15 сентября работники ГЛХУ «Ляховичский лесхоз» отметят профессиональный праздник

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў віншуюць з прафесійным святам — Днём работнікаў лесу — калектыў ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас».

Шыкоўным дываном раскінуўся на карце краіны зялены акіян-лес — прыроднае багацце і нацыянальны скарб. На яго варце тыя, хто ахоўвае, даглядае, лечыць і любіць яго ўсёй душой. Лясная работа — цяжкая і адказная, яна не заканчваецца ні зімой, ні летам.

«У лясгасе — калектыў прафесіяналаў», — сцвярджае дырэктар установы Міхаіл Свістун.

У Ляхавіцкім раёне 15 верасня сваё прафесійнае свята адзначаць 233 працаўнікі лясной гаспадаркі. Сярод іх няма выпадковых людзей. Яны ўпраўляюцца з тэрыторыяй больш як 53 тысячы гектараў, з якіх 45 тысяч гектараў пакрыта лесам.
ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» аб’ядноўвае 6 лясніцтваў, цэх дрэваапрацоўкі і паляўнічую гаспадарку. Дынамічна развіваецца, абнаўляецца, ідзе ў нагу з часам.
— Значная частка сродкаў, што зарабляе прадпрыемства, накіроўваецца на будаўніцтва і мадэрнізацыю вытворчасці, — расказвае дырэктар лясгаса Міхаіл Свістун. — Набыты 2 шматаперацыйныя камп’ютарызаваныя машыны для лесанарыхтоўкі — форвардар і харвестар. І цяпер драў-ніна нарыхтоўваецца па новых тэхналогіях, прадукцыйнасць павышаецца прыблізна ў 8 разоў, — адзначае Міхаіл Уладзіміравіч.
У Крывошынскім лясніцтве ідзе рэканструкцыя дрэваапрацоўчага цэха, узводзіцца адміністрацыйны будынак.
У Мядзведзіцкім хутка з’явяцца абноўлены пункт супрацьпажарнага інвентару, новыя гаражы.

24 гады аддаў пчалярскай справе Іван Наумчык.

Гонар лясгаса і прыклад для іншых — Востраўскае лясніцтва, якое амаль 2 дзесяцігоддзі паспяхова ўзначальвае Сяргей Амбражэй. Штомесяц яно нарыхтоўвае больш за 1000 кубоў драўніны, мае статус доследна-вытворчага, тут месца прапіскі 17-гектарнага гідралагічнага заказніка «Лагоня». Заказнік насяляюць рэдкія віды жывёл, ёсць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Іскрыста-жоўтым мёдам поўняцца соты ў вуллях на пчальніку. Догляд за гэтай ”лятучай” гаспадаркай — клопат братоў Васілія і Івана Наумчыкаў. Дарэчы, днямі Іван узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі, а Васілій — Ганаровай граматай райвыканкама.
Аматары правядзення вольнага часу на прыродзе па заслугах ацанілі камфартабельнасць доміка паляўнічага ў Мыслабажы. Тут ствараецца цэлы комплекс для адпачынку і палявання: лазня, пакой для гульні ў більярд, альтанкі з мангаламі, вальеры для сабак, месца для раздзелкі дзічыны. Наведваюць домік паляўнічага не толькі землякі, але і замежныя турысты. Агульны прыбытак за 8 месяцаў ад вядзення паляўнічай гаспадаркі пры заданні 45 мільёнаў рублёў удвая большы, у тым ліку паляўнічы комплекс ”зарабіў” 36,7 мільёна.

Майстры лесу Востраўскага лясніцтва Сяргей Волчак і Генадзій Аніскевіч

Стабільная работа прадпрыемства забяспечваецца надзейнымі кадрамі. Нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі «30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь» узнагароджваюцца людзі, захаванне і прымнажэнне ляснога багацця для якіх — не пустыя словы. У прафесійнае свята такі знак зазіхаціць на грудзях у памочніка ляснічага Васілія Сельмановіча.
Знака «20 гадоў бездакорнай службы…» удастоены майстар лесу Уладзімір Траяноўскі і ляснік Юльян Дзямід, «10 гадоў бездакорнай службы…» — памочнік ляснічага Аляксандр Буйкевіч, майстар лесу Генадзій Аніскевіч, леснікі Анатолій Зубік і Юрый Галінскі.
Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі ўзнагароджаны Сяргей Волчак, падзяка міністэрства адрасавана Пятру Пастарнакевічу. Вальшчыкі лесу Аляксандр Сельмановіч і Аляксандр Лешык, станочнік дрэваапрацоўчага цэха Васілій Каспяровіч удастоены граматы Брэсцкага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання.
Шмат таленавітых і адданых лясной справе людзей у гэты дзень атрымаюць узнагароды і пачуюць словы ўдзячнасці за сваю працу. Яны і іх калегі — сапраўдныя энтузіясты і прафесіяналы, аб’яднаныя адным захапленнем і справай жыцця — зялёным сябрам нашым — лесам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
і з архіва лясгаса.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *