам стаць навучэнцамі, наступныя: 3,94 на агранамічным аддзяленні, 4,17 — на аддзяленні ветэрынарнай медыцыны, 4,05 — на заатэхнічным. Пасля 11-ці класаў лічбы наступныя: для будучых аграномаў — 4,65, плодаагароднікаў — 4,47, ветэрынараў — 4,05. Сярод новага папаўнення — 41 выпускнік з Ляхавіцкага раёна.
Калі гаварыць пра геаграфію паступіўшых, то яна надзвычай шырокая, але і традыцыйная ў той жа час: рабяты, якія выбралі ЛДАК, прыехалі да нас з розных раёнаў Брэсцкай, Мінскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцей. У каледжы паведамілі, што ўсе іншагароднія навучэнцы-першакурснікі абавязкова будуць забяспечаны месцам у інтэрнаце. У першым семестры ўсім першакурснікам гарантавана стыпендыя, а далей — залежыць ад вучобы, дысцыпліны, удзелу ў грамадскім, студэнцкім, культурным і спартыўным жыцці.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *