Нізкі паклон ветэрану. У вёсцы Ганчары Ляхавіцкага раёна ветэран Вялікай Айчыннай вайны прымаў гасцей


У мінулы панядзелак ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пракапенка прымаў гасцей. Нагода? Для сустрэчы з такім цудоўным чалавекам як Уладзімір Васільевіч яна і не патрэбна, алё ўсё ж прычына збору была. З 25 красавіка па ўсёй краіне ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, да Дня Перамогі пачалі выплачваць аднаразовую матэрыяльную дапамогу. У Ляхавіцкім раёне яе атрымаюць 15 чалавек. Гэта не проста дзяржаўная падтрымка – удзячнасць нашчадкаў за мірнае жыццё і нізкі паклон за мужнасць.
У кватэры ветэрана ў гэты дзень было як ніколі шматлюдна. Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч пажадала Уладзіміру Васільевічу бадзёрасці і аптымізму, адзначыла, што вельмі ганарыцца, што на Ляхавіччыне, у Ганчарах жыве паважаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны, урокі якога добра памятаюць сотні вучняў і праз гады ўспамінаюць пра яго з павагай. Уладзімір Пракапенка шмат гадоў узначальваў Мядзведзіцкую СШ і ўдастоены адзнак «Выдатнік народнай адукацыі БССР» і «Выдатнік асветы СССР».
Частыя госці ў ветэрана – школьнікі. Вось і зараз рабяты з Малагарадзішчанскага ВПК уручылі Уладзіміру Васільевічу букет кветак, закідалі яго пытаннямі пра вайну, разглядвалі ўзнагароды і распытвалі пра гісторыю кожнай.
Далучыўся да агульных віншаванняў і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Мікалай Юрлевіч.
– Мірнае жыццё – вялікае шчасце, – падкрэсліў ветэран. І яго словы прагучалі як яшчэ адзін заклік берагчы мір і цаніць незалежнасць, свабоду, спакой.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.